Аляксандра Зьверава, сябра ініцыятыўнай групы пры штабе экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і дзяўчына сына Віктара Бабарыкі Эдуарда, расказала ўкраінскаму парталу Bird in Flight, чаму зьехала ва Ўкраіну, чым займаецца цяпер і што плянуе рабіць далей.
Аляксандра расказала, што паехала ва Ўкраіну ў ноч з 12 на 13 жніўня разам зь яшчэ пяцьцю беларусамі.
«Украіна для нас — прыклад таго, што справядлівыя выбары на постсавецкай прасторы магчымыя. Нас натхніў прыклад Украіны, калі ўлада апынулася ў руках народу. Акрамя таго, тут у мяне шмат знаёмых і сяброў, якія гатовыя дапамагчы», — патлумачыла Аляксандра, чаму вырашыла зьехаць менавіта ва Ўкраіну.
Паводле Аляксандры, за 2 месяцы перадвыбарнай кампаніі яна «прывыкла да адчуваньня, што яе могуць затрымаць», таму, калі ехала ноччу ў бок Украіны, не баялася. «Я думала пра тое, ці дойдзе перадача, якую я зьбіралася празь сяброў адправіць Эдзіку, як скаардынаваць працу штабу ў Кіеве, хто будзе перакладаць матэрыялы пра падзеі ў Беларусі на ангельскую мову», — кажа Аляксандра пра момант ад’езду.
Ва Ўкраіне Аляксандра разам зь сябрамі сфармавала штаб, які займаецца падтрымкай перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі. «Мой дзень праходзіць так: я прачынаюся, еду ў офіс (нам яго адвяла адна кампанія, не хачу яе называць) і цэлы дзень працую», — расказвае Аляксандра.
Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, Аляксандра Зьверава назвала «сапраўдным генацыдам».
«Наша задача — даваць гэтым падзеям агалоску. Я пакуль дрэнна разьбіраюся ў мясцовай сытуацыі, таму перад паходам да журналістаў раюся з украінскімі сябрамі, ці варта даваць інтэрвію тэлеканалу або выданьню», — кажа Аляксандра.
Жыве яна пакуль на зьберажэньні, але і бяз гэтага «не прапала б»: «Інстаграм завалены прапановамі дапамогі»: нехта прапануе бясплатна зрабіць нейкую працу, хтосьці гатовы дапамагчы грашыма.
Наконт будучыні Аляксандра кажа, што калі разглядаць «пэсымістычны сцэнар» — калі Лукашэнка застанецца кіраваць Беларусьсю — яна застанецца ва Ўкраіне і будзе «дапамагаць сваёй краіне на адлегласьці», або, магчыма, паедзе ў Італію, дзе жыла яе маці.
«Аптымістычны сцэнар — Лукашэнка пакідае пасаду, Ціханоўская становіцца прэзыдэнтам і праводзіць свабодныя выбары, беларусы жывуць у вольнай краіне і працуюць на карысьць яе сьветлай будучыні. Эдзік мяне пераконвае, што мы ўсё робім правільна і ўсё будзе добра. Магчыма, мы пераможам не адразу, але я веру, што неўзабаве вярнуся дадому, — кажа Аляксандра. — Цяпер я думаю над тым, каб вярнуцца. Але калі ў Беларусі пачнецца кровапраліцьце, я застануся ва Ўкраіне».
Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.