Пратэстоўцаў каля МТЗ сустрэў АМАП
Не было яшчэ 7-й гадзіны раніцы, як людзі пачалі зьбірацца каля прахадной Менскага трактарнага заводу, каб падтрымаць рабочых, што абвясьцілі страйк з патрабаваньнем сумленных выбараў, спыненьня гвалту і вызваленьня палітвязьняў. У адрозьненьне ад папярэдніх дзён, сёньня каля МТЗ стаяць амапаўцы, і людзі былі вымушаны перайсьці на іншы бок вуліцы, паведамляюць відавочцы ў Тэлеграме.
Берасьцейскі драмтэатар выступіў супраць гвалту і ў падтрымку купалаўцаў
«Беларускі народ перажывае драматычны пэрыяд у сваёй гісторыі. І мы, акторы, рэжысэры, музыкі, работнікі тэхнічных і адміністрацыйных падразьдзяленьняў Берасьцейскага акадэмічнага тэатру драмы, ня можам стаяць у баку. Мы абавязаныя сёньня сказаць сваё слова. І спадзяёмся, што нас пачуюць.
Гвалту ў Беларусі неабходна пакласьці канец. Немагчыма сілай, страхам і перасьледам людзей за іншую думку навязаць грамадзву шчасьлівую будучыню. Сёньня самавольства і турэмныя катаваньні спрабуюць выдаць за кантроль над сытуацыяй. Але зьдзекі з свайго народу — гэта прыкмета бездапаможнасьці і слабасьці. Такая пазыцыя вядзе да расколу грамадзтва.
Мы, дзеячы культуры і мастацтва, хочам, каб нашае грамадзтва грунтавалася на даверы і ўзаемадапамозе. Любая творчасьць будуецца на выражэньні ўласнай думкі. Перасьлед творчай асобы за яе асаблівую думку — гэта зьнішчэньне самой сутнасьці мастацтва.
Мы патрабуем спыніць перасьлед творчых людзей. Выражаем падтрымку ўсяму калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, чыя будучыня аказалася пад пагрозай.
Лічым неабходным аднавіць на пасадзе генэральнага дырэктара першага драматычнага тэатру краіны Паўла Паўлавіча Латушку, унёсак якога ў разьвіцьцё беларускай культуры немагчыма пераацаніць.
Мы разам!»
Святлана Ціханоўская заклікала эўрапейскіх лідэраў не прызнаваць выбары ў Беларусі
У сваім зварот да Эўрапейскай Рады яна заявіла, што пратэсты ў Беларусі працягваюцца другі тыдзень, а выбары не былі сумленнымі і празрыстымі.
«Людзі, якія выйшлі абараняць свае галасы на вуліцы гарадоў па ўсёй Беларусі, былі жорстка зьбітыя, пазбаўленыя свабоды, падвергліся катаваньням рэжымам, які сутаргава чапляецца за ўладу», — сказала Ціханоўская.
Яна нагадала, што стварыла каардынацыйную раду, якая павінна спрыяць мірнай перадачы ўлады.
«Паважаныя кіраўнікі дзяржаў Эўропы, я заклікаю вас падтрымаць абуджэньне Беларусі. Я заклікаю ўсе краіны паважаць прынцыпы міжнароднага права. Я заклікаю паважаць сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь і выбар беларускага народа» — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Валер Цапкала лічыць Ціханоўскую пераходным прэзыдэнтам і не разумее крытэраў і задач Каардынацыйнай рады
Сьвятлану Ціханоўскую трэба прызнаць пераходным прэзыдэнтам, а новыя выбары правесьці празь пяць-шэсьць месяцаў, заявіў «РИА Новости» экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Валер Цапкала, якога ў Беларусі расшукваюць і які знаходзіцца за мяжой.
«Яна (Ціханоўская) зьяўляецца пераходным прэзыдэнтам. Яна становіцца кіраўніком дзяржавы. Прызначаюцца новыя выбары — празь пяць-шэсьць месяцаў у адпаведнасьці з Канстытуцыяй», — сказаў Цапкала, адказваючы на пытаньне, як павінен быць разьвязаны палітычны крызіс у Беларусі.
Забастоўка на «Беларуськаліі». Стрым Свабоды з Салігорску
ААТ «Беларуськалій», у штаце якога каля 15 тысяч супрацоўнікаў, — адзінае буйное прадпрыемства Беларусі, дзе спыненая вытворчасьць. Як раней паведамляла Свабода, цяпер рабочыя не здабываюць руду і рыхтуюцца да поўнага бясьпечнага безаварыйнага спыненьня вытворчасьці. Раніцай 19 жніўня рабочыя зьбіраюцца на цэнтральнай плошчы Салігорску.
Страйкам «Беларуськалія» прапануе рабочым абвясьціць галадоўку
На цэнтральнай плошчы Салігорску адбываецца сход рабочых «Беларуськалія».
Сустаршыня страйкаму прадпрыемства Анатоль Бокун вынес прапанову аб галадоўцы рабочых. Паводле яго, на рабочых учыняецца беспрэцэдэнтны ціск, каб адмовіцца ад забастоўкі. Бокун лічыць, што рабочым не пакінулі іншай магчымасьці пратэставаць.
Неўзабаве на плошчы адбудзецца галасаваньне рабочых па пытаньні галадоўкі.
Падтрымаць шахцёраў прыйшлі салігорскія настаўніцы
Пакуль страйкам «Беларуськалія» абвясьціў перапынак і вырашае пытаньне галадоўкі, на сцэне перад прысутнымі прамаўляюць настаўніцы. Яны прыйшлі падтрымаць забастоўку шахцёраў.
«Дзякуй за ваш шахцёрскі рух. За вашу адвагу. Калі вы сёньня не аб’яднаецеся і ня станеце да канца, у нашых дзяцей свабоднай будучыні ня будзе», — сказала адна зь іх, дадаўшы, што 1 верасьня ў школе пачне з хвіліны маўчаньня па загінулых у пратэстах.
«Нам здрадзілі, калі мы прагаласавалі. Нашыя дзеці аказаліся пад раздачай. Гэта ня здрада? Тое, як з намі размаўляе ўлада? Гэта ня здрада? Здрада. У нас няма правоў, усе правы ў іх. Я ня бачу будучыні, калі мы не дамо рады», — сказала іншая настаўніца.
На цэнтральнай плошчы Салігорску адбываецца сход рабочых «Беларуськалія».
На ММЗ ад рабочых, якія прыйшлі падтрымаць страйк на МТЗ, патрабуюць тлумачальных
Ад 25 працаўнікоў Менскага маторнага заводу патрабуюць пісаць тлумачэньні, чаму яны сёньня не былі на працы. Гэтыя працаўнікі сёньня а 8-й гадзіне прыйшлі да прахадной МТЗ і стаялі там разам зь іншымі рабочымі прыкладна гадзіну, пакуль не зьвіўся АМАП і не адагнаў людзей ад прахадной.
Пра гэта паведаміў працаўнік ММЗ Андрусь Комлік-Ямацін. Зь ягоных словаў, каля МТЗ разам зь людзьмі, якія прыйшлі падтрымаць страйк рабочых, было каля 500 чалавек, некаторых затрымаў АМАП.
Прэсавая служба МУС пакуль не дала камэнтару да падзей каля МТЗ. «Сачыце за тэлеграм-каналам МУС«, — сказала прэсавы сакратар Вольга Чамаданава.
Тэлефон лідэра стачкаму МТЗ Сяргея Дылеўскага недасяжны.
Жанчыны прайшлі па вуліцах Менску гораду з маршам жалобы ў салідарнасьць з пацярпелымі ад гвалту
Міліцыя заблякавала Купалаўскі тэатар у Менску
Міліцыя заблякавала Купалаўскі тэатар у Менску
У Купалаўскі тэатар увялі міліцыю, уваходы заблякаваныя, міліцыя не прапускае тых актораў і супрацоўнікаў, якія падалі заявы на звальненьне, — паведаміў Свабодзе звольнены Мінкультам дырэктар тэатру Павал Латушка.
Частка работнікаў тэатрe, якія павінныя забясьпечыць ягонае функцыянаваньне як установы, не падавалі заяваў на звальненьне, іх пускаюць, кажа Латушка.
«Гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя, каб у XXI стагодзьдзі ва ўстанову культуры ўводзілі сілавікоў. Аб якой свабодзе мастацтва і творчасьці можа быць мова ў такіх умовах?» — сказаў Латушка.
Актор Купалаўскага тэатру Сяргей Чуб паведаміў Свабодзе:
«Учора новы дырэктар заключыў дамову з Дэпартамэнтам аховы МУС. І вось сёньня міліцыя ў сіняй форме блякавала ўсе ўваходы ў тэатар. Мяне асабіста груба выштурхалі з дзьвярэй, калі я пытаў, на якой падсатве ўсё блякавана. Адмовіліся адказваць.
Цяпер 20 актораў і супрацоўнікаў тэатру стаяць на вуліцы, абвешчаныя два выходныя дні. Пакуль нашы заявы не падпісаныя, то мы яшчэ фармальна ня звольненыя і маем права доступу. Нас ня могуць звольніць усіх разам. Цяпер мы рыхтуем сход прафсаюзу. Зразумела, што тэатар пакуль працаваць ня будзе.
Усяго было больш за сто заяваў на звальненьне, але і паловы хапіла б, каб паралізаваць працу. На паперцы на дзьвярах тэатру напісана, што у сувязі з санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыяй, вядзецца апрацоўка ўсіх памяшканьнях тэатру, і 19 ды 20 жніўня абвешчаныя як выходныя дні».
Паводле Сяргея Чуба, цяпер вядуцца праверкі памяшканьня тэатру, кабінэтаў і грымёрак, і супрацоўнікі хвалююцца, каб чаго не падкінулі.
Пакуль без галадоўкі. Страйкам «Беларуськалія» вырашыў працягваць забастоўку
Гэтае рашэньне агучыў прадстаўнік страйкаму пасьля паўгадзіннай нарады. Галадоўка, якую прапанаваў Анатоль Бокун, сустаршыня страйкаму, пакуль адкладзеная. Да патрабаваньняў забастоўшчыкаў дададзены яшчэ адзін пункт — прававая гарантыя ўдзельнікам страйку.
Сёньня падтрымаць шахцёраў у Салігорск прыедзе гурт J: МОРС. Канцэрт адбудзецца ўвечары ў цэнтры гораду.
Эрыка Джэнінгс выпусьціла новую песьню «Незабудкавыя вочы», прысьвечаную падзеям у Беларусі
Ірляндзкая сьпявачка, якая цяпер жыве ў Літве, прэзэнтавала песьню «Незабудкавыя вочы» разам зь відэа. Відэа створаная на падставе рэальных назіраньняў падзей у Беларусі, якія былі скампанаваныя разам зь літоўскімі стужкамі студзеня 1991 году і дапоўненыя прыватнымі хатнімі здымкамі трох дзяцей Эрыкі за мінулыя 12 гадоў.
Беларусы Гаагі пікетуюць Міжнародны крымінальны суд
Прысутныя прыйшлі з партрэтамі загінулых падчас мірных пратэстаў і плякатам «Не — гвалту». «Не забудзем! Не даруем! Даможамся беларускага і міжнароднага правасудзьдзя за шыракамаштабныя і сыстэматычныя катаваньні, забойствы і гвалт у Беларусі!», — гаворыцца ў паведамленьні ўдзельнікаў пікету
Сьледчы камітэт: «Замежныя журналісты спрабавалі ўехаць у Беларусь пад выглядам турыстаў»
«18 жніўня ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» 17 прадстаўнікам замежных СМІ адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь па прычыне адсутнасьці акрэдытацыі для ажыцьцяўленьня журналісцкай дзейнасьці на тэрыторыі нашай краіны», — паведаміў Сьледчы камітэт.
У СК дадаюць, што замежнікі казалі, што ў Беларусі іх цікавіць выключна наведваньне розных славутасьцяў. Але па прыбыцьці ў іх выявілі пасьведчаньні журналістаў, прафэсійную апаратуру і буйныя сумы валюты.
Зьнік былы сьледчы. Ён панёс скаргу на зьбіцьцё АМАПам суседзяў у падʼезьдзе
Сябры Аляксандра Шагава, былога сьледчага Першамайскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту, кажуць, што ён ня выйшаў на сувязь пасьля таго як панёс скаргу ў Першамайскае РУУС.
Каля 14-й гадзіны 18 жніўня Аляксандар Шагаў панёс калектыўную скаргу з патрабаваньнем правесьці расьсьледаваньне жорсткага забіцьця жыхароў пад’езду супрацоўнікамі АМАПу.
Жыхары таксама патрабавалі сустрэчы зь міліцэйскім кіраўніцтвам. Каля будынку Шагава чакалі каля ста чалавек. Да вечара ўчорашняга дня сябры да яго не змаглі датэлефанавацца.
«Ён учора прыходзіў, падаў скаргу і выйшаў. Але пазьней прыйшлі яго, магчыма, сябры, якія спыталіся, што Шагаў зайшоў і ня выйшаў, яго няма. І ім у РАУС паказалі відэа, як ён заходзіў, падаў скаргу і выйшаў. Ён не ў міліцыі», — сказала афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч.
Тэлефоны прэс-службы Сьледчага камітэту недаступныя для камэнтароў.
Супрацоўнікаў БТ, якія страйкуюць, замянілі супрацоўнікамі Russia Today
Супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія падтрымалі пратэстоўцаў, не пускаюць у будынак на Макаёнка, 9.
Паводле дасьведчанай крыніцы Свабоды, у студыі і ў апаратныя прыходзілі ўжо расейскія спэцыялісты — рэжысэры, тэхнічны пэрсанал, апэратары. Ім паказвалі, як працуе абсталяваньне.
Гэта былыя і цяперашнія супрацоўнікі расейскага міжнароднага шматмоўнага каналу Russia Today і фрылянсэры.
Мінакоў на падыходзе да БТ спыняюць чатыры пасты з міліцыянтамі, якія стаяць з абодвух бакоў. Міліцыянты прапускаюць далей толькі тых, хто мае пасьведчаньне супрацоўніка БТ. Іншым прапануюць ісьці ў абыход. Карэспандэнта Свабоды таксама не прапусьцілі. Перад Белтэлерадыёкампаніяй нікога не відаць.
Супрацоўніца БТ Дар’я Вайтовіч паведаміла Свабодзе, што ў яе забралі пропуск у будынак кампаніі, як і ўва ўсіх іншых, хто далучыўся да страйку і пратэсту.
«У аховы зьявіліся сьпісы ўдзельнікаў страйку, і яна забірае пропускі, цяпер нас нават блізка не пускаюць да будынку на Макаёнка, 9».
Паводле яе інфармацыі, сапраўды на БТ прыехалі штрайкбрэхеры з Расеі, з Russia Today, але асабіста яна іх ня бачыла, бачылі яе калегі і паведамілі ёй.
«Абсталяваньне на расейскіх каналах і беларускіх аналягічнае, праблемы з перанавучаньнем быць не павінна, за 10-15 хвілін відэаінжынэры, апэратары, рэжысэры лёгка адаптуюцца і змогуць працаваць», — сказала дасьведчаная крыніца. У будынку Беллтэлерадыёкампаніі і ў двары за будынкам знаходзяцца сілавікі.
Украінскі гурт «Без обмежень» разам з «Kozak system» і «Скай» выпусьцілі кліп пад назвай «Героям», які прысьвяцілі беларусам
Музыкі прасьпявалі па-ўкраінску і па-беларуску, а Лявон Вольскі кажа, што «намагаўся, каб пераклад на беларускую атрымаўся годным»
Па Макаёнка ня можа прайсьці ніхто, акрамя бэтэшнікаў
Мінакоў на падыходзе да БТ спыняюць чатыры пасты з міліцыянтамі, якія стаяць з абодвух бакоў. Міліцыянты прапускаюць далей толькі тых, у каго ёсьць пасьведчаньне супрацоўніка БТ. Іншым прапануюць ісьць у абыход. Карэспандэнта Свабоды таксама не прапусьцілі. Перад будынкам Белтэлерадыёкампаніі нікога ня бачна. Для транспарту вуліца таксама закрытая.
«Працавала ў розных краінах, але такога ня бачыла», — нідэрляндзкая журналістка была моцна параненая ў Менску
Журналістка зь Нідэрляндаў прыехала ў Менск яшчэ да выбараў, піша Tut.by. Увечары 9 жніўня Эмілі Ван Оўтэрэн запісвала інтэрвію з пратэстоўцамі і была параненая ў нагу аскепкамі сьвятлашумавой гранаты.
Вярнуўшыся дадому, яна апублікавала рэпартаж пра тое, што зь ёй здарылася.
«Набірала тэкст з шпітальнага ложку. Хацела, каб у нашай краіне хутчэй пра ўсё даведаліся і адчулі сябе бліжэй да таго, што адбываецца ў Беларусі», — расказвае яна.
Яе ўжо выпісалі, але аднаўленьне ня будзе хуткім, кажа журналістка. Левая нага абпаленая. Ёсьць пяць адтулінаў у сьцягне: найглыбейшая — 10 сантымэтраў. Гэта не нясе пагрозы жыцьцю, але шнары жудасныя, канстатуе Эмілі.
Яна займаецца журналістыкай 17 гадоў, працуе ў газэце NRC, гэта адно зь вядучых выданьняў Нідэрляндаў.
Выпраўлялася ў Аўганістан, ва Ўкраіну. Апошнім часам яна карэспандэнт у Цэнтральнай Эўропе. Асьвятляла хваляваньні ў Вугоршчыне, Польшчы. Але ніколі ня бачыла таго, што здарылася ў Беларусі, — падсумоўвае яна.
«Дзеда Сашу завялі ў аўтазак і галавой білі аб дзьвярны вушак»
Алёна Палачанская расказала Свабодзе гісторыю аднаго з пратэстоўцаў, зьбітага амапаўцам.
«Сустрэла гэтага дзядулю і запомню яго на ўсё жыцьцё. Раскажу пра яго ўсім знаёмым, асабліва тым, хто галасаваў за Лукашэнку.
„Гэта ня фарба, гэта я ішоў дадому ў сераду позна і мяне затрымаў АМАП. Але, ведаеце, я самы шчаслівы чалавек у свеце“, — сказаў дзед Саша.
Дзед Саша паказаў сваё плячо, да мяса прабітае ў некалькіх месцах дубінкамі. Пасьля зьбіцьця яго завялі ў аўтазак і галавой білі аб дзьвярны вушак: патыліца, твар у ранах і сіняках.
Ён усьміхаўся і расказваў пра сваё шчасьце, пра сваіх пяцёх дзяцей, пра любімую ўнучку, пра памерлую любімую жонку і сказаў абавязкова паглядзець мульцік Сьцепанцова „Шчаўкунок“ — бо там пра будучыню Беларусі.
Дзед Саша захапляўся беларускай моладзьдзю і тым, што ён бачыць на вуліцах.
АМАП сказаў дзеду Сашу, каб больш ніколі не хадзіў на мітынгі. „Ну вось я і не хаджу“, — сьмяецца дзед Саша і трасе сваім плякатам.
Дзед Саша верыць у нас, і мы павінны верыць у сябе».
Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і ў турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.