На думку міністра замежных справаў, сёньня краіна перажывае самы складаны этап у сваёй найноўшай гісторыі. «Гаворка папраўдзе ідзе аб захаваньні дзяржаўнасьці», — гаворыцца ў заяве Ўладзімера Макея.
«Перамены патрэбны, гэтага ніхто не адмаўляе, — падкрэсьліў ён. — Але не цаной грамадзкага супрацьстаяньня ці рэвалюцый. У гэтым выпадку ахвяр і нэгатыўных наступстваў будзе ў разы больш».
Міністар таксама паведаміў, што ў адрас чальцоў яго сям’і паступаюць пагрозы.
«Я яшчэ магу зразумець, калі раздаюцца пагрозы ў адрас дзяржаўнага службоўца, які займае канкрэтную пасаду. Але агідненькі, ананімны ціск на сямʼю, у тым ліку на малалетніх дзяцей, ніяк не ўкладаецца ў маёй галаве з паняцьцем „дэмакратыя“. За гэтыя сьлёзы майго 11-гадовага сына я гатовы перагрызьці горла», — гаворыцца ў звароце міністра да супрацоўнікаў сыстэмы дыпляматычнай службы краіны.