Акрамя калёны машын з афіцыйнымі сьцягамі, па Менску езьдзяць і групы раварыстаў з чырвона-зялёнымі сьцягамі
Настаўнікі бабруйскай школы патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і ўраду
У Бабруйску настаўнікі 27-й школы адмовіліся ад страйку, але пакінулі ў сіле патрабаваньні адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, ураду, Савету Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, а таксама прызнаньня несапраўднымі прэзыдэнцкіх выбараў ды вызваленьня палітзьняволеных.
У заяве аб страйку адзначалася, што настаўнікі «лічаць немагчымым працаваць ва ўмовах, калі парушаюцца правы і свабоды грамадзян, калі на дзяржаўным узроўні падтрымліваецца тэрор супраць мірнага насельніцтва».
Адна з настаўніц навучальнай установы пры ўмове ананімнасьці паведаміла, што намер арганізаваць «бестэрміновы страйк» быў знакам грамадзтву, каб яно не баялася, акрамя таго, пэдагогі дамагліся галоўнага: «іх пачулі, бо само слова „забастоўка“ прагучала».
Пра забастоўку 19 настаўнікаў школы паведаміў Tut.by 18 жніўня. Дырэктар навучальнай установы Натальля Вінакур цьвердзіць, што ў школе страйку няма, але частка калектыву заяву пра яго правядзеньне падпісала.
«АМАП не даваў нам вывозіць людзей з Акрэсьціна». Мэдык пра працу ў турме
Аповед мэдыка, які быў дапушчаны да зьбітых і закатаваных людзей у турме на Акрэсьціна. Ён аглядаў пацярпелых і вывозіў іх у розныя шпіталі.
Пасьля ўсяго пабачанага доктар баіцца за сваё жыцьцё, таму мы не паказваем яго твар і зьмянілі голас.
Вызваленага з Акрэсьціна зноў затрымалі і зьбіваюць
Праваабаронцы зь «Вясны» паведамляюць пра новае затрыманьне Аляксея Скіпера, якога раней затрымлівалі на акцыі пратэсту і які нядаўна выйшаў з Акрэсьціна. Мужчына зьвяртаўся ў «Вясну» для дакумэнтацыі катаваньняў, бо быў зьбіты.
Сёньня Аляксей Скіпер паехаў у «Лодэ», вярнуўся адтуль дамоў, дзе і быў затрыманы. Яго адвезьлі ў ізалятар ў Лагойску. Папярэдне яму ставяць у віну непадпарадкаваньне міліцыі і крадзеж. Скіпер пасьпеў паведаміць, што ў ізалятары яго зьбіваюць.
«Сілавікі не гатовыя спакойна размаўляць з народам». Экс-камандзір 38-й мабільнай брыгады пра неапраўданы гвалт
Былы камандзір 38-й гвардзейскай мабільнай брыгады, падпалкоўнік паветрана-дэсантных войскаў запасу Валер Сахашчык і інтэрвію «Брестской газете» расказаў пра стаўленьне да сытуацыі ў краіне і пра тое, чым маглі скончыцца канфлікты каля берасьцейскіх СІЗА і ІЧУ.
«На жаль, я бачу, што нашы сілавікі не гатовыя спакойна размаўляць з народам, — кажа былы вайсковец. — У іх дзьве скрайнасьці: альбо не рабіць нічога, альбо адразу біць. Вельмі хацелася б, каб людзі зразумелі: ёсьць яшчэ маса дыпляматычных варыянтаў, якія дадуць магчымасьць вырашыць канфлікт».
Валер Сахашчык падчас канфліктых сытуацый добраахвотна выступаў у якасьці перамоўніка і некалькі разоў гэта ратавала ад непажаданых наступстваў.
«Я затрымаўся на плошчы, калі прапаноўваў варыянты пракурору, як вызваліць затрыманых людзей. Але пакуль размаўляў, патэлефанавалі, што напружаная сытуацыя каля СІЗА: паехаў АМАП і зараз нешта будзе. Калі я прыйшоў, аказалася, што народ насамрэч заведзены. Давялося прыкласьці намаганьні, каб супакоіць людзей. Перадаў зьмест размовы з пракурорам, што ёсьць добрая воля ўладаў, што пытаньне будзе апэратыўна разглядацца, але гэта ня можа вырашыцца імгненна. Нібыта атрымалася народ супакоіць, астудзіць запал».
Лідэра гурту «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага затрымалі другі раз за пяць дзён
«Хутчэй за ўсё, гэта будзе YouTube». Супрацоўнікі БТ, якія страйкуюць, абмяркоўваюць стварэньне ўласнай прадукцыі
Як расказала Свабодзе спэцыяльная карэспандэнтка Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна, усе ўдзельнікі страйку «маюць вялікае жаданьне займацца працай».
«Мы надалей страйкуем і прыйшлі да высновы, што наш пратэст можа выяўляцца двума спосабамі — праводзіць свае акцыі і далучацца да іншых, найбуйнейшых, якія будуць праходзіць у горадзе, — гаворыць Ксенія. — А паколькі мы журналісты, то прыйшлі да высновы, што можам штосьці здымаць там. Мы абмяркоўваем магчымасьць стварэньня прадукту для нейкай плятформы. Мы не ідыёты, мы разумеем, што стварыць паўнавартасны канал магчымасьці няма».
Як расказвае Ксенія, страйкоўцы будуць радыя любой дапамозе. «Пакуль ёсьць толькі людзі, канкрэтных плянаў няма, мы іх толькі выпрацоўваем. Ёсьць ідэя, яе адпрацоўваем. Усе маем вялікае жаданьне займацца працай, здымаць. Зараз шмат хто ўжо здымае, мы думаем, дзе гэта публікаваць. Хутчэй за ўсё гэта будзе YouTube, але таксама трэба рэгістрацыя нейкая». Цалкам чытайце па спасылцы.
Па Менску езьдзяць машыны без нумароў. Пад дзяржаўнымі сьцягамі. ФАТАФАКТ
20 жніўня ў цэнтры Менску езьдзілі некалькі аўтамабіляў пад дзяржаўнымі сьцягамі. На машынах былі заклееныя нумары, што пярэчыць правілам дарожнага руху.
Прэс-сакратар Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі не адказвае на званкі, а ў сакратарыяце ДАІ карэспандэнту Свабоды адмовіліся адказваць на пытаньні, параіўшы чытаць правілы. Паводле дзейных правілаў дарожнага руху, у Беларусі ўсе транспартныя сродкі (акрамя трамваяў і тралейбусаў) павінны мець рэгістрацыйныя знакі ўстаноўленага ўзору.
У Віцебску акцыя ў падтрымку Лукашэнкі: людзі ў калёнах няўпэўнена скандуюць «Беларусь»
У Віцебску распачалася акцыя ў падтрымку Лукашэнкі. Дэлегацыі ад кожнага з трох раёнаў гораду – Першамайскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага – адпаведна пройдуць калёнамі ад плошчы Перамогі, плошчы Леніна і помніку Аляксандру Неўскаму на ўзьбярэжнай Дзьвіны да летняга амфітэатру.
Дэлегаты ад гарвыканкаму стартуюць ад помніка Машэраву, прадстаўнікі аблвыканкаму пойдуць са свайго працоўнага будынку. А 18-ай гадзіне ў летнім амфітэатры заплянаваны вялікі патрыятычны канцэрт.
Людзі ў калёнах няўпэўнена скандуюць «Беларусь». Машыны не сыгналяць дэманстрантам.
Загадчыца катэдры БДУ падтрымала студэнтаў на акцыях і заклікала калег зрабіць гэтаксама
«Калі ў краіне не адбудуцца кардынальныя зьмены, то ўжо налета ў нас ня будзе моцных абітурыентаў», — напісала ў сваім Facebook загадчыца катэдры тэхналёгіяў камунікацыі і сувязяў з грамадзкасцю факультэту журналістыкі БДУ Ірына Сідорская.
Яна выступіла ў падтрымку студэнтаў, якія выходзяць на акцыі і заклікала калег падтрымаць яе:
- Я хачу рабіць і далей тое, чым займаюся ўжо больш за 20 гадоў і што люблю і ўмею рабіць лепш за ўсё — вучыць маіх студэнтаў і праводзіць дасьледаваньні. Бо калі ў краіне не адбудуцца кардынальныя зьмены, то ўжо налета ў нас ня будзе тых абітурыентаў, да якіх мы прывыклі, — моцных, матываваных, якія маюць уласную пазыцыю, бо ў цяперашніх умовах маладыя людзі — першыя кандыдаты на эміграцыю і перш за ўсё праз навучаньне за мяжой. Я хачу сваёй прафэсійнай будучыні!
- Я хачу акадэмічных свабодаў, якіх з кожным годам заставалася ўсё менш і менш, а ўсё больш і больш — «дзяржаўнай ідэалёгіі», якая зьведзена да ляяльнасьці дзейнай уладзе.
- Калі мне прыйдзе час выходзіць на пэнсію, я хачу, каб у маёй краіне засталося пакаленьне, якое гэтую пэнсію мне будзе зарабляць, як сёньня мы зарабляем пэнсію для сваіх бацькоў.
- Хачу, каб мой уласны дарослы сын не чакаў, «калі адкрыюцца межы», а мая 16-гадовая дачка хоць бы тэарэтычна разглядала магчымасьць вучыцца дома.
- Нават калі я не ва ўсім згодная з студэнтамі, гэта мае студэнты, я люблю іх і ганаруся імі! Калегі-выкладчыкі, заклікаю вас падтрымаць!
Фэдэрацыя футболу аднаўляе матчы чэмпіянату Беларусі, але пры пустых трыбунах, праз «сытуацыю, якая склалася»
Пасьля працяглай паўзы адновяцца матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі. Як паведамляе Беларуская фэдэрацыя футболу, гульні пройдуць без гледачоў. Прычыны не называюць, функцыянэры спасылаюцца толькі на «сытуацыю, якая склалася».
Забарону наведваць футбольныя матчы ня ўводзілі нават у разгар пандэміі каранавірусу. Таму, як лічаць самі заўзятары, прычына ў боязі праяваў «палітычнай актыўнасьці». Раней, 6 жніўня, падчас матчу паміж салігорскім «Шахтаром» і берасьцейскім «Дынама» над стадыёнам «Будаўнік» разносіўся вокліч «Жыве Беларусь!». Так заўзятары адрэагавалі на адмену мітынгу ў горадзе кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Цалкам чытайце па спасылцы.
Юрыста Каардынацыйнай рады выклікалі ў Сьледчы камітэт
Юрыст Максім Знак, які ўваходзіць у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады ў Беларусі, выкліканы заўтра 21 жніўня ў 10.00 у Сьледчы Камітэт для дачы тлумачэньняў па заведзенай крымінальнай справе, паведаміла Каардынацыйная рада ў Тэлеграме.
«На асабістым кантролі кіраўніка дзяржавы». Міністэрства абароны пачынае вучэньні на горадзенскім кірунку
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін аб’явіў пра пачатак маштабных тактычных вучэньняў на горадзенскім кірунку. Ён удакладніў, што вучэньне будзе праходзіць на тэму «вядзеньне абароны і спэцыяльных дзеяньняў».
«Бачым, што ідзе ўмяшаньне ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы. Мы атрымліваем інфармацыю з розных крыніц, якая ня можа не турбаваць. Таму прагназуем разьвіцьцё розных варыянтаў. Мною прынятае рашэньне на правядзеньне комплекснага тактычнага вучэньня з войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня на горадзенскім тактычным кірунку. Кіраўніком дзяржавы яно зацьверджана», — пракамэнтаваў міністар. Падрабязнасьці па спасылцы.
«Прыносіла прабачэньні людзям»: дэпутатка Марыя Васілевіч наведала зьбітых падчас акцыяў пратэсту
Дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч («Міс Беларусь 2018») і Ірына Луканская (у мінулым галоўны доктар дзіцячай паліклінікі ў Горадні) 20 жніўня наведалі ў шпіталі хуткай дапамогі людзей, якія пацярпелі падчас вулічных акцый пратэсту, паведамляе «Наша Ніва».
«Цяжка ўсьвядоміць, што ў нашай краіне людзі атрымліваюць такія калецтвы на вуліцы ў мірны час. Але мы павінны гэта прызнаць і павінны зрабіць усё, каб гэтага больш ніколі не паўтарылася. Тое, што я ўбачыла, безумоўна, моцна ўражвае.
Я як прадстаўнік дзяржаўнай улады — хоць, можа, і ня маю на тое паўнамоцтваў — прыносіла прабачэньні людзям за атрыманыя імі траўмы. Ня ведаю, маю я на тое права ці не, але па-чалавечы мне вельмі-вельмі шкада», — сказала Марыя Васілевіч. Цалкам чытайце па спасылцы.
Віленскі ўнівэрсытэт стварыў стыпэндыю для беларусаў
Віленскі ўнівэрсытэт стварыў стыпэндыю для беларускіх грамадзян, «каб выказаць салідарнасьць з народам Беларусі і падтрымаць яго імкненьні да дэмакратыі». «Стыпэндыя Вялікага Княства Літоўскага» цалкам пакрывае кошт навучаньня, а ў дадатак усе ўхваленыя кандыдаты атрымаюць штомесячна 200 эўра цягам 10 месяцаў.
Адначасна Віленскі ўнівэрсытэт дасьць магчымасьць перавесьціся туды на вучобу беларускім студэнтам, якіх перасьледуюць за грамадзкую ці палітычную дзейнасьць. Падаць заяўку можна тут да 14 верасьня 2020 году.
Вераніка Цапкала: Ціханоўская — абраны прэзыдэнт, загады Лукашэнкі сілавікам — фашысцкія
Чалец аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай і жонка ўдзельніка прэзыдэнцкай кампаніі Валера Цапкалы Вераніка Цапкала ў інтэрвію «Белсату» расказала, каго лічыць новым прэзыдэнтам Беларусі, і што думае пра абвінавачваньні ў прарасейскасьці.
Адказваючы на пытаньне пра адсутнасьць лідэраў у беларускага пратэсту, Вераніка Цапкала сказала, што «ня трэба шукаць іншага лідэра, чым Сьвятлана Ціханоўская. «У нас лідэр цяпер Сьвятлана ЦІханоўская, яна абраны прэзыдэнт, але яна вымушаная была пакінуць Беларусь», — сказала Цапкала. Паводле яе, беларусы прызвычаіліся да самаарганізацыі, да змаганьня за свае правы, бо «ў нас няма кіраўніка цягам многіх год».
Паводле слоў суразмоўцы, яна працягвае супрацоўнічаць зь Ціханоўскай, узгадняючы свае пазыцыі. Цалкам чытайце па спасылцы.
Камісія налічыла Ціханоўскай 244 галасы, а выбарцы даслалі 1850 фота бюлетэняў
На сайце сыстэмы «Голас» апублікаваныя вынікі падліку галасоў па розных выбарчых участках. Шмат на якіх зь іх назіральнікам так і не паказалі выніковыя пратаколы — фармальна ўчастковыя і раённыя камісіі спынілі сваю працу. Аднак на тых участках, дзе пратаколы ўсё ж зьявіліся, цікава параўнаць іх вынікі з колькасьцю бюлетэняў, дасланых у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай. «Наша Ніва» зьвярнула ўвагу на некалькі менскіх школаў, дзе розьніца ў выніках галасаваньня анамальная.
Школа № 61 (участак № 42 Першамайскага раёна)
У школе № 61 на вуліцы Кірылы Тураўскага, да якой аднесеныя новыя дамы «Маяка Менска», колькасць выбарнікаў вымяраецца тысячамі.
Камісія на чале з пэдагогам-псыхолягам Аксанай Пятровіч зафіксавала наступныя вынікі:
- Лукашэнка — 745 (67,8%)
- Ціханоўская — 244 (22,2%).
- Агулам удзельнікаў галасаваньня — 1099 чалавек.
Аднак стваральнікі «Голаса» паведамляюць, што маюць з гэтага ўчастка 1850 здымкаў бюлетэняў ад людзей, якія прагаласавалі за Ціханоўскую. Розьніца з афіцыйнымі вынікамі — 1606 галасоў. Далей чытайце па спасылцы.
З дзяржаўнай газэты «Звязда» усьлед за рэдактарам звольніліся некалькі журналістаў
Супрацоўніца газэты «Звязда» Ірэна Кацяловіч паведаміла Свабодзе пра сваё звальненьне з выданьня, а таксама звальненьне яшчэ некалькіх калег. Заявы былі напісаныя на гэтым тыдні.
«Прычына ў тым, што палітычны крызіс абвастрыў несупадзеньне нашага бачаньня журанлістыкі і дзяржаўнага, і мы паспрабававалі на гэтым тыдні памяняць курс газэты, але ў нас гэта не атрымалася. Нашыя патрабаваньні не знайшлі адэкватнага адказу. Але мы прынамсі паспрабавалі» ,— сказала Кацяловіч.
Некалькі дзён таму зьвяздоўцы агучылі патрабаваньні да ўладаў, папярэдзіўшы, што ў выпадку ігнараваньня 20 жніўня распачнуць страйк. Замест перамоваў 20 жніўня супрацоўнікам прадставілі новага кіраўніка Аляксандра Карлюкевіча. Цалкам чытайце па спасылцы.
Міліцыянты спынілі сьпевы ля філярмоніі ў Менску
Супрацоўнікі міліцыі сарвалі «Сьпеўны сход» каля філярмоніі ў Менску, на які сабраліся каля дзьвюх соцень чалавек. Артысты, якія стаялі на прыступках філярмоніі, прасьпявалі «Пагоню» пад акампанэмэнт музыкаў, потым разам з прысутнымі некалькі разоў выгукнулі «Жыве Беларусь!».
Людзі ўздымалі знак вікторыі, некаторыя трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Аднак гімн «Магутны Божа» дасьпяваць да канца не дазволілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і ў форме, якія ў мэгафон пачалі папярэджваць, каб людзі разыходзіліся і іх дзеяньні незаконныя. Людзі ў адказ пачалі скандаваць: «Сыходзь!».
Артысты, сьпяваючы, сышлі з прыступак за будынак філярмоніі, прысутныя адышлі ў бок праспэкту. Яны сказалі міліцыянтам, што заўтра зноў прыйдуць сюды сьпяваць. Цалкам чытайце па спасылцы.