«Прыносіла прабачэньні людзям»: дэпутатка Марыя Васілевіч наведала зьбітых падчас акцыяў пратэсту
Дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч («Міс Беларусь 2018») і Ірына Луканская (у мінулым галоўны доктар дзіцячай паліклінікі ў Горадні) 20 жніўня наведалі ў шпіталі хуткай дапамогі людзей, якія пацярпелі падчас вулічных акцый пратэсту, паведамляе «Наша Ніва».
«Цяжка ўсьвядоміць, што ў нашай краіне людзі атрымліваюць такія калецтвы на вуліцы ў мірны час. Але мы павінны гэта прызнаць і павінны зрабіць усё, каб гэтага больш ніколі не паўтарылася. Тое, што я ўбачыла, безумоўна, моцна ўражвае.
Я як прадстаўнік дзяржаўнай улады — хоць, можа, і ня маю на тое паўнамоцтваў — прыносіла прабачэньні людзям за атрыманыя імі траўмы. Ня ведаю, маю я на тое права ці не, але па-чалавечы мне вельмі-вельмі шкада», — сказала Марыя Васілевіч. Цалкам чытайце па спасылцы.
«На асабістым кантролі кіраўніка дзяржавы». Міністэрства абароны пачынае вучэньні на горадзенскім кірунку
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін аб’явіў пра пачатак маштабных тактычных вучэньняў на горадзенскім кірунку. Ён удакладніў, што вучэньне будзе праходзіць на тэму «вядзеньне абароны і спэцыяльных дзеяньняў».
«Бачым, што ідзе ўмяшаньне ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы. Мы атрымліваем інфармацыю з розных крыніц, якая ня можа не турбаваць. Таму прагназуем разьвіцьцё розных варыянтаў. Мною прынятае рашэньне на правядзеньне комплекснага тактычнага вучэньня з войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня на горадзенскім тактычным кірунку. Кіраўніком дзяржавы яно зацьверджана», — пракамэнтаваў міністар. Падрабязнасьці па спасылцы.
Юрыста Каардынацыйнай рады выклікалі ў Сьледчы камітэт
Юрыст Максім Знак, які ўваходзіць у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады ў Беларусі, выкліканы заўтра 21 жніўня ў 10.00 у Сьледчы Камітэт для дачы тлумачэньняў па заведзенай крымінальнай справе, паведаміла Каардынацыйная рада ў Тэлеграме.
Фэдэрацыя футболу аднаўляе матчы чэмпіянату Беларусі, але пры пустых трыбунах, праз «сытуацыю, якая склалася»
Пасьля працяглай паўзы адновяцца матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі. Як паведамляе Беларуская фэдэрацыя футболу, гульні пройдуць без гледачоў. Прычыны не называюць, функцыянэры спасылаюцца толькі на «сытуацыю, якая склалася».
Забарону наведваць футбольныя матчы ня ўводзілі нават у разгар пандэміі каранавірусу. Таму, як лічаць самі заўзятары, прычына ў боязі праяваў «палітычнай актыўнасьці». Раней, 6 жніўня, падчас матчу паміж салігорскім «Шахтаром» і берасьцейскім «Дынама» над стадыёнам «Будаўнік» разносіўся вокліч «Жыве Беларусь!». Так заўзятары адрэагавалі на адмену мітынгу ў горадзе кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Цалкам чытайце па спасылцы.
Загадчыца катэдры БДУ падтрымала студэнтаў на акцыях і заклікала калег зрабіць гэтаксама
«Калі ў краіне не адбудуцца кардынальныя зьмены, то ўжо налета ў нас ня будзе моцных абітурыентаў», — напісала ў сваім Facebook загадчыца катэдры тэхналёгіяў камунікацыі і сувязяў з грамадзкасцю факультэту журналістыкі БДУ Ірына Сідорская.
Яна выступіла ў падтрымку студэнтаў, якія выходзяць на акцыі і заклікала калег падтрымаць яе:
- Я хачу рабіць і далей тое, чым займаюся ўжо больш за 20 гадоў і што люблю і ўмею рабіць лепш за ўсё — вучыць маіх студэнтаў і праводзіць дасьледаваньні. Бо калі ў краіне не адбудуцца кардынальныя зьмены, то ўжо налета ў нас ня будзе тых абітурыентаў, да якіх мы прывыклі, — моцных, матываваных, якія маюць уласную пазыцыю, бо ў цяперашніх умовах маладыя людзі — першыя кандыдаты на эміграцыю і перш за ўсё праз навучаньне за мяжой. Я хачу сваёй прафэсійнай будучыні!
- Я хачу акадэмічных свабодаў, якіх з кожным годам заставалася ўсё менш і менш, а ўсё больш і больш — «дзяржаўнай ідэалёгіі», якая зьведзена да ляяльнасьці дзейнай уладзе.
- Калі мне прыйдзе час выходзіць на пэнсію, я хачу, каб у маёй краіне засталося пакаленьне, якое гэтую пэнсію мне будзе зарабляць, як сёньня мы зарабляем пэнсію для сваіх бацькоў.
- Хачу, каб мой уласны дарослы сын не чакаў, «калі адкрыюцца межы», а мая 16-гадовая дачка хоць бы тэарэтычна разглядала магчымасьць вучыцца дома.
- Нават калі я не ва ўсім згодная з студэнтамі, гэта мае студэнты, я люблю іх і ганаруся імі! Калегі-выкладчыкі, заклікаю вас падтрымаць!
У Віцебску акцыя ў падтрымку Лукашэнкі: людзі ў калёнах няўпэўнена скандуюць «Беларусь»
У Віцебску распачалася акцыя ў падтрымку Лукашэнкі. Дэлегацыі ад кожнага з трох раёнаў гораду – Першамайскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага – адпаведна пройдуць калёнамі ад плошчы Перамогі, плошчы Леніна і помніку Аляксандру Неўскаму на ўзьбярэжнай Дзьвіны да летняга амфітэатру.
Дэлегаты ад гарвыканкаму стартуюць ад помніка Машэраву, прадстаўнікі аблвыканкаму пойдуць са свайго працоўнага будынку. А 18-ай гадзіне ў летнім амфітэатры заплянаваны вялікі патрыятычны канцэрт.
Людзі ў калёнах няўпэўнена скандуюць «Беларусь». Машыны не сыгналяць дэманстрантам.
Па Менску езьдзяць машыны без нумароў. Пад дзяржаўнымі сьцягамі. ФАТАФАКТ
20 жніўня ў цэнтры Менску езьдзілі некалькі аўтамабіляў пад дзяржаўнымі сьцягамі. На машынах былі заклееныя нумары, што пярэчыць правілам дарожнага руху.
Прэс-сакратар Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі не адказвае на званкі, а ў сакратарыяце ДАІ карэспандэнту Свабоды адмовіліся адказваць на пытаньні, параіўшы чытаць правілы. Паводле дзейных правілаў дарожнага руху, у Беларусі ўсе транспартныя сродкі (акрамя трамваяў і тралейбусаў) павінны мець рэгістрацыйныя знакі ўстаноўленага ўзору.
«Хутчэй за ўсё, гэта будзе YouTube». Супрацоўнікі БТ, якія страйкуюць, абмяркоўваюць стварэньне ўласнай прадукцыі
Як расказала Свабодзе спэцыяльная карэспандэнтка Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна, усе ўдзельнікі страйку «маюць вялікае жаданьне займацца працай».
«Мы надалей страйкуем і прыйшлі да высновы, што наш пратэст можа выяўляцца двума спосабамі — праводзіць свае акцыі і далучацца да іншых, найбуйнейшых, якія будуць праходзіць у горадзе, — гаворыць Ксенія. — А паколькі мы журналісты, то прыйшлі да высновы, што можам штосьці здымаць там. Мы абмяркоўваем магчымасьць стварэньня прадукту для нейкай плятформы. Мы не ідыёты, мы разумеем, што стварыць паўнавартасны канал магчымасьці няма».
Як расказвае Ксенія, страйкоўцы будуць радыя любой дапамозе. «Пакуль ёсьць толькі людзі, канкрэтных плянаў няма, мы іх толькі выпрацоўваем. Ёсьць ідэя, яе адпрацоўваем. Усе маем вялікае жаданьне займацца працай, здымаць. Зараз шмат хто ўжо здымае, мы думаем, дзе гэта публікаваць. Хутчэй за ўсё гэта будзе YouTube, але таксама трэба рэгістрацыя нейкая». Цалкам чытайце па спасылцы.
Лідэра гурту «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага затрымалі другі раз за пяць дзён
«Сілавікі не гатовыя спакойна размаўляць з народам». Экс-камандзір 38-й мабільнай брыгады пра неапраўданы гвалт
Былы камандзір 38-й гвардзейскай мабільнай брыгады, падпалкоўнік паветрана-дэсантных войскаў запасу Валер Сахашчык і інтэрвію «Брестской газете» расказаў пра стаўленьне да сытуацыі ў краіне і пра тое, чым маглі скончыцца канфлікты каля берасьцейскіх СІЗА і ІЧУ.
«На жаль, я бачу, што нашы сілавікі не гатовыя спакойна размаўляць з народам, — кажа былы вайсковец. — У іх дзьве скрайнасьці: альбо не рабіць нічога, альбо адразу біць. Вельмі хацелася б, каб людзі зразумелі: ёсьць яшчэ маса дыпляматычных варыянтаў, якія дадуць магчымасьць вырашыць канфлікт».
Валер Сахашчык падчас канфліктых сытуацый добраахвотна выступаў у якасьці перамоўніка і некалькі разоў гэта ратавала ад непажаданых наступстваў.
«Я затрымаўся на плошчы, калі прапаноўваў варыянты пракурору, як вызваліць затрыманых людзей. Але пакуль размаўляў, патэлефанавалі, што напружаная сытуацыя каля СІЗА: паехаў АМАП і зараз нешта будзе. Калі я прыйшоў, аказалася, што народ насамрэч заведзены. Давялося прыкласьці намаганьні, каб супакоіць людзей. Перадаў зьмест размовы з пракурорам, што ёсьць добрая воля ўладаў, што пытаньне будзе апэратыўна разглядацца, але гэта ня можа вырашыцца імгненна. Нібыта атрымалася народ супакоіць, астудзіць запал».
Вызваленага з Акрэсьціна зноў затрымалі і зьбіваюць
Праваабаронцы зь «Вясны» паведамляюць пра новае затрыманьне Аляксея Скіпера, якога раней затрымлівалі на акцыі пратэсту і які нядаўна выйшаў з Акрэсьціна. Мужчына зьвяртаўся ў «Вясну» для дакумэнтацыі катаваньняў, бо быў зьбіты.
Сёньня Аляксей Скіпер паехаў у «Лодэ», вярнуўся адтуль дамоў, дзе і быў затрыманы. Яго адвезьлі ў ізалятар ў Лагойску. Папярэдне яму ставяць у віну непадпарадкаваньне міліцыі і крадзеж. Скіпер пасьпеў паведаміць, што ў ізалятары яго зьбіваюць.
«АМАП не даваў нам вывозіць людзей з Акрэсьціна». Мэдык пра працу ў турме
Аповед мэдыка, які быў дапушчаны да зьбітых і закатаваных людзей у турме на Акрэсьціна. Ён аглядаў пацярпелых і вывозіў іх у розныя шпіталі.
Пасьля ўсяго пабачанага доктар баіцца за сваё жыцьцё, таму мы не паказваем яго твар і зьмянілі голас.
Настаўнікі бабруйскай школы патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і ўраду
У Бабруйску настаўнікі 27-й школы адмовіліся ад страйку, але пакінулі ў сіле патрабаваньні адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, ураду, Савету Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, а таксама прызнаньня несапраўднымі прэзыдэнцкіх выбараў ды вызваленьня палітзьняволеных.
У заяве аб страйку адзначалася, што настаўнікі «лічаць немагчымым працаваць ва ўмовах, калі парушаюцца правы і свабоды грамадзян, калі на дзяржаўным узроўні падтрымліваецца тэрор супраць мірнага насельніцтва».
Адна з настаўніц навучальнай установы пры ўмове ананімнасьці паведаміла, што намер арганізаваць «бестэрміновы страйк» быў знакам грамадзтву, каб яно не баялася, акрамя таго, пэдагогі дамагліся галоўнага: «іх пачулі, бо само слова „забастоўка“ прагучала».
Пра забастоўку 19 настаўнікаў школы паведаміў Tut.by 18 жніўня. Дырэктар навучальнай установы Натальля Вінакур цьвердзіць, што ў школе страйку няма, але частка калектыву заяву пра яго правядзеньне падпісала.
Акрамя калёны машын з афіцыйнымі сьцягамі, па Менску езьдзяць і групы раварыстаў з чырвона-зялёнымі сьцягамі
Сваякі забітага ў Берасьці пратэстоўца ня могуць яго пахаваць. Ім не аддаюць цела
У сераду, 19 жніўня, у ваенным шпіталі Менска памёр 44-гадовы берасьцеец Генадзь Шутаў, у якога сілавікі стралялі падчас пратэстаў.
Родныя Генадзя яшчэ ўчора прыехалі ў сталіцу, каб забраць цела, але, як яны распавялі TUT.BY, ад іх экспэрты патрабуюць пастанову на выдачу цела за подпісам СК. Тым часам у берасьцейскім Сьледчым камітэце адказваюць, што ніякага дазволу ня трэба.
Францускі філёзаф пра Ціханоўскую: «Мы бачым, як справа жанчын можа пахіснуць гратэскную і крыважэрную дыктатуру»
Францускі філёзаф і палітычны публіцыст Бэрнар-Анры Леві зьмясьціў у Твітэры сваю фатаграфію са Сьвятланай Ціханоўскай і словамі:
«Сёньня (19 жніўня. — РС) у Вільні, са Сьвятланай Ціханоўскай, сымбалем беларускай рэвалюцыі і тварам апазыцыі супраць тырана Лукашэнкі. Тут мы бачым, як справа жанчын можа пахіснуць гратэскную і крыважэрную дыктатуру. Рэпартаж і партрэт будуць».
Бэрнар-Анры Леві (нар. 1948) — змагар з мусульманскім фундамэнталізмам. У 2005 ён разам з Салманам Рушдзі выступіў з маніфэстам «Разам супраць новага таталітарызму», у якім раскрытыкаваў спробы распаўсюджваньня мусульманскага ладу жыцьця на Эўропу. Падчас вайны ў Паўднёвай Асэтыі ў 2008 вёў рэпартажы з Грузіі, браў інтэрвію ў тагачаснага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі. У лютым 2014 выступіў на сцэне «Эўрамайдану» з прамовай, якая была апублікаваная газэтай Le Monde пад загалоўкам «Мы ўсе — украінцы». У 2014 заклікаў эўрапейскіх спартоўцаў спыніць удзел у зімовых алімпійскіх гульнях у Сочы ў знак пратэсту супраць гвалту ў Кіеве.
Эсэ і артыкулы Леві нярэдка сутыкаліся з вострай крытыкай францускіх інтэлектуалаў.
«АМАП не даваў нам вывозіць людзей з Акрэсьціна»
Аповед мэдыка, які быў дапушчаны да зьбітых і закатаваных людзей у турме на Акрэсьціна. Ён аглядаў пацярпелых і вывозіў іх у розныя шпіталі
Мэдыкі 6-га клінічнага шпіталя сталі ўздоўж Даўгабродскай вуліцы ў Менску з плякатам «Мы ратуем людзей. Рабочыя, уратуйце краіну»
Крэмль бачыць «ускоснае і прамое» умяшаньне ў справы Беларусі
У Крамлі лічаць, што ўступленьне Расеі або іншых дзяржаваў у дыялёг зь беларускай апазыцыяй, ня згоднай з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, будзе лічыцца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмірый Пяскоў.
Ён ня стаў канкрэтызаваць тыя сілы і краіны, якія нібыта спрабуюць аказваць уплыў на падзеі ў Беларусі. Аднак, паводле яго, у Крамлі канстатуюць, што «ўскоснае і нават прамое ўмяшаньне мае месца».
«Мы лічым, што ў першую чаргу павінен ажыцьцяўляцца дыялёг унутры Беларусі. Бо калі замежныя краіны, у тым ліку і Расея, пачнуць дыялёг з апазыцыяй, то гэта будзе ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы», — сказаў у чацьвер журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта РФ.
Пяскоў падкрэсьліў, што Расея не зьбіраецца ўмешвацца ў сытуацыю ў Беларусі, зьвязаную з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.