Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12-ы дзень пратэстаў. Пагрозы Латушку. Крымінальная справа супраць Каардынацыйнай рады

Што адбываецца ў Беларусі 20 жніўня.

15:00 20.8.2020

Людзі сталі ў «ланцуг салідарнасьці» на плошчы Перамогі ў Менску. Фотарэпартаж

20 жніўня на плошчы Перамогі ў Менску прайшла акцыя салідарнасьці. Людзі 12-ы дзень выходзяць на пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.

14:58 20.8.2020

Генэральная пракуратура завяла справу ў сувязі зь дзейнасьцю Каардынацыйнай рады, падазраюць «захоп улады»

Дзейнасьць Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады стала падставай для пачатку крымінальнай справы паводле артыкулу «аб захопе ўлады», заявіў журналістам генэральны пракурор Аляксандар Канюк. Яго цытуе тэлеграм-канал пракуратуры.

«Стварэньне і дзейнасьць Каардынацыйнай рады накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі. На падставе гэтага факту заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу», — заявіў Генэральны пракурор. Артыкул прадугледжвае пакараньне да 5 гадоў зьняволеньня.

Каардынацыйную раду дзеля трансфэру ўлады 14 жніўня ініцыявала кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская, якая ў мэтах бясьпекі зьехала ў Літву.

Рада сьцьвярджае, што яе дзейнасьць законная.

«У сувязі з публічнай заявай генеральнага пракурора А. У. Канюка аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле арт. 361 КК РБ па факце стварэння Каардынацыйнай рады, лічым неабходным яшчэ раз пацьвердзіць, што мэты Каардынацыйнай рады і спосабы дасягненьня гэтых мэтаў выразна выкладзены ў Рэглямэнце Каардынацыйнай рады і прынятай рэзалюцыі.

Усе мэты і спосабы зьяўляюцца законнымі, заснаванымі на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Сябры Каардынацыйнай рады не распаўсюджвалі заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, цi ажыццяўленьню акту тэрарызму або дывэрсіі, або да зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

14:28 20.8.2020

Генэрал Раўкоў параўнаў цяперашнія пратэсты з путчам 1991 году, які разваліў «магутную дзяржаву»

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў параўнаў падзеі ў Беларусі з рэваншысцкім путчам ГКЧП 1991 году.

«29 гадоў таму ў Савецкім Саюзе была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту, які ўвайшоў у гісторыю як „жнівеньскі путч“. Антыканстытуцыйныя дзеяньні самаабвешчанага „дзяржаўнага камітэту“ паглыбілі хаос у грамадзтве, наблізіўшы распад некалі магутнай дзяржавы. Падобныя працэсы адбываюцца сёньня і ў Беларусі», — напісаў генэрал Раўкоў у Facebook.

14:15 20.8.2020

Амбасада ЗША ў Менску: «Мы хочам, каб народ Беларусі меў тыя свабоды, якіх ён патрабуе»

На фэйсбучнай старонцы амбасады ЗША ў Менску зьявілася цытата дзяржаўнага сакратара Майка Пампэо: «Мы хочам, каб народу Беларусі меў тыя свабоды, якіх ён патрабуе».

«Агульная мэта — падтрымаць народ Беларусі ў дасягненьні яго сувэрэнітэту і свабоды», — дадае амбасада ад сябе.

14:00 20.8.2020

«Апублікаваць вынікі галасаваньня на кожным участку». БСДП зьвярнулася да старшыні Менгарвыканкаму

Сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) накіравалі ліст старшыню Менскага гарвыканкаму Анатолю Сіваку. Яны папракаюць яго за спробы «адмаўчацца» у зьвязку з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў і наступнымі пратэстамі.

13:59 20.8.2020

Старшыня Горадзенскага гарвыканкаму выказаў свае патрабаваньні да пратэстоўцаў. ВІДЭА

Старшыня Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой зьвярнуўся да жыхароў гораду, прыгразіўшы «законнымі захадамі» тым, хто парушае грамадзкі парадак.

13:58 20.8.2020

Каля Купалаўскага тэатру сьпявалі на знак салідарнасьці. Фотарэпартаж

Каля 50 актывістаў а 12-й гадзіне ўтварылі кола каля галоўнага ўваходу ў Купалаўскі тэатар. Некаторыя ў народных строях, сьпявалі «Рэчаньку». Музыка Сяржук Доўгушаў сказаў, што людзі зьбіраюцца прыходзіць сюды штодня а 12-й.

13:45 20.8.2020

Улады 10 украінскіх гарадоў далучыліся да акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. ФОТА

У 10 гарадах Украіны, дзе мясцовыя рады ачольваюць прадстаўнікі партыі «Свабода», адбыліся акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю пад назвай «За вашу і нашу свабоду».

У некаторых гарадах бел-чырвона-белыя сьцягі былі ўзьнятыя як афіцыйныя на мачты каля будынкаў гарадзкіх радаў побач зь дзяржаўным украінскім сьцягам і сьцягам гораду.

Цярнопаль
Цярнопаль

13:28 20.8.2020

На прыступках філярмоніі зноў сьпявалі «Пагоню». Тут граюць музыкі, працягваюць сьпяваюць артысты. Сабраліся некалькі соцень чалавек.

Міліцыя перашкаджае сьпевам на прыступках філярмоніі. Міліцыянты ў мэгафон заклікалі разысьціся, кажуць, што дзеяньні незаконныя. Людзі крычаць «Сыходзь». Артысты, сьпяваючы, сышлі з прыступак каля філярмоніі. Людзі абураюцца, адышлі ў бок праспэкту.

13:27 20.8.2020

У Горадні прайшла жалобная акцыя памяці дырэктара ваўкавыскага музэю. ФОТА

У Горадні прайшла жалобная акцыя памяці дырэктара ваўкавыскага музэю Канстанціна Шышмакова, якога знайшлі памерлым. Ён быў сябрам выбарчай камісіі і, паводле некаторых зьвестак, не падпісаў выніковага пратаколу.

13:24 20.8.2020

«Большую частку галасоў за Ціханоўскую скралі»,— прамежкавыя вынікі на плятформе «Голас»

Паралельна з ЦВК на прэзыдэнцкіх выбарах працавала онлайн-плятформа «Голас» — альтэрнатыўная пляцоўка, якая лічыла галасы беларусаў.

Разам зь ініцыятывай «Честные люди» яна апублікавала прамежкавыя вынікі. Зь іх можна зрабіць выснову, што Аляксандар Лукашэнка ня мог набраць 80%, як палічыла ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай.

13:24 20.8.2020

У Салігорску зьніклі два арганізатары страйку на «Беларуськаліі»

Пра зьнікненьне Дзьмітрыя Кудзялевіча паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію».

Там напісана, што Кудзялевіч перастаў выходзіць на сувязь у 11:17 у чацьвер 20 жніўня.

Паводле інфармацыі іншых удзельнікаў страйкаму, Кудзялевіч мог быць затрыманы невядомымі асобамі, калі знаходзіўся ва ўласным аўтамабілі.

Пазьней у страйкаме паведамілі таксама пра зьнікненьне Максіма Філановіча з 4 рудаўпраўленьня. Ён перастаў выходзіць на сувязь.

13:07 20.8.2020

Макей заявіў, што Беларусі патрэбны перамены і што яму пагражаюць

На думку міністра замежных справаў, сёньня краіна перажывае самы складаны этап у сваёй найноўшай гісторыі. «Гаворка папраўдзе ідзе аб захаваньні дзяржаўнасьці», — гаворыцца ў заяве Ўладзімера Макея.

«Перамены патрэбны, гэтага ніхто не адмаўляе, — падкрэсьліў ён. — Але не цаной грамадзкага супрацьстаяньня ці рэвалюцый. У гэтым выпадку ахвяр і нэгатыўных наступстваў будзе ў разы больш».

Міністар таксама паведаміў, што ў адрас чальцоў яго сям’і паступаюць пагрозы.

«Я яшчэ магу зразумець, калі раздаюцца пагрозы ў адрас дзяржаўнага службоўца, які займае канкрэтную пасаду. Але агідненькі, ананімны ціск на сямʼю, у тым ліку на малалетніх дзяцей, ніяк не ўкладаецца ў маёй галаве з паняцьцем „дэмакратыя“. За гэтыя сьлёзы майго 11-гадовага сына я гатовы перагрызьці горла», — гаворыцца ў звароце міністра да супрацоўнікаў сыстэмы дыпляматычнай службы краіны.

13:06 20.8.2020

Берасьцейцы нясуць кветкі на месца гібелі Генадзя Шутава. ФОТА

У Берасьці зьявіўся стыхійны мэмарыял памяці Генадзя Шутава, які 11 жніўня атрымаў ад сілавікоў агнястрэльнае раненьне ў галаву, ад якога 19 жніўня памёр, піша Tut.by.

Генадзь Шутаў памёр раніцай 19 жніўня ў Менскім вайсковым шпіталі.

«У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор; чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак», — расказала Свабодзе дачка загінулага Наста.

Сёньня берасьцейцы нясуць на месца трагедыі на вуліцы Маскоўскай кветкі і лямпадкі.

Афіцыйна гэта трэці выпадак гібелі пратэстоўца пры здушэньні пасьлявыбарчых пратэстаў і першы ад агнястрэльнай зброі.

Раней улады прызналі два выпадкі сьмерці: 34-гадовага Аляксандра Тарайкоўскага ў Менску і 25-гадовага Аляксандра Віхора ў Гомлі.

12:26 20.8.2020

Марыя Калесьнікава патлумачыла сваю заяву аб магчымым удзеле Лукашэнкі ў новых выбарах

«Любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа ўдзельнічаць у выбарах. Але паколькі мы настойваем на вяртаньні Канстытуцыі Беларусі 1994 году, то там застаецца абмежаваньне права балятавацца на пасаду прэзыдэнта двума тэрмінамі. А пакуль дзейнічае Канстытуцыя новага ўзору, такое права ў яго застаецца», — заявіла Свабодзе адна з прадстаўніц абʼяданага штабу Сьвятланы Ціханоўскай, сябра Каардынацыйнай рады ў справе транзыту ўлады Марыя Калесьнікава.

12:21 20.8.2020

Так выглядае службовы ўваход у Купалаўскі тэатар

Сеньня раніцай на дзьвярах галоўнага ўваходу тэатра плякат «Нас выгналі з дому, але мы не здадзімся!». На службовым уваходе абвестка, што 19 і 20 жніўня непрацоўныя дні, бо ва ўсіх памяшканнях тэатра праводзіцца санітарна-эпідэміялягічная апрацоўка. Кавярня «Аўстэрыя Уршуля» не працуе, на ей абвестка «Спэцабслугоўваньне». Да тэатру падыходзяць журналісты.

Каля 50 актывістаў утварылі кола каля галоўнага ўваходу ў Купалаўскі тэатар. Некаторыя ў народных строях, сьпяваюць «Рэчаньку». Музыка Сяржук Доўгушаў сказаў, што людзі зьбіраюцца прыходзіць сюды штодня а 12-й, а потым зьбірацца каля філярмоніі, дзе таксама будуць сьпяваць. Будаўнікі, якія працуюць побач, пагадзіліся на паўгадзіны прыпыніць шумныя працы — слухаюць, як сьпяваюць.

12:18 20.8.2020

Макей заявіў, што Беларусі патрэбныя перамены і што яму пагражаюць

Словы міністра замежных справаў краіны прыводзіць агенцтва ТАСС.

«Перамены патрэбныя, гэтага ніхто не адмаўляе, — падкрэсьліў ён. — Але не цаной грамадзянскага супрацьстаяньня ці рэвалюцый. У гэтым выпадку ахвяр і нэгатыўных наступстваў будзе ў разы больш».

Міністар таксама паведаміў, што ў адрас чальцоў яго сям’і паступаюць пагрозы.

«Я яшчэ магу зразумець, калі раздаюцца пагрозы на адрас дзяржаўнага служачага, які займае канкрэтную пасаду. Але агідненькі, ананімны ціск на сямʼю, у тым ліку на малалетніх дзяцей, ніяк не ўкладаецца ў маёй галаве з паняцьцем» дэмакратыя. За гэтыя сьлёзы майго адзінаццацігадовага сына я гатовы перагрызьці горла", — гаворыцца ў звароце міністра да супрацоўнікаў сыстэмы дыпслужбы рэспублікі.

12:16 20.8.2020

Стывэн Фрай: «Мы бачым, як уся Беларусь змагаецца за свабоду пад бел-чырвона-белым сьцягам»

Брытанскі актор і драматург Стывэн Фрай заклікаў брытанскі ўрад увесьці санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі «нароўні» з тымі, якія распрацоўвае Эўразьвяз.

«Мы бачым, як уся Беларусь змагаецца за свабоду пад бел-чырвона-белым сьцягам, пад колерамі спагады і адвагі, – сказаў Фрай у відэазвароце, апублікаваным у Твітэры. – Я падтрымліваю беларускі народ у яго жаданьні дэмакратычных зьменаў».

Фрай выказаў салідарнасьць з акторамі Беларускага свабоднага тэатру і Купалаўскага тэатру ў Менску, якія пацярпелі ад рэпрэсій рэжыму. Ён таксама заклікаў далучацца да кампаніі салідарнасьці зь дэмакратычнай Беларусьсю пад хэштэгам #standwithbelarus.

12:14 20.8.2020

Найбуйнейшая ІТ-кампанія Беларусі адкрые курсы для неайцішнікаў

Беларуска-амэрыканская ІТ-кампанія EPAM ужо раней паведамляла, што дапаможа пацярпелым падчас мірных акцыяў пратэсту. Цяпер EPAM адкрывае праграмы па навучаньні і перакваліфікацыі для грамадзян Беларусі, якія ня маюць вопыту працы ў IT.

Інтэнсіўны трохмесячны курс будзе праходзіць у онлайн і офлайн-фарматах ў Менску і ўсіх абласных цэнтрах, дзе знаходзяцца офісы кампаніі — Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні, Магілёве.

12:11 20.8.2020

Пасьля пратэсту ў газэце «Звязда» прадставілі новага рэдактара Карлюкевіча, экс-міністра інфармацыі

Галоўны рэдактар «Звязды» Павал Сухарукаў пакінуў сваю пасаду пасьля таго, як на старонках выданьня быў надрукаваны адкрыты ліст да чытачоў.

Пра гэта паведаміла супрацоўніца газэты Ірэна Кацяловіч пасьля завяршэньня сходу ў рэдакцыі:

«Гэта не звальненьне загадам міністра інфарімацыі, а паводле заявы рэдактара Сухарукава. Ён сказаў, што на яго паўплывалі падзеі ў краіне, пратэст калектыву, і ён падаў заяву сам. Новапрызначаны рэдактар Карлюкевіч маўчаў на нарадзе, выступаў міністар Луцкі, ён агучыў рашэньне, зачытаў загад. Была дыскусія, як працаваць у цяпершніх умовах паводле Закону аб СМІ. Луцкі адказаў, што ня трэба працаваць, як tut.by і naviny.by. Такім чынам плюралістычна асьвятляць падзеі не дазволіў»,— распавяла Свабодзе Ірэна Кацяловіч.

Для сябе яна пырняла рашэньне:

«Я напісала заяву на звальненьне. Іншыя таксама падпісалі такія заячвы, яны пакуль не разгледжаныя. Цяпер у калектыве бурленьне».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG