Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12-ы дзень пратэстаў. Пагрозы Латушку. Крымінальная справа супраць Каардынацыйнай рады

Што адбываецца ў Беларусі 20 жніўня.

08:03 20.8.2020

Міліцыя не дазволіла раздаць бюлетэні для галасаваньня пра забастоўку на прахадной МЗКЦ

На Менскім заводзе колавых цягачоў створаны страйкам, у які ўвайшлі 6 работнікаў заводу зь ліку рабочых і інжынэраў.

20 жніўня страйкам спрабаваў зладзіць тайнае галасаваньне аб тым, ці праводзіць страйк з патрабаваньнямі, якія збольшага супадаюць з патрабаваньнямі іншых буйных прадпрыемстваў.

Гэта адстаўка дзейнай улады, новыя выбары, вызваленьне палітвязьняў ды іншыя патрабаваньні. Раней на заводзе падпісвалі заяву з гэтымі патрабаваньнямі, але ці перадала адміністрацыя гэты дакумэнт наверх, людзі ня ведаюць.

Тады ўзьнікла ідэя далучыцца да агульнанацыянальнага страйку, але сутыкнуліся з праблемай, як яе арганізаваць паводле закону.

«Вырашылі зладзіць тайнае галасаваньне, але распаўсюдзіць анкеты для галасаваньня сёньня не ўдалося, паспрабуем заўтра», — апавёў Свабодзе Аляксандар, сябра страйкаму.

Паводле Аляксандра, яго са стосам анкет проста не пусьцілі на прадпрыемства, а калі ён спрабаваў раздаваць анкеты на прахадной, да яго падышлі міліцыянты і папярэдзілі пра адказнасьць.

«На нас ідзе ціск, пад росьпіс азнаёмілі з правіламі, паводле якіх ня маем права перашкаджаць працы заводу. Наша прадпрыемства асаблівае, яно падпарадкаванае Дзяржваенпраму. Нават перасоўваньне па заводзе адсочваецца. Сустрэцца дазваляюць толькі ў перапынак. Учора на сход за мяжой заводу сабраліся 50 чалавек, але зьявіліся міліцыянты і людзі разышліся. Паспрабуем распаўсюдзіць анкеты заўтра, яшчэ раіліся, як гэта лепш зрабіць», — сказаў Аляксандар.

Паводле яго, працаўнікі МЗКЦ, якія не адмаўляюцца ад ідэі страйку, баяцца, што іх не падтрымаюць іншыя. Сёньня раніцай да МЗКЦ прыйшлі некалькі дзясяткаў валянтэраў.

Людзі казалі сябрам страйкаму, што ад іх рашучасьці цяпер залежыць, ці ўдасца агульнанацыянальны страйк, і абяцалі юрыдычную ды арганізацыйную падтрымку.

А 6 гадзіне раніцы каля прахадных МЗКЦ дзяжурылі нарады міліцыі. Праз 2 гадзіны, калі валянтэры і страйкамаўцы разышліся, праваахоўнікі ад заводу зьехалі.

08:04 20.8.2020

Віцэ-канцлер Нямеччыны выказаўся за адстаўку Лукашэнкі

Міністар фінансаў, віцэ-канцлер ФРГ і кандыдат у канцлеры ад сацыял-дэмакратаў Олаф Шольц лічыць, што Аляксандр Лукашэнка павінен пакінуць сваю пасаду.

Пра гэта ён заявіў у сераду, 19 жніўня, у інтэрвію выданьням Funke Mediengruppe.

«Цяперашні кіраўнік Лукашэнка страціў усялякую легітымнасьць і павінен сысьці ў адстаўку», — сказаў Шольц. Ён падкрэсьліў, што ЭЗ павінен мець на ўвазе імкненьне дэмакратычнага руху ў Беларусі мець «добрыя і дружалюбныя адносіны як з Расеяй, так і з Эўразьвязам».

«Мы павінны актыўна падтрымліваць працэс самастойнага вызваленьня грамадзян Беларусі. Гаворка не ідзе пра стварэньне новых сфэраў уплыву», — дадаў віцэ-канцлер Нямеччыны.

08:38 20.8.2020

Павал Латушка пад аховай, яго сямʼя за мяжой, у дом кінулі чырвонай фарбай

Павал Латушка прыслаў карэспандэнту Свабоды фота плямаў чырвонай і белай фарбай, якія зьявіліся на ягоным доме і гаражы. Ён іх заўважыў сёньня раніцай. «Мой дом цяпер» — паведаміў Латушка. Былы дыплямат і дырэктар Купалаўскага тэатру далучыўся да Каардынацыйнай рады па трансфэры ўлады, якую ініцыявала Сьвятлана Ціханоўская.

08:43 20.8.2020

«У тое, што адбываецца, часам немагчыма нават паверыць». Падпісант адкрытага ліста спартоўцаў Аляксандар Куль

Больш за 200 спартоўцаў, трэнэраў і працаўнікоў галіны апублікавалі ліст з патрабаваньнем паўторных выбараў прэзыдэнта ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, а таксама адстаўкі дзейнага складу Цэнтравыбаркаму з прыцягненьнем фальсыфікатараў да адказнасьці.

Сярод іншых патрабаваньняў: вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных, выявіць і пакараць вінаватых у зьбіцьці і катаваньнях. У выпадку ціску, пагроз звальненьнем або парушэньня правоў прадстаўнікоў спорту, якія падпісаліся пад лістом, усе яны будуць дзейнічаць салідарна, аж да адмовы выступаць за зборную краіны або браць удзел у міжнародных і нацыянальных форумах.

Свабода паразмаўляла з адным з падпісантаў — Аляксандрам Кулем. Ён адзін з найбольш вядомых беларускіх баскетбалістаў, у мінулым гулец нацыянальнай зборнай, чэмпіён Эўропы ў складзе моладзевай каманды.

09:33 20.8.2020

Зьявіўся сайт з мапай забастовак

На сайце belzabastovka.org можна даведацца, хто і дзе бастуе, даслаць сваю інфармацыю і аформіць заяўку на дапамогу.

09:43 20.8.2020

ЭЗ ня ўмешваецца ў беларускую палітыку, але патрабуе новых выбараў, — МЗС Польшчы

Пра гэта заявіў у чацьвер Польскаму агенцтву друку намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблоньскі.

«Мы патрабуем паўтарэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі такім спосабам, каб беларускі народ сам мог вырашыць пытаньне сваёй будучыні», — сказаў дыплямат.

Паводле яго, Эўрапейскі зьвяз ня ўмешваецца ў палітычныя справы ў Беларусі, але жадае, каб былі створаныя такія ўмовы, якія дазволяць беларусам самім вырашаць свае палітычныя пытаньні.

10:15 20.8.2020

Літоўскі міністар: вайсковыя вучэньні ў Беларусі накіраваныя ўнутр краіны ў мэтах прапаганды

Міністар абароны Літвы Раймундас Карабліс заявіў, што на вайсковыя вучэньні ў Беларусі, якія праходзяць побач зь літоўскай мяжой, трэба рэагаваць спакойна, яны не ўяўляюць пагрозы.

«А як мы павінны на гэта рэагаваць? Думаю, што спакойна, паколькі дзеяньні па эскаляцыі сытуацыі зь беларускага боку накіраваныя ўнутр краіны ў мэтах прапаганды. Мабыць, яны толькі і чакаюць нашага адказу», — заявіў міністар у чацьвер у эфіры радыёстанцыі Žinių radijas.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што ў панядзелак пачынае ваенныя вучэньні побач зь літоўскай мяжой. Лукашэнка ў нядзелю папярэдзіў пра пагрозу з боку NATO. Паўночнаатлянтычны альянс актыўнасьць каля беларускіх межаў зьняпраўдзіў.

10:44 20.8.2020

Лёгкаатлетка Астапчук: «Калі ўбачыце сагнаных рабоў са сьцяжкамі, торкніце ім у твар фота зьбітых»

Беларуская лёгкаатлетка, чэмпіёнка сьвету і Эўропы ў штурханьні ядра раскрытыкавала ў сваім Фэйсбуку дзяржаўную тэлевізію і заклікала нагадваць прыхільнікам улады пра пацярпелых на мірных акцыях пратэсту.

«Самае галоўнае цяпер не забываць пра забітых, пакалечаных і ўсіх пацярпелых ад рук „гестапаўцаў“. Памыйнае ТВ працягвае рабіць з вольных людзей ворагаў, а мы максымальна павінны данесьці да кожнага беларуса, у каго няма інтэрнэту, і паказаць той жах, што тварыла гэтая ўлада. Раздрукуйце фота пацярпелых, насіце з сабой; калі ўбачыце сагнаных рабоў са сьцяжкамі, торкніце ім у твар фота зьбітых і скажыце, што яны падтрымліваюць забойцу. Хай гэта будзе на іх сумленьні, калі яно ў іх, вядома, ёсьць...»

10:44 20.8.2020

Ужо другі нумар «Камсамолкі» ня трапіў да чытачоў

У Доме друку зноў нечакана зламаўся друкарскі станок, патлумачылі рэдакцыі «„Комсомольской правды“ в Белоруссии».

У аўторак Дом друку таксама ня змог надрукаваць папярэдні нумар газэты, у якім расказвалася пра рэкордную па колькасьці ўдзельнікаў дэманстрацыю, якая прайшла ў нядзелю ў Менску.

У апошнім нумары, які змог выпусьціць Дому друку на мінулым тыдні, «Камсамолка» расказвала пра міліцэйскі гвалт па ўсёй краіне ў дачыненьні як да людзей, якія выйшлі на пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў, так і да выпадковых грамадзянаў. Той нумар раскупілі за лічаныя гадзіны, пісала «Камсамолка».

Чытачы паведамлялі рэдакцыі, што скупляюць нумары, каб раздаваць із людзям.

10:45 20.8.2020

Адмова Латвіі прызнаць Ціханоўскую прэзыдэнтам можа быць зьвязаная ня толькі з адсутнасьцю дакладных вынікаў выбараў

Думка аглядальніка Свабоды Сяргея Навумчыка.

Латвія першая з краінаў ЭЗ заявіла, што не прызнае Ціханоўскую выбраным прэзыдэнтам, бо адсутнічае хоць якая дакладная інфармацыя пра колькасьць пададзеных за яе галасоў.

Але гэта можа быць толькі адной з прычынаў. Другая, ня менш важная, — заявы Крамля і Лукашэнкі пра недапушчальнасьць вонкавага ўмяшаньня ва ўнутраную сытуацыю ў Беларусі. Пакуль Ціханоўская знаходзіцца ў Літве, усе дзеяньні яе і створанай ёй Каардынацыйнай рады могуць быць пададзеныя (і падаюцца) Лукашэнкам менавіта як такое ўмяшаньне.

З улікам актыўнасьці беларускіх вайсковых злучэньняў на мяжы зь Літвой і Польшчай нельга выключыць, што Лукашэнка можа стварыць ілюзію небясьпекі вонкавай ваеннай агрэсіі, каб зьвярнуцца да Масквы з просьбай увесьці войскі ці часткі Расгвардыі.

Гэта тое, ад чаго найперш засьцерагаюцца заходнія лідэры, лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

11:28 20.8.2020

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэмʼер-міністрам Літвы

Прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні. Пра гэта кіраўнік літоўскага ўраду напісаў у сябе ў Фэйсбуку, назваўшы Ціханоўскую «нацыянальным лідэрам Беларусі».

Паводле Сквярняліса, яны размаўлялі пра выбарчую кампанію, судовыя працэсы, штодзённыя клопаты і патрэбы, зь якімі Ціханоўская сутыкаецца падчас знаходжаньня ў Літве, праблемы яе асабістай і сямейнай бясьпекі.

«Наша краіна заўсёды падтрымлівала людзей у Беларусі, якія імкнуцца да свабоды і дэмакратыі. Мы бачым абуджэньне нацыі, мы ўсе разам іх падтрымліваем. Шлях да свабоднага грамадзтва будзе нялёгкім і патрабуе вялікай вытрымкі. Я веру, што яе беларусам хопіць». — напісаў Сквярняліс.

Ён запэўніў Сьвятлану Ціханоўскую, што ўрад Літвы разам з партнэрамі ў Польшчы, Латвіі і Эстоніі робіць і будзе рабіць усё магчымае для свабодных і сумленных выбараў у Беларусі і для таго, каб «яе дзеці маглі як мага хутчэй абняць свайго тату на волі».

11:29 20.8.2020

Прэм’ер Польшчы паабяцаў аблегчыць уезд у краіну для беларусаў

«Мы хочам запэўніць вас, што ў бліжэйшы час мы прадставім спрошчаныя працэдуры для людзей, якія хочуць уехаць у Польшчу зь Беларусі», — заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, якога цытуе Польскае радыё.

Прэм’ер-міністар падкрэсліў, што Польшча была адной з краін Эўразьвязу, у якой у 2019 годзе было выдана найбольш віз грамадзянам Беларусі, і ягоны ўрад хоча працягваць гэтую палітыку.

«Беларуская супольнасьць, якая прыяжджае ў Польшчу, хай гэта будуць студэнты ці сэзонныя рабочыя, вельмі дапамагае польскай эканоміцы. Мы хочам запэўніць вас, што ў хуткім часе мы прадставім працэдуры спрашчэньня для тых, хто хоча паехаць у Польшчу зь Беларусі, напрыклад, далучыцца да працэсу навучання ў ВНУ»,— сказаў прэм’ер Маравецкі.

Такое аблягчэньне працэдур уезду для беларусаў у Польшчу чакаецца ў кастрычніку 2020 году.

11:41 20.8.2020

Цапкала ў Варшаве сустрэўся з кіраўніком МЗС Польшчы

Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала сустрэўся ў Варшаве зь міністрам замежных спраў Польшчы Яцкам Чапутовічам, паведамляе «Інтэрфакс».

«Насычаны першы дзень у Варшаве. Адбыўся візыт у міністэрства замежных спраў Польшчы. Кіраўнік польскай дыпляматыі Яцэк Чапутовіч адзначыў, што выгляд сталіцы Беларусі і многіх іншых гарадоў, дзе тысячы людзей пратэстуюць супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, паказвае, што наш народ поўны рашучасьці і жадае дамагчыся мірных пераменаў», — заявіў Цапкала пасьля сустрэчы.

Палітык таксама адзначыў, што выказаў падзяку Польшчы за падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, «перш за ўсё, за гатоўнасьць дапамагчы рэпрэсаваным і пацярпелым падчас нядаўніх дэманстрацыяў у Беларусі». «У дадатак да існуючай падтрымкі ў гэтых адносінах, новыя рамкі дапамогі будуць выкладзены ў „Пляне салідарнасьці зь Беларусьсю“, пра які нядаўна абвясьціў прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі», — сказаў Цапкала.

12:08 20.8.2020

«Патрабуем, каб улада пайшла на дыялёг». Як будзе працаваць Каардынацыйная рада

Прэзыдыюм Каардынацыйнай рады ўхваліў 19 жніўня рэзалюцыю, у якой заклікаў улады неадкладна пачаць перамовы і выпрацаваць мэханізмы для аднаўленьня законнасьці і правядзеньня новых выбараў. Карэспандэнт Свабоды спытаўся ў некаторых сяброў прэзыдыюму, як рада будзе рэалізоўваць заяўленыя намеры.

12:10 20.8.2020

«Не маўчыце, скажыце сваё слова!» Экс-намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду зьвярнуўся да былых калегаў

Былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суда Беларусі (1994—1996) Валер Фадзееў зьвярнуўся да дзейных калегаў.

Ён нагадаў, што браў удзел у падрыхтоўцы Канстытуцыі Беларусі 1994 году, а затым адстойваў яе ў складзе Канстытуцыйнага суда, калі гэтая інстытуцыя паводле ўзроўню даверу займала самыя высокія месцы.

«За час нашай працы (усяго 2,5 года) мы прызналі часткова альбо цалкам неканстытуцыйнымі каля 20 ненарматыўных актаў — як указы прэзыдэнта, так і шэраг законаў. — Адрозна ад цяперашняй сытуацыі, мы мелі права пачынаць справы з уласнай ініцыятывы. Сёньня грамадзяне ня маюць права наўпрост зьвяртацца ў гэты інстытут канстытуцыйнай скаргі. Вы ў сутнасьці сталі шырмай, фармальна штампуючы ўсё, што вам даручаюць. Хіба ў гэтым ваша задача?», — запытвае спадар Фадзееў.

Цяпер найвышэйшы органаў кантролю законнасьці абсалютна не выконвае свае функцыі, перакананы адзін з колішніх кіраўнікоў Канстытуцыйнага суду.

«Вы бачыце, што адбываецца ў нашай краіне. Народ стаміўся ад гэтай незьмяняльнай улады, ён хоча пераменаў. Але супраць мірных грамадзянаў ужываюцца сілавыя меры, ім не даюць магчымасьці выказаць сваё меркаваньне, абмяжоўваюць у правах па надуманых прычынах, часта відавочна неканстытуцыйных. Лукашэнка праігнараваў волю народа, выказаную ў ходзе выбараў. Паводзіны некаторых сілавых структураў — гэта суцэльныя парушэньні законнасьці, прыніжэньне чалавечай годнасьці», — падсумоўвае Валер Фадзееў.

Ён зьвяртаецца да дзейных судзьдзяў, якія прадстаўляюць найвышэйшы орган канстытуцыйнай законнасьці: «Не маўчыце, скажыце сваё слова, хай улада з вашай дапамогай зробіць правільныя высновы і прыме адзіна магчымае рашэньне — пакуль яшчэ магчыма, мірна сысьці».

12:11 20.8.2020

Пасьля пратэсту ў газэце «Звязда» прадставілі новага рэдактара Карлюкевіча, экс-міністра інфармацыі

Галоўны рэдактар «Звязды» Павал Сухарукаў пакінуў сваю пасаду пасьля таго, як на старонках выданьня быў надрукаваны адкрыты ліст да чытачоў.

Пра гэта паведаміла супрацоўніца газэты Ірэна Кацяловіч пасьля завяршэньня сходу ў рэдакцыі:

«Гэта не звальненьне загадам міністра інфарімацыі, а паводле заявы рэдактара Сухарукава. Ён сказаў, што на яго паўплывалі падзеі ў краіне, пратэст калектыву, і ён падаў заяву сам. Новапрызначаны рэдактар Карлюкевіч маўчаў на нарадзе, выступаў міністар Луцкі, ён агучыў рашэньне, зачытаў загад. Была дыскусія, як працаваць у цяпершніх умовах паводле Закону аб СМІ. Луцкі адказаў, што ня трэба працаваць, як tut.by і naviny.by. Такім чынам плюралістычна асьвятляць падзеі не дазволіў»,— распавяла Свабодзе Ірэна Кацяловіч.

Для сябе яна пырняла рашэньне:

«Я напісала заяву на звальненьне. Іншыя таксама падпісалі такія заячвы, яны пакуль не разгледжаныя. Цяпер у калектыве бурленьне».

12:14 20.8.2020

Найбуйнейшая ІТ-кампанія Беларусі адкрые курсы для неайцішнікаў

Беларуска-амэрыканская ІТ-кампанія EPAM ужо раней паведамляла, што дапаможа пацярпелым падчас мірных акцыяў пратэсту. Цяпер EPAM адкрывае праграмы па навучаньні і перакваліфікацыі для грамадзян Беларусі, якія ня маюць вопыту працы ў IT.

Інтэнсіўны трохмесячны курс будзе праходзіць у онлайн і офлайн-фарматах ў Менску і ўсіх абласных цэнтрах, дзе знаходзяцца офісы кампаніі — Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні, Магілёве.

12:16 20.8.2020

Стывэн Фрай: «Мы бачым, як уся Беларусь змагаецца за свабоду пад бел-чырвона-белым сьцягам»

Брытанскі актор і драматург Стывэн Фрай заклікаў брытанскі ўрад увесьці санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі «нароўні» з тымі, якія распрацоўвае Эўразьвяз.

«Мы бачым, як уся Беларусь змагаецца за свабоду пад бел-чырвона-белым сьцягам, пад колерамі спагады і адвагі, – сказаў Фрай у відэазвароце, апублікаваным у Твітэры. – Я падтрымліваю беларускі народ у яго жаданьні дэмакратычных зьменаў».

Фрай выказаў салідарнасьць з акторамі Беларускага свабоднага тэатру і Купалаўскага тэатру ў Менску, якія пацярпелі ад рэпрэсій рэжыму. Ён таксама заклікаў далучацца да кампаніі салідарнасьці зь дэмакратычнай Беларусьсю пад хэштэгам #standwithbelarus.

12:18 20.8.2020

Макей заявіў, што Беларусі патрэбныя перамены і што яму пагражаюць

Словы міністра замежных справаў краіны прыводзіць агенцтва ТАСС.

«Перамены патрэбныя, гэтага ніхто не адмаўляе, — падкрэсьліў ён. — Але не цаной грамадзянскага супрацьстаяньня ці рэвалюцый. У гэтым выпадку ахвяр і нэгатыўных наступстваў будзе ў разы больш».

Міністар таксама паведаміў, што ў адрас чальцоў яго сям’і паступаюць пагрозы.

«Я яшчэ магу зразумець, калі раздаюцца пагрозы на адрас дзяржаўнага служачага, які займае канкрэтную пасаду. Але агідненькі, ананімны ціск на сямʼю, у тым ліку на малалетніх дзяцей, ніяк не ўкладаецца ў маёй галаве з паняцьцем» дэмакратыя. За гэтыя сьлёзы майго адзінаццацігадовага сына я гатовы перагрызьці горла", — гаворыцца ў звароце міністра да супрацоўнікаў сыстэмы дыпслужбы рэспублікі.

12:21 20.8.2020

Так выглядае службовы ўваход у Купалаўскі тэатар

Сеньня раніцай на дзьвярах галоўнага ўваходу тэатра плякат «Нас выгналі з дому, але мы не здадзімся!». На службовым уваходе абвестка, што 19 і 20 жніўня непрацоўныя дні, бо ва ўсіх памяшканнях тэатра праводзіцца санітарна-эпідэміялягічная апрацоўка. Кавярня «Аўстэрыя Уршуля» не працуе, на ей абвестка «Спэцабслугоўваньне». Да тэатру падыходзяць журналісты.

Каля 50 актывістаў утварылі кола каля галоўнага ўваходу ў Купалаўскі тэатар. Некаторыя ў народных строях, сьпяваюць «Рэчаньку». Музыка Сяржук Доўгушаў сказаў, што людзі зьбіраюцца прыходзіць сюды штодня а 12-й, а потым зьбірацца каля філярмоніі, дзе таксама будуць сьпяваць. Будаўнікі, якія працуюць побач, пагадзіліся на паўгадзіны прыпыніць шумныя працы — слухаюць, як сьпяваюць.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG