Некалькі тысяч чалавек пратэстуюць на плошчы Незалежнасьці ў Менску
Некалькі тысяч чалавек да 19 гадзін сабраліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску, каб выказаць пратэст супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Сярод іх тыя, хто гадзінай раней прыйшоў на пратэст да будынка МУС. Да сыходу на плошчу людзі скандавалі «Караева пад суд!», «Давай!», «Лукашэнка ў аўтазак!», «Трыбунал!», «Страйк!», «Свабоду слова для ўсіх і кожнага!».
Праспэкт Незалежнасьці перакрыты для прыватнага транспарту, аднак грамадзкі ходзіць.
Дзе могуць дапамагчы звольненым, страйкоўцам, пацярпелым. Сьпіc
Падтрымка звольненым сілавікам, дапамога рабочым, мэдычная і псыхалягічная дапамога ўсім пацярпелым. Сьпіс ініцыятываў і як да іх зьвярнуцца.
На фоне гвалту з боку сілавікоў, пратэстаў і страйкаў беларусы арганізавалі дзясяткі ініцыятываў дапамогі рабочым, пратэстоўцам, параненым ды іншым. Свабода сабрала зьвесткі пра асноўныя ініцыятывы.
У які бок схіляюцца шалі беларускай рэвалюцыі?
Якімі могуць быць яе наступныя крокі? Што прапануюць лідэры рэвалюцыі? Наколькі на палітычны працэс уплывае фактар Расеі?
Гэтыя тэмы абмяркоўваюць гісторык Аляксандар Пашкевіч і бізнэсовец, грамадзкі дзеяч Іван Шыла.
Пашкевіч:
- Нягледзячы на вялікую хвалю пратэстаў і страйкі, пакуль ня бачна выразнага расколу элітаў
- У выніку доўгіх зачыстак моцныя лідэры былі нэўтралізаваныя
- Ціханоўская была фармальны, вымушаны лідэр
- Цяпер надыходзіць момант, калі пытаньне палітычнага лідэрства ставіцца рубам
- Мне здаецца, што як бы ні абярнулася справа, грамадзтва ўжо не ўпадзе ў сьпячку ў любым выпадку
Шыла:
- У нядзелю здавалася, што мы ўбачым гелікоптэр, які адлятае з Лукашэнкам
- Мне здаецца, што спыненьне разгонаў і затрыманьняў — гэта была ініцыятыва не Лукашэнкі, а сілавікоў
- Калі мы не атрымліваем вынікаў, колькі ў нас засталося дзён, пакуль мы не пачнём сварыцца паміж сабой?
- Палітвязьні — Бабарыка, Статкевіч — выйдуць у самы апошні момант
- Сярод пратэстоўцаў непапулярная ідэя вызваліць палітвязьняў сілай
Найбуйнейшая праектная установа гарнякоў патрабуе спыніць гвалт і правесьці новыя выбары
У кампаніі працуе 800 чалавек, больш за 200 ужо падпісаліся пад калектыўным зваротам да ўладаў Беларусі. Пра гэта Свабодзе паведамілі супрацоўнікі кампаніі.
У кампаніі «Белгорхімпрам» патрабуюць:
- Спыніць гвалт і кровапраліцьце з боку сілавых структураў у адносінах да мірных грамадзян Беларусі. Бо «пратэсты носяць мірны характар, а прымяненьне сілы абсалютна неапраўданае. З пратэстоўцамі трэба дамаўляцца мірным шляхам».
- Спыніць парушэньне грамадзянскіх правоў на свабоду слова, забясьпечыць свабоднае выказваньне думак і атрыманьне праўдзівай інфармацыі ад органаў улады
- Прыцягнуць да адказнасьці асобаў органаў дзяржаўнай улады, сілавых структур і праваахоўнікаў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы і ня выканалі свае абавязкі добрасумленна і ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Асаблівую ўвагу надаць зьверствам і зьдзекам супрацоўнікаў праваахоўных органаў у ЦІПах і ізалятарах
- Вызваліць усіх палітычных зьняволеных, а таксама незаконна затрыманых грамадзян. Аказаць грамадзянам, якія пацярпелі на мірных пратэстах, неабходную мэдычную, юрыдычную і матэрыяльную падтрымку.
- У сувязі зь вялікай колькасьцю зафіксаваных парушэньняў на выбарах прэзыдэнта 9 жніўня прызнаць іх несапраўднымі і правесьці новыя адкрытыя выбары з публічным падлікам галасоў і прыцягненьнем незалежных назіральнікаў.
Мэркель: «Мы гаворым з Расеяй, каб прадухіліць яе ўмяшаньне ў сытуацыю ў Беларусі»
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель пакуль не бачыць сябе пасярэднікам у дазволе палітычнага крызісу ў Беларусі. Пра гэта яна заявіла, адказваючы на пытаньні журналістаў па выніках надзвычайнага саміту Эўразьвязу 19 жніўня, паведамляе БелаПАН.
«Прэзыдэнт Лукашэнка адхіліў усякія тэлефонныя размовы, пра што я шкадую. Пасрэдніцтва магчыма, толькі калі ёсьць кантакт з усімі бакамі», — падкрэсьліла Мэркель. Пры гэтым яна адзначыла, што ЭЗ выступае за «нацыянальны дыялёг».
«Мы гаворым з Расеяй, каб прадухіліць яе ўмяшаньне ў сытуацыю ў Беларусі, — заявіла Мэркель. — Міністар замежных спраў Лаўроў выказаў сёньня сваю пазыцыю». (Магчыма, маецца на ўвазе фраза Лаўрова ў інтэрвію тэлеканалу «Россия»: «Перакананы, што беларускі народ са сваёй мудрасьцю сам можа разабрацца ў цяперашняй сытуацыі». — БелаПАН)
«Расея і Беларусь цесна зьвязаны дамовамі. Разам з тым мы выразна далі зразумець, што ваеннае ўмяшаньне Расеі, натуральна, вельмі ўскладніць сытуацыю. Таму я і кажу пра тое, што Беларусь павінна сама знайсьці свой шлях. Дарэчы, большасьць апазыцыі зусім не настроена супраць Расеі, і гэта відаць. Яна супраць мэтадаў прэзыдэнта Лукашэнкі», — адзначыла Мэркель.
Каардынацыйная Рада спрабавала званіць у Адміністрацыю прэзыдэнта, але беспасьпяхова
У Менску адбылося першае пасяджэньне Каардынацыйнай Рады. Быў абраны прэзыдыюм і прынятая рэзалюцыя з патрабаваньне спыніць гвалт, вызваліць палітвязьняў і прызнаць выбары несапраўднымі.
Член Каардынацыйнай Рады, дыплямат Павал Латушка расказаў, што яны тэлефанавалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, каб паведаміць пра свае мэты і задачы, але адказу не пачулі.
Паводле Рады, перамовы аб транзыце ўлады павінны праходзіць паміж грамадзтвам і ўладамі Беларусі, без умяшаньня трэціх сілаў.
Члены каардынацыйнай Рады падкрэсьлілі, што ніякай праграмы, пра якую пішуць афіцыйныя СМІ, у іх няма, яны ня ставяць за мэту зьмену Канстытуцыйнага ладу і чакаюць, што афіцыйны Менск пагодзіцца на дыялёг дзеля вырашэньня палітычнага крызісу ў краіне.
МЗС Літвы ўнёс Лукашэнку ў «чорны сьпіс» неўязных
МЗС Літвы ўнёс кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіну. Сьпіс перададзены ў Міністэрства ўнутраных спраў, паведамляе РИА Новости.
Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Лінас Лінкявічус адзначыў, што ў гэтым сьпісе ў агульнай колькасьці 32 чалавекі, якіх Літва лічыць зьвязанымі з фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі і з катаваньнямі пратэстоўцаў.
Раней ён ужо паведамляў у Twitter, што Літва вітае рашэньне Эўрапейскай Рады аб пэрсанальных санкцыях у дачыненьні да адказных за рэпрэсіі ў Беларусі. «Літва запускае працэс увядзеньня нацыянальных санкцый супраць тых, хто нясе адказнасьць за цынічную падробку вынікаў выбараў і жорсткасьць», — адзначыў ён.
Раней прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі прапанавалі сваё пасярэдніцтва для ўрэгуляваньня сытуацыі ў Беларусі.
У цэнтры Горадні прайшоў мітынг супраць Лукашэнкі без электрычнасьці, якую абяцалі забясьпечыць ўлады
У Горадні на плошчы Леніна прайшоў мітынг пратэстоўцаў без электрычнасьці і жывой трансьляцыі.
Улады не далі мітынгоўцам электрычнасьці і гуку, як абяцалі раней. Дзяржаўнае тэлебачаньне не вяло жывой трансьляцыі, як у папярэднія дні.
Сабралася каля пяці тысяч чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, работнікі прадпрыемстваў. Мітынгоўцы скандавалі: «Лукашэнка, сыходзь», «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам».
За гарвыканкамам побач зь мітынгам стаялі некалькі міліцэйскіх машын, за дзьвярыма ў будынку гарвыканкаму былі відаць амапаўцы ў чорнай форме. Да людзей яны не выходзілі.
Мітынг ішоў каля гадзіны. Пасьля гэтага адзін з выступоўцаў прапанаваў людзям прыйсьці на наступны дзень а 19 гадзіне. Людзі хутка разышліся. Затрыманьняў не было відаць.
Пятро Парашэнка пра сытуацыю ў Беларусі: «Гэта ня будзе вельмі кароткі працэс»
У эксклюзіўным інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка распавёў, якім можа быць варыянт разьвіцця сытуацыі ў Беларусі, ці карэктна параўноўваць Рэвалюцыю годнасьці ва Ўкраіне 2014 году з пратэстамі ў Беларусі, што можа зрабіць Захад, каб дапамагчы, і пра магчымы ўплыў Расеі.
— На жаль, я хачу сказаць пра Беларусь — гэта ня будзе вельмі кароткі працэс. І, на жаль, мне здаецца, будуць спробы з боку беларускай улады ўтрымацца і супрацьстаяць волі народу. Хоць я б бачыў разьвіцьцё сытуацыі па-іншаму. У інтарэсах Беларусі было б запрасіць АБСЭ, пачаць дыялёг з Радай Эўропы, тэрмінова прыняць важныя рашэньні для захаваньня спакою, стабільнасьці і пачаць падрыхтоўку да новых выбараў. Гэтыя новыя выбары трэба правесьці ў дакладнай адпаведнасьці са стандартамі дэмакратыі і свабоды. Ніякіх іншых сцэнароў, накіраваных на падтрымку дзяржаўнасьці Беларусі, не існуе.
— А Лукашэнка на гэта пойдзе?
— Я думаю, што Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў вельмі складанай сытуацыі. Калі б я мог яму раіць, я б цьвёрда сказаў, што проста не існуе іншага спосабу. Другая пазыцыя, на якой я б сапраўды настойваў, гэта неадкладнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных. Бо гэта толькі абвастрае канфлікт і радыкалізуе працэсы. Я вітаю, што на сёньняшні дзень усе сапраўдныя сябры Беларусі — гэта і Эўразьвяз, і ЗША — не маўчаць. Я спадзяюся, што і Ўкраіна ў рэшце рэшт выкажа сваю пазыцыю. Бо маўчаньне ўкраінскіх уладаў зьяўляецца ня проста незразумелым, яно зьяўляецца непрымальным.
Эўразьвяз асуджае і дае грошы. Лукашэнка загадвае спыніць пратэсты і страйкі. Найважнейшае за 19 жніўня
Эўразьвяз 19 жніўня правёў саміт, на якім кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў заявілі, што не прызнаюць вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі. Удзельнікі саміту адначасова асудзілі гвалт супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі і заклікалі бакі канфлікту да дыялёгу.
Старшыня Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен заявіла, што ЭЗ гатовы выдзеліць значную падтрымку Беларусі ў рамках «Усходняга партнэрства». «Эўракамісія выдзеліць дадатковыя 53 млн эўра для падтрымкі беларускага народу ў гэты цяжкі час. 2 млн эўра будуць выдзеленыя на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў і непрымальнага гвалту з боку дзяржавы, 1 млн — на падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, і 50 млн эўра — у рамках экстранай дапамогі на барацьбу з каранавірусам для сыстэмы аховы здароўя», — сказала фон дэр Ляен.
Сьвятлана Ціханоўская ў відэазвароце заклікала эўрапейскіх лідэраў не прызнаваць выбары ў Беларусі.
Некалькі тысяч чалавек пратэставалі на плошчы Незалежнасьці ў Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
У Горадні на плошчы Леніна прайшоў мітынг пратэстоўцаў без электрычнасьці і жывой трансьляцыі. Улады не далі мітынгоўцам электрычнасьці і гуку, як абяцалі раней. Дзяржаўнае тэлебачаньне не вяло жывой трансьляцыі, як у папярэднія дні.
У Гомлі прайшла акцыя пратэсту. Яе ўдзельнікі прайшліся маршам па цэнтры гораду — ад цырку праз плошчу і праспэкт Леніна да чыгуначнага вакзалу і па праспэкце Перамогі вярнуліся да цырку. Каля цырку быў канцэрт і пачастункі.
Лукашэнка на пасяджэньні Савету бясьпекі распарадзіўся, сярод іншага, узмацніць ахову мяжы па ўсім пэрымэтры, сачыць за перамяшчэньнем войскаў NATO на тэрыторыі Польшчы і Літвы, спыніць «беспарадкі ў Менску», выкрыць «каналы фінансаваньня» пратэстаў і гарантаваць функцыянаваньне прадпрыемстваў.
Лукашэнка прызначыў новы ўрад. Прэм’ер і ўсе ключавыя міністры захавалі партфэлі.
МЗС Літвы ўнёс кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіну.
ААТ «Беларуськалій», у штаце якога каля 15 тысяч супрацоўнікаў, — адзінае буйное прадпрыемства Беларусі, дзе спыненая вытворчасьць.
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель сказала, што ня бачыць сябе пасярэднікам у разьвязваньні палітычнага крызісу ў Беларусі. Мэркель таксама прызналася журналістам, што безвынікова спрабавала арганізаваць тэлефонную размову з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.