Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12-ы дзень пратэстаў. Пагрозы Латушку. Крымінальная справа супраць Каардынацыйнай рады

Што адбываецца ў Беларусі 20 жніўня.

18:41 20.8.2020

Яшчэ чацьвёра афіцэраў падалі рапарты аб звальненьні

Беларускія сілавікі працягваюць звальняцца са службы і паведамляюць пра гэта ў сацыяльных сетках.

З шэрагаў унутраных войскаў звольніўся старшы лётчык верталётнага атраду Аляксандар Ісачэнка. «Лічу недапушчальным удзел у дзеяньнях па дасягненьні ўлады гвалтоўнымі мэтадамі з выкарыстаньнем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», — напісаў ён у рапарце аб звальненьні, які выклаў у Інстаграм разам з фатаздымкам службовага пасьведчаньня.

Падалі рапарты і старшы лейтэнант юстыцыі Мікіта Старажэнка (ён быў супрацоўнікам Сьледчага камітэту), Аляксандар Ахрэмчык, які праслужыў у міліцыі 14 год і звольніўся ў званьні падпалкоўніка, і Аляксей Грыгор’еў (падаў рапарт пасьля 11 год службы ва Ўзброеных Сілах). Падрабязьней чытайце тут.

18:43 20.8.2020

Ціханоўская зьвярнулася ў МЗС Эстоніі з просьбай падняць перад Радай бясьпекі ААН пытаньне пра пагрозы на адрас членаў Каардынацыйнай рады

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што 20 жніўня падчас размовы зь міністрам замежных спраў Эстоніі Урмасам Рэйнсалу зьвярнулася да таго з просьбай падняць перад Радай бясьпекі ААН пытаньне пра пагрозы на адрас членаў Каардынацыйнай рады.

«Міжнародная супольнасьць абавязана паважаць правы беларускага народу і абараняць тых, хто мае патрэбу ў абароне, ад магчымых пагроз і незаконнага перасьледу», — цытуе Ціханоўскую яе Тэлеграм-канал «Пул первой».

Дзейнасьць Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады стала падставай для пачатку крымінальнай справы паводле артыкулу «аб захопе ўлады», заявіў 20 жніўня журналістам генэральны пракурор Аляксандар Канюк.

18:58 20.8.2020

У Жлобіне выступ Калесьнікавай спрабаваў сарваць вайсковы камісар Гомельскай вобласьці

Каля 1000 чалавек прысутнічае на сустрэчы ў Жлобіне з чальцом Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады Марыяй Калесьнікавай.

Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Яна заявіла, што прыехала падтрымаць рабочых Беларускага мэталюргічнага заводу, дзе ўжо часткова перапынялі вытворчасьць на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. «Я вамі ганаруся. Яны спрабуюць нас запалохваць, але нас шмат, вы – неверагодныя», – сказала Калесьнікава.

Калесьнікавай перашкаджае выступаць гомельскі ваенком, які знаходзіцца тут жа на плошчы каля ДК Мэталюргаў. Ваенком распавядае, што заводы павінны працаваць, інакш ня будзе грошай у бюджэце.

«Давайце паслухаем мяне! Толькі што сказалі, што народ Беларусі запалохваць, падыміце рукі, каму пагражалі звальненьнем», – кажа ён. Людзі Крычаць у адказ «Верым! Можам! Пераможам!» і «Сыходзь!»

19:04 20.8.2020

На Паўла Севярынца, якога заўтра чакалі на волі пасьля 75 сутак арышту, завялі крымінальную справу

Жонцы Паўла Севярынца Вользе сёньня патэлефанавалі са Сьледчага камітэту і паведамілі, што на яго «заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу № 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Ён затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна». Адвакат патлумачыў Вользе, што яе мужа падазраюць па артыкуле 293 КК аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, як у многіх іншых палітвязьняў.

Вольга заўтра зьбіралася сустракаць Паўла пасьля 75 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Самае брыдкае, што на яго заводзяць крымінальную справу пасьля вялікага тэрміну арышту, у апошнюю хвіліну, калі ён ужо рыхтаваўся выйсьці на волю, ён там нямыты, няголены і вось яго не выпускаюць нават на суткі, каб ён сям’ю пабачыў, так яго баяцца, што ён тут рэвалюцыю арганізуе», — сказала Свабодзе Вольга Севярынец.

19:12 20.8.2020

На плошчы Незалежнасьці ў Менску зноў сабраліся людзі

Каля 19-ай гадзіны на плошчы Незалежнасьцi ў Менску сабралася пару соцен чалавек. Людзі стаяць каля помнiку Ленiна. Пакуль усё цiха. Народ працягвае падыходзіць на плошчу.

У 19.25 на праспэкце Незалежнасьцi сабралася ўжо каля тысячы чалавек. Людзi скандуюць «МТЗ», «Перамен!», «Кожны дзень». Некаторыя сьпяваюць Купалiнку.

19:13 20.8.2020

«Не магу рабіць выгляд, што нічога не адбываецца», — віцэ-прэзыдэнтка FIDE Анастасія Сарокіна

Кіраўніца Беларускай фэдэрацыі шахматаў, віцэ-прэзыдэнтка FIDE Анастасія Сарокіна ў інтэрвію The Telegraph выказала думку пра падзеі ў Беларусі.

«Я не магу больш рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Я доўгі час падтрымлівала гэтую ўладу, бо бачыла: многае зроблена для разьвіцьця спорту. Але той факт, што выбар людзей ня быў прызнаны, стаў для мяне пунктам невяртаньня», — сказала Анастасія Сарокіна.

Раней яна падпісала ліст, у якім больш за 250 вядомых спартоўцаў і супрацоўнікаў галіны выступілі з патрабаваньнямі паўторных выбараў прэзыдэнта Беларусі і спыніць гвалт сілавікоў над жыхарамі краіны.

19:18 20.8.2020

Горадня: на несанкцыянаваны мітынг сабралася каля тысячы чалавек

У Горадні пачаўся несанкцыянаваны ўладамі мітынг на плошчы Леніна. Сабралася каля тысячы чалавек. На плошчу заехаў міліцэйскі аўтамабіль, праз узмацняльнік міліцыянты з машыны паведамілі, што мітынг не дазволены.

У пратэстоўцаў няма апаратуры. Людзі выступаюць адвольна без мікрафона. Скандуюць лёзунгі.

19:19 20.8.2020

«Злачынны загад, не злачынны… Мы — людзі ваенныя», — «НН» працытавала закрыты выступ міністра абароны перад афіцэрамі

Выданьне піша, што атрымала запіс сустрэчы міністра абароны Віктара Хрэніна з кіраўнікамі структурных падразьдзяленьняў Мінабароны, Генштабу і Ўзброеных сіл, якая адбылася 19 жніўня ў Цэнтральным доме афіцэраў у Менску.

«Тыя паліттэхнолягі, што пішуць тэксты Ціханоўскай, ставяць пытаньне: армія, вы з народам ці будзеце вы страляць супраць народу? Нас заклікаюць, у тым ліку і Ціханоўская, якая кажа: не выконвайце злачынных загадаў. Гэтая жанчына нас заклікае да здрады, парушэньня закону — не выконваць загады. Злачынны ён, не злачынны… — мы людзі ваенныя. Дзяржаўная сыстэма не разваленая, працуе, прэзыдэнт выбраны».

Натальля Гаўрусік, прадстаўніца прэсавай службы Міністэрства абароны, на запыт Радыё Свабода паведаміла, што ёй не вядома пра такі выступ міністра. Паводле яе, інфармацыю на гэты конт можна будзе атрымаць 21 жніўня.

19:31 20.8.2020

БелТА: Макей падзякаваў ЗША за падтрымку незалежнасьці Беларусі

З ініцыятывы амэрыканскага боку адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея з намесьнікам дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаньнях Дэвідам Гэйлам, паведамляе БелТА са спасылкай на прэсавую службу МЗС.

«Суразмоўцы абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, якая склалася пасьля выбараў, а таксама абмяняліся думкамі адносна пэрспэктыў далейшага двухбаковага ўзаемадзеяньня», — сказалі ў міністэрстве.

Паводле прэсавай службы МЗС, Уладзімер Макей падзякаваў амэрыканскаму боку за нязьменную падтрымку сувэрэнітэту і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

19:56 20.8.2020

У Жабінцы зладзілі вечар памяці берасьцейца, які загінуў падчас пратэстаў

У Жабінцы зладзілі вечар памяці берасьцейца Генадзя Шутава, які загінуў падчас пратэстаў. Ён памёр 19 жніўня ў менскім вайсковым шпіталі ад агнястрэльнага раненьня ў галаву — у яго ва ўпор са сьпіны стралялі сілавікі.

На вечары памяці Генадзя Шутава
На вечары памяці Генадзя Шутава

«Сабралася шмат людзей, прыехалі байкеры, тут фатаздымкі, кветкі», — кажа адна з удзельніц вечара.

Дачка сказала Свабодзе, што цела бацькі сваякам дагэтуль не аддалі, таму дзень пахаваньня пакуль невядомы. У Сьледчым камітэце ёй сказалі, што да панядзелка дакладна не аддадуць, маўляў, яшчэ будуць нейкія экспэртызы. «Я не разумею, чаму яго там трымаюць, бо апэрацыі былі зробленыя і было бачна і зразумела, што і як зь ім адбывалася», — кажа Наста. Цалкам чытайце па спасылцы.

20:04 20.8.2020

У Бараўлянах рыхтуюць зварот за адкліканьне мясцовага дэпутата. А міліцыянту крычалі «Mаладзец!»

Паўтысячы чалавек сабраліся на сход у Бараўлянах перад будынкам сельсавету. У Бараўлянах на 22 выбарчых участках афіцыйна перамагла Ціханоўская. Сёньня жыхары заклікалі ўлады сельсавету прыйсьці на сустрэчу і выступілі з патрабаваньнямі спыненьня міліцэйскага гвалту, правядзеньня новых сумленных выбараў, адстаўкі прэзыдэнта і забесьпячэньня працы органаў мясцовага самакіраваньня.

Намесьнік старшыні сельсавету Сяргей Кандрашын заявіў, што выбары адбыліся, што затрыманьняў на тэрыторыі сельсавету не было, але зазначыў, што патрэбнае расьсьледаваньне фактаў гвалту. Далей ён стаў казаць пра мясцовыя праблемы, людзі з гэтым не пагадзіліся, і ён сышоў пад словы «Ганьба».

Выступіў начальнік Бараўлянскага РАУС Валер Салаўёў. Яго людзі віталі воклічам «Маладзец!».

Ён сказаў, што на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету не было інцыдэнтаў і затрыманьняў. Адзін з прысутных, які быў назіральнікам на ўчастку № 6, заўважыў, што калі назіральнікі зафіксавалі на ўчастку ўкід 390 бюлетэняў, то выклікалі міліцыю, але міліцыя не прыехала. Цалкам чытайце па спасылцы.

20:12 20.8.2020

На плошчы Незалежнасьці ў Менску працуе «вольны мікрафон»

Каля 20-й гадзіны на плошчы Незалежнасьцi ў Менску сабралася ўжо каля дзьвюх тысяч чалавек. Каля помнiка Ленiну працуе «вольны мiкрафон»: можа выказацца кожны ахвотны.

Каля 21-й гадзіны, калі пачало цямнець, людзі запалілі ліхтарыкі на тэлефонах.

20:40 20.8.2020

Затрымалі старшыню страйкаму МАЗу Яўгена Бахвалава.

Ён затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, абставіны пакуль высьвятляюцца. Пра гэта будзе паведамлена пазьней, — заявіла Tut.by афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч.

21:05 20.8.2020

Лідэра берасьцейскага рок-гурту «Дай Дарогу!» зьмясьцілі ў ізалятар

Затрыманага сёньня ў Берасьці лідэра рок-гурту «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця, паведаміў БелаПАН праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.

За апошнія дні гэта другое затрыманьне Стыльскага: першы раз быў 15 жніўня, калі Стыльскі ўдзельнічаў у акцыі прыхільнікаў перамен у Берасьці. Пасьля першага выхаду з ізалятара Стыльскі сказаў людзям, якія яго сустракалі, што яму далі 12 сутак адміністрацыйнага арышту.

«16 жніўня Стыльскага выпусьцілі на свабоду, таму што яго затрыманьне выклікала вялікі грамадзкі рэзананс. Сёньня ўлада пачала зноў закручваць гайкі, і Стыльскага, хутчэй за ўсё, затрымалі адбываць суткі», — сказаў праваабаронца.

21:10 20.8.2020

Праваабаронцы стварылі Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі

Беларускія і замежныя праваабарончыя арганізацыі стварылі Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі, учыненых супраць удзельнікаў мірных акцый, паведамляе «Прававая ініцыятыва».

«Мы хочам сабраць як мага больш фактаў і доказаў, каб вінаватыя былі прыцягнуты да адказнасьці», — заяўляюць праваабаронцы.

Задачы камітэту:

  • шукаць сьведак і сьведчаньні катаваньняў;
  • ідэнтыфікаваць падазраваных у катаваньнях і нялюдзкім абыходжаньні;
  • разам з адвакатамі рыхтаваць судовыя пазовы і юрыдычнае суправаджэньне для пацярпелых;
  • рыхтаваць паведамленьні і скаргі ў міжнародныя органы;
  • фармаваць справаздачы для беларускай грамадзкасьці і міжнародных арганізацый.

Пацярпелыя таксама могуць паведаміць пра выпадкі катаваньняў праз гугл-форму.

21:17 20.8.2020

«Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра». Стваральнік плятформы «Голас» упершыню назваў сваё імя

Дырэктар дэпартамэнту найбуйнейшай у Беларусі ІТ-кампаніі EPAM Павал Лібер расказаў у Фэйсбуку, што ўдзельнічаў у стварэньні плятформы для альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах-2020 «Голас», якая канстатавала вялікую колькасьць фальсыфікацый падчас галасаваньня. Раней стваральнікі праекту захоўвалі ананімнасьць.

На падставе сабраных плятформай дадзеных Павал Лібер сьцьвярджае, што выбары прэзыдэнта Беларусі былі «цалкам сфальсыфікаваныя».

Вось тры яго галоўныя высновы:

  1. «Выбары трэба прызнаць несапраўднымі, бо фальсыфікацыі выявілі на кожным трэцім участку. У Беларусі павінны прайсьці новыя — сумленныя і празрыстыя — выбары прэзыдэнта».
  2. «Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра. Ён нават не знайшоў час пералічыць свае ж (хай і сфальсыфікаваныя) выніковыя пратаколы з выбарчых участкаў».
  3. «Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам. І вельмі б хацелася, каб ён азнаёміўся з гэтай справаздачай да яго ўжо знакамітай фразы «Як можна сфальсыфікаваць 80%?».

Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

21:29 20.8.2020

Кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту: на мяжы магчымыя правакацыі

Кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо зьвярнуўся да падначаленых.

У афіцыйнай заяве, апублікаванай на сайце ведамства, адзначаецца, што асноўная задача памежнікаў цяпер — узмацніць ахову дзяржаўнай мяжы краіны. Паводле Лапо, памежнікі «не павінны дапусьціць правоз зброі, выбухоўкі, наркотыкаў, прапусьціць на нашу тэрыторыю злачынныя элемэнты, любога, хто можа нанесьці шкоду і паставіць пад небясьпеку жыцьці нашых грамадзян».

Кіраўнік ДПК заклікаў памежнікаў «быць асабліва пільнымі», бо «менавіта ў гэты пэрыяд могуць актывізавацца супрацьпраўныя групоўкі, магчымыя рознага кшталту правакацыі, у тым ліку і ў дачыненьні да памежнікаў».

21:38 20.8.2020

«Чаго вы баіцеся?» Штаб Бабарыкі апублікаваў зварот да беларускіх сілавікоў

На афіцыйным Youtube-канале экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі 20 жніўня апублікавалі зварот кіраўніцы штабу Марыі Калесьнікавай да вайскоўцаў і сілавікоў.

«Чаго вы баіцеся? Чаму вы яшчэ не з народам? Чаму вы яшчэ ня сталі героямі для беларусаў? Вы можаце захаваць афіцэрскую годнасьць і воінскі гонар і назаўжды ўвайсьці ў гісторыю краіны, нават сусьветную гісторыю», — кажа яна.

Паводле Калесьнікавай, «плян просты» — усім сілавікам, якія пяройдуць на бок народу і адмовяцца выконваць злачынны загад, гарантуюць

  • бясьпеку і недатыкальнасьць,
  • справядлівае стаўленьне да вашых падразьдзяленьняў,
  • адмену даўгоў за адукацыю,
  • адмену кантрактных даўгоў і іншых выплат, якія дзейная ўлада «вешае на тых, хто хоча сысьці з органаў ці адмаўляецца выконваць злачынныя загады»,
  • жытло і матэрыяльную падтрымку.

«Мы просім вас дапамагчы нам і быць з намі. Мы просім прыгадаць пра прысягу, якую вы давалі, і абараніць ваш народ», — заклікае Калесьнікава. Падрабязьней глядзіце і чытайце па спасылцы.

21:43 20.8.2020

У Заслаўі прайшоў мітынг салідарнасьці

20 жніўня ў Заслаўі каля мясцовага Дому культуры прайшоў мітынг. Мясцовыя жыхары запрасілі на яго кіраўніцтва гораду, а таксама прадстаўнікоў Менскага райвыканкаму і раённай пракуратуры.

Да прысутных выйшла старшыня гарвыканкаму Сьвятлана Карташова і агучыла ўмову: размова адбудзецца толькі ў актавай залі ДК. Прысутныя адмовіліся і арганізавалі выступленьні ўсіх, хто жадаў, на ганку ўстановы. У часе мітынгу музыка Зьміцер Сасноўскі выканаў жалобны твор у памяць забітага падчас пратэсту ў Менску Аляксандра Тарайкоўскага.

21:52 20.8.2020

Макрон: Лукашэнка ня хоча, а Пуцін ня супраць АБСЭ як пасярэдніка ў Беларусі

Аляксандар Лукашэнка ня хоча ўдзелу АБСЭ як пасярэдніка ва ўрэгуляваньні сытуацыі ў Беларусі, паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Яго цытуе агенцтва Reuters.

Выступаючы на супольнай прэс-канфэрэнцыі з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, Макрон таксама сказаў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пазытыўна адрэагаваў на прапанову пра такую ролю АБСЭ.

Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе аб'ядноўвае 56 дзяржаваў Паўночнага паўшар’я.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG