Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала пашыраць забастоўкі


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты сказала, што страйкоўцы напужалі дыктатуру, таму на іх і ціснуць. Яна заклікала рабочых абʼяднацца і запэўніла іх у грамадзкай падтрымцы. Ціханоўская заявіла, што забастоўкі — легальная і магутная зброя супраць рэжыму.

У сваім звароце Ціханоўская сказала:

«Дарагія мае беларусы, работнікі «Беларуськалію», МТЗ, «Гродна Азота» і іншых прадпрыемстваў! Вы сымбаль новай свабоднай Беларусі.

Мы мірная працавітая нацыя. Мы сіла, якая можа зьмяніць і ўжо мяняе будучыню нашай краіны. Краіны, якую ён хоча ў нас скрасьці, як ён ужо скраў наш выбар, скалечыў нашых братоў і сясьцёр, мужоў, дзяцей. Каб спыніць гэтую сваволю, мы павінны абʼяднацца.

Прыйшоў час згуртавацца. Вы ўжо паказалі неімавернае адзінства і праявілі сталёвую вытрымку. За гэта вам вялікі дзякуй.

Вы запужалі дыктатуру, яна дрыжыць ад страху перад вамі, вашай сілай і мужнасьцю. Таму сёньня вы адчуваеце велізарны ціск. Таму зазнаяце пагрозы. Забастоўкі заціснулі дыктатуру ў кут, паранілі яе ў самае сэрца. Таму цяпер вас усімі спосабамі намагаюцца разьяднаць і пасварыць. Бо калі мы будзем усе разам, у гэтага рэжыму не застанецца ніводнага шанцу.

Забастоўкі — гэта абсалютна легальная і магутная зброя супраць рэжыму. Яны гэта ведаюць, і таму вас запалохваюць. Пакіньце страх дыктатуры. Памятайце, вы не адны. З вамі ўся Беларусь. У фонды падтрымкі ўжо ахвяраваныя мільёны, каб дапамагчы вам вытрымаць ціск і не зламацца пад пагрозамі.

Будучыня Беларусі, а значыць і будучыня нашых дзяцей залежыць цяпер ад вашага адзінства і вашай рашучасьці. Таму я прашу вас — працягвайце і пашырайце забастоўкі. Не паддавайцеся на запалохваньні. Абʼядноўвайцеся. Мы прымусім ўладу, якая зачынілася ў сваіх палацах, пачуць нашыя галасы, якія яна ў нас скрала.

Нашыя мэты простыя: спыніць гвалт, вызваліць палітычных зьняволеных і правесьці новыя празрыстыя, свабодныя і сумленныя выбары.

Разам мы сіла. Сіла, перад якой ня вытрымае ніякая дыктатура. І памятайце — толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцьця».

20 жніўня затрымалі старшыню страйкаму МАЗу Яўгена Бахвалава. 21 жніўня ў сьледчы камітэт выклікалі кіраўніка страйкаму МТЗ Сяргея Дылеўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG