Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь мітынгоўцамі мы разьбяромся». Цытаты Лукашэнкі з пасяджэньня Савету бясьпекі 


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка 19 жніўня на пасяджэньні Савету бясьпекі выказаўся пра вонкавыя і ўнутраныя пагрозы.

«Атакі нават на чальцоў ураду»

У прыватнасьці, ён заявіў, што паступаюць пагрозы на адрас сем’яў вайскоўцаў, міліцыянтаў, спэцслужбаў, дзяржаўных службоўцаў, работнікаў СМІ.

«Чыняцца нават атакі на чальцоў ураду. Вы бачылі паводзіны асобных мітынгоўцаў у дачыненьні да міністра здароўя, — прывёў ён прыклад. — Пагрозы і атакі на працоўных заводаў і фабрык, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Іх перад і пасьля працоўнага дня прапускаюць на прахадной праз калідор агрэсіўнага натоўпу. Як гестапа. Хачу сказаць рабочым, выказаць ім падзяку і папрасіць, каб яны не хавалі вочы ў асфальт. Вы, рабочыя, гаспадары на гэтым заводзе, а з гэтымі мітынгоўцамі, якія вас сустракаюць на прахадной, мы разьбяромся».

«Разьбярыцеся ў сваіх краінах»

Аляксандар Лукашэнка заклікаў заходніх кіраўнікоў, якія зьбіраюцца і абмяркоўваюць сытуацыю ў Беларусі, перш за ўсё зьвярнуць увагу на праблемныя пытаньні ў сваіх краінах.

«Кіраўнікі заходніх дзяржаваў прапануюць нам перамовы. А ў гэты час працягваюць гнуць сваю лінію. Мы гэта разумеем, але не ўспрымаем. Зьбіраюцца правесьці нараду на ўзроўні ці то МЗС, ці то кіраўнікоў Эўразьвязу. Я б ім параіў: перш чым тыкаць пальцам у нас, унесьці ў парадак дня сваіх нарадаў пытаньні „жоўтых камізэлек“ у Францыі, жудасных беспарадкаў у ЗША. Я б хацеў, каб яны разгледзелі пратэсты супраць каранавіруснай ізаляцыі ў Нямеччыне, іншых краінах Эўропы. А ўжо потым, пасьля разгляду сваіх пытаньняў, шостым ці сёмым пунктам можна ўнесці і пытаньне аб Беларусі».

«Грошы паступаюць наяўнымі»

Кіраўнік Беларусі перакананы, што працягваецца вонкае фінансаваньне вулічных акцыяў і беспарадкаў у Менску ды іншых гарадах.

«Заходнія дзяржавы ўжо наўпрост, не хаваючы, у адкрытую заяўляюць пра збор сродкаў і накіраваньне іх у Беларусь. Мы гэта бачым. Вядома, мы ня можам адсачыць усе грошы, якія сюды ідуць. Бо вельмі шмат паступаюць наяўнымі. Але мы гэта ведаем і на гэтым пытаньні сканцэнтруемся», — паабяцаў ён.

«Адкрытая хлусьня ў інтэрнэце»

Аляксандар Лукашэнка загадаў падначаленым супрацьстаяць фэйкам. Ён назваў гэта «вялікай праблемай». Запэўніў, што ніводнага сілавіка зь іншых дзяржаваў у Беларусі няма.

«Адкрытая хлусьня ў інтэрнэце: замежныя войскі ў Беларусі, тэхніка з Расейскай Фэдэрацыі. Напэўна, ужо бачылі, калі гэтыя фэйкі раскручваюцца. Бяруць калёну вайсковай тэхнікі — невядома калі, невядома чыя, невядома на якой дарозе, але трэба сказаць, што яны з расейскай мяжы ў Воршу рухаюцца. Зьнялі, не разумеючы таго, што гэта беларускія БТР, а не расейскія. І што яны рухаліся ў кірунку заходняй мяжы, калі мы прынялі рашэньне аб дадатковых мерах абароны дзяржаўнага сувэрэнітэту і незалежнасьці», — сказаў Лукашэнка.

«Нас заспакоіць не атрымаецца»

Перакананы, што цяпер усяму сьвету выгадная «беларуская карцінка», каб адцягнуць увагу ад унутраных праблемаў.

«У гэтых спадароў бервяно ў воку. Але яны гэтага ня бачаць. Ня трэба сёньня ківаць на Беларусь, каб адвесці ўвагу ад тых праблемаў, якія існуюць у Францыі, ЗША, Нямеччыне і г. д. Так, нягледзячы на тое, што ўся краіна ў прынцыпе ў пераважнай большасьці занятая працай, тым ня менш складанасьці ў пляне грамадзка-палітычнай сытуацыі застаюцца. Мы гэта бачым. Як я ўчора казаў, супакойвацца нельга. Тыя, хто хочуць нас заспакоіць, — не атрымаецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG