У Беларусі для падтрымкі рабочых, якія пратэстуюць, стварылі Нацыянальны страйкавы камітэт
У склад камітэту ўвайшлі адзін з заснавальнікаў Фонду салідарнасьці Андрэй Стрыжак, блогер Эдуард Пальчыс, IT-прадпрымальнікі Аляксандар Падгорны і Яраслаў Ліхачэўскі.
Як паведаміў БелаПАН Андрэй Стрыжак, на рахунку Фонду салідарнасьці, які дапамагае беларусам, што пазбавіліся працы праз палітычныя рэпрэсіі, сабраны 1 млн даляраў. Але для аказаньня дапамогі ўсім гэтых грошай недастаткова, таму зьвярнуліся па падтрымку да нацыянальнага бізнэсу.
На заклік ужо адгукнулася больш за 70 кампаніяў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны возьмуць шэфства над страйкоўцамі, а страйкамы на месцах вызначаць, каму канкрэтна патрэбная падтрымка. Гатоўнасць пракансультаваць кожны страйкам выказала юрыдычная фірма REVERA.
Цяпер адзіным буйным прадпрыемствам, дзе прынятае прынцыповае рашэньне пра страйк, зьяўляецца «Беларуськалій». Астатнія пакуль вырашаюць, якім будзе іх фармат удзелу. Рабочыя праводзяць мітынгі, патрабуючы адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых выбараў, аднак прадпрыемствы працягваюць працаваць.
Каардынацыйная рада для перадачы ўлады абрала прэзыдыюм. Хто ў ім?
Навошта патрэбна Каардынацыйная рада
Каардынацыйная рада для забесьпячэньня трансфэру ўлады ня ставіць на мэце захоп улады неканстытуцыйным шляхам, заявіла давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова.
«Каардынацыйная рада зьяўляецца адзіным прадстаўнічым органам беларускага грамадзтва. Ён створаны і будзе функцыянаваць з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай з мэтай арганізацыі працэсу перадачы ўлады і забесьпячэньня згоды ў грамадзтве, — сказала Кавалькова. — Каардынацыйная рада дзейнічае на падставе асноўных прынцыпаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
Рабочы ММЗ: «Афіцыйны прафсаюз нам не дапамагае, хутчэй падтрымлівае адміністрацыю»
З 3200 працаўнікоў Менскага маторнага заводу сёньня працягвалі страйк некалькі дзясяткаў чалавек, якія раней падпісалі заявы на адпачынак за свой кошт. Яшчэ больш за 200 чалавек падпісаліся пад сьпісам патрабаваньняў, перададзеных у адміністрацыю заводу. Сярод іх адстаўка Лукашэнкі, вызваленьне палітвязьняў і новыя выбары.
Пра гэта Свабодзе паведаміў працаўнік заводу Андрусь Комлік-Ямацін.
Раніцай 19 жніўня ён зь іншымі работнікамі ММЗ браў удзел у сустрэчы рабочых каля прахадной МТЗ, якую разагнаў АМАП. Працаўнікі ММЗ вярнуліся на сваё прадпрыемства і тут даведаліся, што ім заблякавалі пропускі ды пагражаюць звальненьнем.
«Абышлося папярэджаньнем, што нам могуць на 10 працэнтаў абрэзаць прэмію, але звольніць ня маюць права, бо мы адсутнічалі толькі 3 гадзіны», — сказаў Андрусь Комлік-Ямацін.
Паводле працаўніка ММЗ, цяпер на заводзе ідзе складаны працэс фармаваньня страйкаму і падрыхтоўкі юрыдычнай базы для страйку.
«Незалежнага прафсаюзу ў нас няма, а афіцыйны нічым не дапамагае. Ён дапамагае хіба што адміністрацыі, а не рабочым. Будзем ствараць страйкам у цэхах і падводзіць юрыдычную базу пад страйк, бо пакуль нам кажуць, што гэта ўсё незаконна. Працэс ідзе, але пагаджуся, што марудна. Няма досьведу», — сказаў Андрусь Комлік-Ямацін з ММЗ.
Берасьце. На заводзе «Гефест» адбываецца сход, рабочыя абмяркоўваюць страйк
Эўразьвяз не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі
Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краін ЭЗ не прызнаюць вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта ў сераду, 19 жніўня, заявіла канцлер ФРГ Ангела Мэркель па выніках надзвычайнага саміту ў Брусэлі.
Паводле яе, галасаваньне не было ні справядлівым, ні свабодным.
«Выбары не былі ні справядлівымі, ні свабоднымі, і з гэтай прычыны вынік гэтых выбараў ня можа быць прызнаны», — сказала канцлер Нямеччыны — краіны, якая з 1 ліпеня па ратацыі зьяўляецца старшынёй Рады ЭЗ.
Няма ніякіх сумненьняў у тым, што мелі месца масавыя парушэньні падчас выбараў, адзначыла Мэркель па выніках кансультацыяў, якія доўжыліся каля трох гадзін. «Мы асуджаем жорсткі гвалт супраць людзей», — дадала яна.
Усе палітвязьні павінны быць безумоўна вызваленыя, падкрэсьліла канцлер. Акрамя таго, неабходны нацыянальны дыялёг, на якім настойвае апазыцыя, упэўненая Ангела Мэркель. «Мы на баку мірных дэманстрантаў», — дадала яна.
На «Гомсельмашы» а 15-й гадзіне 19 жніўня прайшоў «антымайдан»
З «Гомсельмашу» звольнілі электраманцёра, які нібыта заклікаў страйкаваць
Арцём Савіцкі працаваў на «Гомсельмашы» электраманцёрам. На прадпрыемстве былі няўдалыя спробы страйкаваць — працоўных зачынілі ў цэхах. Зачынілі ў цэху і Арцёма — пасьля таго, як ён расказаў журналістам пра сытуацыю на заводзе.19 жніўня яго звольнілі.
«Я расказаў журналістам, што людзей зачынілі ў цэхах. На наступны дзень мяне сустрэў начальнік цэху і пачаў казаць, як добра жыць у краіне, якую пабудаваў наш прэзыдэнт, угаворваў не рабіць глупстваў, казаў, што ніхто мне зь верталёта грошай ня дасьць, забараніў куды-небудзь хадзіць. Потым мяне зачынілі ў цэху, а я зьняў відэа пра гэта. На наступны дзень за мной яшчэ больш сачылі, чакалі на кожным кроку і інфармавалі маё кіраўніцтва», — расказаў Свабодзе электраманцёр.
Паводле ягоных словаў, яго выклікалі па працы ў іншы цэх, і там увогуле «абражалі матамі, казалі, што я дэбіл».
На паседжаньні прафкаму па звальненьні Арцёму паказалі калектыўную скаргу працоўных.
«Там было, што я неадэкватны чалавек, што агітаваў людзей страйкаваць. Начальнік прафсаюзнага камітэту нібыта павінен абараняць працоўных, а сам першы крычаў на мяне на паседжаньні», — дадаў Арцём.
Ангела Мэркель: Лукашэнка адмовіўся гаварыць па тэлефоне
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла 19 жніўня, што безвынікова спрабавала арганізаваць тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Таксама я прасіла тэлефонную размову з прэзыдэнтам Пуціным, размова, як вы ведаеце, адбылася», — сказала Мэркель на брыфінгу па выніках онлайн-сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін Эўразьвязу, прысьвечанай падзеям у Беларусі.
Выступаючы на Менскім заводзе колавых цягачоў 17 жніўня, Лукашэнка сказаў: «Ужо ўчора тэлефануе Мэркель: „Я хачу пагаварыць“. Гэтыя — Наўседа там і іншыя, „Мы хочам пагаварыць“. Ня трэба мяне нахіляць ні з Захаду, ні з Усходу».
Пры тым Лукашэнка сам неаднаразова стэлефаноўваўся з Уладзімірам Пуціным пасьля выбараў
Незалежныя прафсаюзы ўзялі на сябе каардынацыю дзейнасьці агульнанацыянальнага страйкавага камітэту
Незалежныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, заявілі, што бяруць на сябе каардынацыю працы дзеля стварэньня агульнанацыянальнага страйкавага камітэту.
«На прадпрыемствах Беларусі ствараюцца страйкамы. Сытуацыя ў краіне патрабуе ад нас адзінства і каардынацыі дзеяньняў, каб дамагчыся выкананьня нашых патрабаваньняў адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня сумленных выбараў. Прапануем усім камітэтам узгадніць свае дзеяньні і быць гатовымі да ўзаемадапамогі і сумесных выступаў», — гаворыцца ў заяве незалежных прафсаюзаў.
Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, выкарыстоўваючы досьвед, веды і сілы незалежных прафсаюзаў, бярэ на сябе каардынацыю працы для стварэння агульнанацыянальнага страйкавага камітэту.
Заяву падпісалі:
- старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук,
- старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў,
- лідэр прафсаюзу Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч,
- старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў,
- старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалай Шарах.
«Яны думаюць, што мы — быдла. Я ня згодны». Дактары пра ліст Караніку і акцыі пратэсты
18 жніўня звыш 300 лекараў зьвярнуліся да міністра Караніка. Падпісанты адкрытага звароту абураныя і расчараваныя тым, што цяпер адбываецца ў сыстэме аховы здароўя краіны. Яны крытыкуюць міністра за адсутнасьць дыялёгу і ініцыятыву ў дапамозе пацярпелым падчас пратэстаў.
Чым абураныя і чаго патрабуюць лекары, якія зьвярнуліся з адкрытымі лістом да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка. Тлумачаць падпісанты ліста доктарка Эмілія Мезіна і дырэктар прыватнага мэдычнага цэнтру ў Менску Дзьмітрый.
Эмілія Мезіна 8 гадоў працавала ў паліклініцы МУС. Яна выходзіла на ланцугі салідарнасьці лекараў у Менску, зьвярталася з адкрытым зваротам да сілавікоў з заклікам спыніць гвалт:
— Мы хацелі дыялёгу з міністрам, хочам і цяпер. Тое, што на мітынгу быў правакатар, гэта ня тычыцца мэдычнай супольнасьці. Гаварыць з міністрам было жаданьнем, яно захоўваецца дагэтуль. Мы хацелі б задаць наўпроставае пытаньне. Чаму ён не адрэагаваў як міністар аховы здароўя на зьбіцьцё грамадзянаў, на тое, што беларусаў пачалі затрымліваць з траўмамі і да іх не дапускалі мэдыкаў?
Эўракамісія дасьць €53 млн грамадзянскай супольнасьці Беларусі і ахвярам гвалту, зьменшыць дапамогу дзяржаве
Старшыня Эўракамісіі Урсула Фон дэр Ляен заявіла, што ў Эўразьвязе гатовыя вылучыць значную падтрымку Беларусі ў рамках «Усходняга партнэрства».
Яна падкрэсьліла, што лідэры Эўразьвязу пасылаюць тры сыгналы Беларусі:
— Эўразьвяз падтрымлівае беларускі народ;
— Эўразьвяз увядзе санкцыі супраць асобаў, адказных за гвалт і фальсыфікацыі;
— Эўразьвяз гатовы суправаджаць мірную перадачу ўлады ў Беларусі.
Таксама Эўразьвяз зьбіраецца пераразьмеркаваць сродкі і вылучыць больш грошай грамадзянскай супольнасьці, а ня ўладам.
«2 млн эўра будуць вылучаныя на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў і непрымальнага гвалту з боку дзяржавы, 1 млн — на падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, 50 млн эўра ў межах экстранай дапамогі на барацьбу з каранавірусам для сыстэмы аховы здароўя», — сказала Фон дэр Ляен.
Russia Today: Нашы супрацоўнікі на Беларускай тэлевізіі не працуюць
Галоўная рэдактарка тэлеканалу Russia Today Маргарыта Сіманьян у камэнтары радыёстанцыі «Говорит Москва» заявіла, што рэдакцыя сапраўды гатовая дапамагчы беларускім калегам, калі іх «ветліва папросяць». Але цяпер у Менску журналістаў RT няма.
«Ніякія супрацоўнікі RT ні на якім беларускім тэлебачаньні не працуюць. Але калі нас папросяць дапамагчы, калі нас папросяць ветліва, то мы з задавальненьнем дапаможам. Мы наогул дапамагаем рэдакцыям у розных краінах, ад Кітая да Туніса, робім гэта шмат гадоў. Ну а тым больш братам беларусам як не дапамагчы? Калі ветліва папросяць», — паўтарыла Сіманьян.
Раней Свабода паведамляла, што ў Менску страйкоўцаў зь Беларускай тэлевізіі замянілі былымі і дзейнымі журналістамі RT. Гаворка вялася перадусім пра рэжысэраў, апэратараў, тэхнічным пэрсанале.
Некалько сотняў супрацоўнікаў БТ раней заявілі, што далучаюцца да страйку або напісалі заявы на звальненьне.
Гарадзенцы прыйшлі пад тытунёвую фабрыку «Нёман» падтрымаць рабочых
Каля 300 чалавек прыйшлі пад тытунёвую фабрыку, каб падтрымаць рабочых. Кіраўніцтва перашкаджае ім баставаць. Міліцыя папярэджвае, што акцыя несанкцыянаваная. Пратэстоўцаў падтрымліваюць аўтамабілісты.
«Больш ня можам казаць „Добрай раніцы“». На знак пратэсту звальняецца калектыў радыё «Сталіца»
Частка калектыву радыё «Сталіца» напісала заявы на звальненьне, паведаміла Свабодзе супрацоўніца, якая прасіла не называць сябе.
Разам з супрацоўнікамі звольніўся дырэктар радыё «Сталіца» Алег Міхалевіч і загадчыца аддзела інфармацыйных праграм Ала Рыжэвіч.
На радыё «Сталіца» засталіся «літаральна некалькі супрацоўнікаў». Ад панядзелка не выходзяць перадачы і навіны, акрамя навінаў спорту, сказала супрацоўніца. У панядзелак калектыў прыйшоў на працу, але сядзеў у студыях з выключанымі мікрафонамі. Генэральны дырэктар «Першы нацыянальны канал беларускага радыё» абяцаў, што на сустрэчу з супрацоўнікамі прыедзе старшыня «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант, але ён не прыехаў.
Да напісаньня заяваў на звальненьне супрацоўнікі радыё «Сталіца» паведамілі свайму кіраўніцтву пра забастоўку, але паводле кіраўніцтва афіцыйна яны могуць выйсьці на забастоўку толькі пасьля двух тыдняў пасьля афіцыйнага абвяшчэньня – 31 жніўня. Сярод патрабаваньняў супрацоўнікаў было:
- правядзеньне новых сумленных выбараў;
- спыненьне гвалту;
- спыненьне забаўляльнага эфіры ў абʼектыўнае асьвятленьне падзей.
«Мы зразумелі, што больш ня можам казаць "Добрай раніцы"», – сказала супрацоўніца.
Адной з падставай стала тое, што ў будынку Дома радыё дзяжураць сілавікі. Суразмоўцу Свабоды асабіста абурыла, што 13 жніўня ў фае будынку АМАП пераапранаўся ў «касманаўтаў».
«Вясна»: вядомыя больш чым пра 60 падазраваных па справе за «арганізацыю масавых беспарадкаў»
Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьбірае зьвесткі пра людзей, у дачыненьні да якіх былі распачатыя крымінальныя справы пасьля затрыманьняў на акцыях пратэсту, якія пачаліся ў Беларусі пасьля выбараў прэзыдэнта.
Паводле стану на 19 жніўня, праваабаронцам вядома больш чым пра 60 падазраваных у розных гарадах краіны. Гаворка пра затрыманых у рамках артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу — масавыя беспарадкі.
Сьпіс затрыманых, пра якіх вядома на цяперашні момант, апублікаваны на сайце «Вясны».
Праўладны і апазыцыйны мітынгі ў Бабруйску
Стыхійны пратэст каля Міністэрства ўнутраных спраў
Ля будынку Міністэрства ўнутраных справаў, дзе сёньня анансавалі акцыю пратэсту, перакрылі праходы, але людзі паволі зьбіраюцца побач. Ёсьць ужо некалькі дзясяткаў чалавек, бел-чырвона-белыя сьцягі
Каля КДБ застаюцца пратэстоўцы — нягледзячы на дождж. Праспэкт Незалежнасьці перакрылі, пасьля па ім пусьцілі калёну машынаў з чырвона-зялёнымі сьцягамі, якую пратэстоўцы сустрэлі крыкамі «Ганьба»
Апанэнт Трампа падтрымаў падтрымаў беларусаў
Джо Байдэн, відэ-прэзыдэнт ЗША пры Бараку Абаму і кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2020 году, падтрымаў беларусаў.
«Адважныя грамадзяне Беларусі дэманструюць, што іх галасы ня будуць заглушаныя ні тэрорам, ні катаваньнямі, — напісаў Байдэн у Twitter. — Злучаныя Штаты павінны падтрымліваць заклік Сьвятланы Ціханоўскай да сумленных выбараў. Расеі трэба казаць, каб яна ня ўмешвалася — гаворка ідзе не пра геапалітыку, а пра права выбару сваіх лідэраў».
Лукашэнка прызначыў новы ўрад. Прэм'ер і ўсе ключавыя міністры захавалі партфэлі
Аляксандр Лукашэнка прызначыў Рамана Галоўчанку прэм’ер-міністрам Беларусі з наступным узгадненьнем яго прызначэньня з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Адпаведны ўказ ён падпісаў 19 жніўня, паведамілі БелТА ў прэс-службе прэзыдэнта.
Яшчэ адным указам Аляксандр Лукашэнка прызначыў чальцоў урада.
Усе ключавыя міністры, якія ўваходзілі ў давыбарны ўрад, захавалі партфэлі.
У Горадні на плошчы Леніна пачаўся мітынг пратэстоўцаў