У шпіталі памёр 43-гадовы мужчына зь Берасьця, у якога сілавікі стрэлілі падчас пратэстаў
Генадзь Шутаў ляжаў у Вайсковым шпіталі Менску з агнястрэльным раненьнем у галаву, якое атрымаў 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасьця. Родныя два дні не маглі знайсьці яго, піша Tut.by.
Дзяжурны Вайсковага шпіталю ў званьні падпалкоўніка адмовіўся адказаць на пытаньне пра сьмерць параненага 43-гадовага Генадзя Шутава зь Берасьця.
«Не магу сказаць ні так, ні не. Вы ж разумееце, я чалавек вайсковы. Зьвяртайцеся ў прэс-службу Мінздароўя».
Пазьней Міністэрства аховы здароўя пацьвердзіла, што 19 жніўня памёр грамадзянін Рэспублікі Беларусь Генадзь Шутаў. 13 жніўня ён быў пераведзены ў цяжкім стане на лекаваньне зь Берасьцейскай абласной лякарні хуткай мэдычнай дапамогі ў шпіталь Міністэрства абароны. Вечарам 18 жніўня наступіла рэзкае пагаршэньне стану, і нягледзячы на ўсе высілкі лекараў, выратаваць пацыента не ўдалося. Пра характар раненьня і прычыны яго атрыманьня міністэрства ня згадвае
Пра сьмерць у вайсковым шпіталі Генадзя Шутава Tut.by апавялі сваякі берасьцейца. Ён атрымаў агнястрэльнае раненьне ў галаву 11 жніўня ў раёне адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасьця падчас пратэстаў.
У Магілёўскі гарвыканкам на аўтобусе прывезьлі некалькіх узброеных людзей у вайсковай форме
Група працаўнікоў ММЗ вышла на вуліцу Ваўпшасава насупраць заводу з плякатамі аб правядзеньні новых сумленных выбараў
Лукашэнка ў адносінах да страйку ізноў абраў тактыку сілы
Камэнтар аглядальніка Свабоды Сяргея Навумчыка.
Затрыманьне АМАПам людзей каля МТЗ, блякада сілавікамі Купалаўскага тэатру, замена страйкоўцаў тэлецэнтру на штрайкбрэхераў з РФ паўтарае тактыку, ужытую ў жніўні 1995 супраць страйкоўцаў менскага мэтрапалітэну.
Тады за стрыно электрычак былі пасаджаныя машыністы з Масквы, страйкамаўцы АМАПам пакладзеныя на ашфальт, лідэр рабочага руху і дэпутат Апазыцыі БНФ у ВС Сяргей Антончык быў на тры дні інтэрнаваны на тэрыторыі базы спэцназу. Страйк задушылі, арганізатараў засудзілі.
Але цяпер страйк ахапіў усю краіну, людзі выяўляюць салідарнасьць, тэлебачаньне па папулярнасьці саступіла сацсеткам, а галоўнае — рэйтынг Лукашэнкі знаходзіцца на гістарычным мінімуме. Нічога гэтага не было ў 95-м, і таму прымяненьне сілы можа мець для Лукашэнкі зваротны эфэкт, — лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык
Менск. Супрацоўнікі ЦЭЦ-2 выйшлі на Трасьцянецкую вуліцу
Рабочыя цеплаэлектрацэнтралі выйшлі на акцыю салідарнасьці зь іншымі рабочымі, якія трымаюць страйк з патрабаваньнем новых выбараў. Паводле працаўніка Віталя, гэта ня страйк, але тых, хто гатовы страйкаваць на ЦЭЦ-2 і гарадзкіх участках, шмат.
«Тут на ЦЭЦ працуе каля 700 чалавек, нашая група, хто патрабуе новых выбараў і можа пайсьці на страйк, налічвае каля 200 чалавек. У мінулую пятніцу быў сход з удзелам прафсаюзу, склалі ліст з патрабаваньнямі і перадалі кіраўніцтву. Там абяцалі перадаць нашыя патрабаваньні вышэй. Людзі падпісваліся, але цяпер бачаць, што нас ня хочуць слухаць, зацягваюць час. Сёньня стала вядома, што кіраўніцтва „Белэнэрга“ разаслала ўсім падпарадкаваным структурам загад аб пэрсанальнай адказнасьці за дысцыпліну, абавязалі кожны дзень па тры разы дакладаць пра сытуацыю і паведамляць прозьвішчы тых, хто бярэ ўдзел у акцыях, нават такіх, як гэтая», — распавёў Віталь.
Цяпер працаўнікі ЦЭЦ-2 праводзяць акцыю салідарнасьці ў свой абедзенны перапынак: «Мы будзем сачыць за сытуацыяй і вырашаць, што рабіць далей. Але гэтак усё пакідаць не намераныя», — сказаў іншы працаўнік.
Лукашэнка: Ужо ў Горадні вывешваюць польскія сьцягі
На пасяджэньні Савета бясьпекі з удзелам кіраўнікоў рэгіёнаў па відэасувязі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзейнай уладзе ёсьць на каго абаперціся. Так ён пракамэнтаваў мітынгі ў сваю падтрымку, перадае БелТА.
«Тыя, хто сёньня, асабліва за мяжой (гэта ўжо відавочна бачна), шашкі точыць, атрымае сур’ёзны адпор. Гэта не галаслоўна. Ужо ў Горадні вывешваюць польскія сьцягі. Гэта недапушчальна. І такія рэчы будуць спыненыя кардынальным чынам», — дадаў Лукашэнка.
Імаверна, ён меў на ўвазе некалькі польскіх сьцягоў, якія зьявіліся на акцыях салідарнасьці ў Горадні. У горадзе жыве шмат прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці Беларусі.
Лукашэнка сьцьвярджае, што «ўладзе ёсьць на каго абаперціся»: «Таму мы не задрыжым. Мы свой шлях пройдзем так, як гэта трэба».
Звыш 300 лекараў зьвярнуліся да міністра Караніка
Падпісанты адкрытага звароту абураныя і расчараваныя тым, што цяпер адбываецца ў сыстэме аховы здароўя краіны. Яны крытыкуюць міністра за адсутнасьць дыялёгу і ініцыятыву ў дапамозе пацярпелым падчас пратэстаў.
Лекары патрабуюць забясьпечыць допуск спэцыялістаў у месцы зьняволеньня і не перашкаджаць кантактам дактароў з прэсай.
«Міністэрства аховы здароўя павінна арганізаваць цэнтралізаваны збор інфармацыі аб пацярпелых падчас мірных акцый і штодня інфармаваць грамадзкасьць аб колькасьці і стане здароўя пацярпелых, якія знаходзяцца ў стацыянарах, штодня прадастаўляць інфармацыю аб колькасьці тых, хто зьвярнуўся па амбуляторную дапамогу з нагоды траўмаў, атрыманых падчас мірных пратэстаў, бесьперашкодна прадстаўляць інфармацыю ўсім журналістам».
Яны тлумачаць, што ня маюць этычнага права на забастоўку і таму заклікаюць Міністэрства аховы здароўя даказаць, што лекары не бясьсільныя і спыніць насільле.
У лісьце гаворыцца, што многія пацыенты, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту, траплялі ў мэдустановы
- з кулявымі раненьнямі рознай лякалізацыі, у тым ліку пранікальнымі, з пашкоджаньнем унутраных органаў,
- міна-выбуховымі траўмамі, у тым ліку з пашкоджаньнем галаўнога мозгу, траўматычнай ампутацыяй канцавінаў, шырокімі дэфэктамі мяккіх тканін.
Ніхто не расьсьледуе справу 16-гадовага хлопца, які трапіў у кому пасьля Партызанскага РУУС
Сваякі Цімура Міцкевіча паведамілі, што з 13 жніўня да іх не прыходзіў аніводзін сьледчы.
16-гадовы Цімур Міцкевіч 13 жніўня трапіў у рэанімацыю 3-га дзіцячага шпіталю з Партызанскага РУУС Менску. У яго некалькі цяжкіх траўмаў, у тым ліку адкрыты пералом верхнесківіцавай пазухі, сутаргавы сындром, траўматычныя эрозіі рагавіцы абодвух вачэй. Сваякам Цімур расказаў, што ў РУУС яго катавалі. З словаў маці, Цімур быў затрыманы 12 жніўня, калі зьбіраўся зь сябрам на рыбу.
«Яго зьбілі падчас затрыманьня, пасьля ў аўтазаку. Яго білі электрашокерам па пятках, закінулі назад галаву, засунулі дубінку ў рот і забівалі яе ўнутр», — апавядала яго сястра.
15 жніўня пра гісторыю ЦІмура Міцкевіча паведамілі ўсе буйныя беларускія СМІ.
Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік 17 жніўня паведаміў Радыё Свабода, што дактары перадалі ў праваахоўныя органы зьвесткі пра траўмы непаўнагадовага.
У Генэральнай пракуратуры паведамілі, што ня ведаюць, ці заведзеная ў справе Цімура Міцкевіча праверка.
Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава заявіла, што «ўсе пытаньні аб праверках трэба задаваць Сьледчаму камітэту».
Прэсавыя службы Сьледчага камітэта недаступныя для камэнтароў апошнімі днямі.
Менск, каля КДБ цяпер
Пляцоўка каля прахадной МТЗ агароджаная турнікетамі
У цэнтры зроблены праход. За 20 мэтраў стаіць аўтазак і некалькі белых мікрааўтобусаў зь цёмнымі шыбамі. Ходзяць амапаўцы ў касках. Перад пляцоўкай шчыльны кардон АМАП у касках
«Маўчаньне — ня золата, а злачынства». З «Советской Белоруссии» звольнілася журналістка
Пра сыход з газэты Адміністрацыі прэзыдэнта Марыя Кучарава напісала ў сваім Facebook.
Журналістка піша, што другі тыдзень ёй вочы засьцілаюць сьлёзы, а ўвушшу дагэтуль крыкі і гукі стрэлаў. «Мне балюча, што пасьля столькіх войнаў мы па-ранейшаму вырашаем праблемы з дапамогай зброі і гвалту».
«Быў час, калі праца прыносіла радасьць... Цяпер на яе проста ногі не ідуць. Балюча, горка, але звальненьне — гэта адзінае выйсьце, калі ня хочаш разбурыць сябе знутры і здрадзіць сваёй прафэсіі, застаючыся маўклівым сьведкам злачынстваў супраць народу. Я — гэта народ»
На МТЗ не пусьцілі некаторых рабочых
Працаўнік МТЗ Эдуард Сьвянцецкі расказаў, што раніцай тых, хто падпісаў заявы на адміністрацыйны адпачынак цягам тыдня, не пусьцілі на прадпрыемства, заблякавалі пропускі.
«Можа мы ўжо і звольненыя», — не выключае Эдуард. Паводле яго, праз гадзіну, недзе а 9-й ранку, прыехаў АМАП і пачалася зачыстка плошчы.
«Нічога не казалі, адразу пачалі адціскаць людзей. Ведаю, што затрымалі прынамсі двух рабочых, яны былі ў працоўных робах», — сказаў Эдуард. Па ягоных зьвестках, напісалі заявы аб страйку каля 500 чалавек. Усяго на МТЗ працуюць каля 16 тысяч чалавек.
У БДУ зьбіраюць подпісы за адстаўку Лукашэнкі і Ярмошынай
Каля сотні чалавек сабраліся каля ўваходу ў галоўны корпус БДУ. З пачаткам дажджу натоўп спусьціўся ў пераход, паведамляе Tut.by у «Тэлеграме».
Супрацоўнікі і студэнты падпісваюць пэтыцыю ў сувязі з парушэньнем грамадзянскіх і палітычных правоў. Сярод патрабаваньняў:
- адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай;
- правядзеньне новых выбараў;
- спыненьне гвалту і прыцягненьне да адказнасьці вінаватых у катаваньнях і зьдзеках;
- вызваленьне палітычных вязьняў.
Ранкам 19 жніўня ў Мазыры быў затрыманы актывіст супольнасьці «Страна для жизни» Руслан Парфёнаў. Як паведаміў Свабодзе яго брат Андрэй, аўтамабіль актывіста спыніла ДАІ, і Руслана схапілі невядомыя, хутчэй за ўсё — міліцыянты. Маці Руслана паведамілі, што яго павезьлі ў Цэнтральны апарат СК у Менск па справе аб «масавых беспарадках».
Руслан Парфёнаў быў затрыманы перад выбарамі, ён атрымаў 10 сутак арышту. Па БТ і АНТ пра яго паказвалі сюжэты, што ён нібыта рабіў «вожыкі», каб спыняць тэхніку міліцыі. Паводле блізкіх, у кадрах быў не Руслан — ён іншага целаскладу і росту
Гайдукевіч-малодшы выступіў за пазачарговы сход «парлямэнту» і ўжо рыхтуецца да выбараў
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч, які падчас выбарчай кампаніі быў даверанай асобнай Лукашэнкі, заявіў пра стварэньне Каардынацыйнага камітэту Народна-патрыятычнага руху Беларусі.
Мэта новага руху — вырашэньне лёсу краіны ў прававым полі і недапушчэньне ўмяшаньня іншай краіны ў справы Беларусі. Захаваньне Саюзу з Расеяй і АДКБ Гайдукевіч назваў гарантыяй сувэрэнітэту Беларусі.
Дэпутат выступіў за скліканьне пазачарговай сэсіі парлямэнту, зьмены выбарчага заканадаўства і Канстытуцыі з умацаваньнем ролі парлямэнту.
«Народна-патрыятычны рух пачынае падрыхтоўку да любых магчымых у краіне выбараў – мясцовых, парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх», — гаворыцца ў заяве Гайдукевіча.
Паводле яго, новы рух пачынае арганізацыю ўстаноўчых сходаў у рэгіёнах.
Супрацоўнікі МАЗ скардзяцца на ціск і запалохваньне з боку адміністрацыі, замаруджваньне стварэньня страйкаму. Некаторых рабочых не прапускаюць на прахадной. Кажуць, звольнілі ўжо двух чалавек, якія былі назіральнікамі на выбарчых участках і адмовіліся падпісваць пратакол. Таксама рабочыя кажуць, што многія ня вераць у абяцаную падтрымку звольненым за страйкі, чакаюць прыкладу атрыманьня дапамогі
«Лідзкае піва» апублікавала на афіцыйным сайце зварот у падтрымку мірных пратэстоўцаў, а таксама расказала, што працягвае працу, каб забясьпечыць грамадзянаў «напоямі жыцьцёвай неабходнасьці» — у прыватнасьці, вадой.
Супраць давераных асобаў Ціханоўскай з Гомля распачалі крымінальныя справы
На Юрыя Ўласава і Тацяну Канеўскую — давераных асобаў Сьвятланы Ціханоўскай з Гомля — завялі крымінальныя справы.
Юрыя Ўласава затрымалі перад выбарамі і зьмясьцілі ў ізалятар. Потым стала вядома, што яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. На яго завялм крымінальную справу «за масавыя беспарадкі» паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу.
Тацяну Канеўскую затрымалі перад выбарамі. Яе судзілі па адміністрацыйным артыкуле за дробнае хуліганства і адпусьцілі з суду, бо яна мае непаўналетняе дзіця.
Як толькі Канеўская пайшла да канвойных забіраць свае рэчы — тут жа зьнікла. Выявілася, што яе зноў схапілі і пасадзілі ў ІЧУ. Цяпер яе перавялі ў Менск. Пакуль невядома, паводле якога крымінальнага артыкула ейная справа.
«Дастае з кішэні вазілін і кажа: мы цябе проста згвалтуем»
Сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства. Аляксандра, 20 гадоў.
«Выпусьцілі мяне з чацьвярга на пятніцу. А затрымалі ў ноч зь 10 на 11-га. Затрымалі і павезьлі ў РУУС. І пасьля прывезьлі сюды, на Акрэсьціна.
Там жанчына на ўваходзе была, якая проста бярэ, б’е па нагах, ну каб самасьцьвердзіцца неяк ці неяк зьнявечыць. І пытаецца: «Як справы, сучка?». Далей ставяць да сьцяны, проста кідаюць у сьцяну, быццам ты нейкая рэч. Прымушаюць распранацца. І калі ты ставіш ногі на шырыню плеч, рукі за сьпіну, як загадалі, яна цябе б’е яшчэ больш, па нагах. Да такой ступені, што ты сядаеш ледзьве не на шпагат. Ты плачаш, бо балюча, у іх абутак грубы. Пасьля гэтага ты ня можаш ні хадзіць, нічога.
Бясконцыя абразы былі, пакуль мяне там вадзілі, афармлялі. Гэта былі абразы і прыніжэньні, што калі ў мяне татуіроўкі, значыць, я зэк. І што я афіцыйна беспрацоўная, таму лепш мне не высоўвацца, бо такіх, як я трэба забіваць. Чаму ты выглядаеш так, калі ты вырадак, ты ганьба гэтай краіны. Хоць я выйшла, наадварот, за краіну, сказаць, што я люблю сваю краіну. А я, аказваецца, ганьба, па-іхнаму. То бок, я не чалавек, нават не жывёла, такіх, як я, трэба забіваць, нявечыць, гвалтаваць, а лепш не нараджаць. Як яны мне казалі ў аўтазаку, каб такіх людзей не нараджалася, трэба рабіць аборты.
Калі я сказала, што я дзяўчына, ён кажа: О, дык ты яшчэ і баба. Калі я ўжо сядзела ў аўтазаку, ён сказаў мне: ногі пад сябе, скласьці вось так локці, галаву паміж ног. Ён адабраў мой тэлефон, прымусіў яго разблякаваць, сеў на мяне і глядзеў, што ў мяне ў галерэі і ўсе мае перапіскі. І калі ён убачыў групу «Чай з малінавым варэньнем»... Дастае вазілін з кішэні і кажа, ты ведаеш, што мы табой зараз зробім? Мы цябе проста згвалтуем. І гэтыя пагрозы былі на працягу ўсёй дарогі, хвілін 15. «Мы цябе прыкапаем у лесе». І сапраўды быў момант, калі яны спыніліся каля лесу і кажуць: ну што, рыхтуйся. І там аказаўся нейкі хлопец ці мужчына, які сказаў: ды ня трэба, давайце яе завязем проста. І гэта мяне выратавала. Бо я разумею, што мяне цяпер магло ня быць.
У мяне частковы надрыў зьвязак паўсюль, па ўсім целе. Мяне дактары аглядалі і так сказалі. Таму я цяпер чакаю мыліцы, каб яшчэ і другую нагу не даводзіць да такога стану».
Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і ў турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
Крэмль: «Цяпер няма патрэбы ў расейскай ваеннай дапамозе Беларусі»
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ў Расеі ёсць абавязацельствы аб ваеннай дапамозе Беларусі ў рамках міжнародных дамоваў, але цяпер патрэбы ў такой дапамозе няма, перадае Meduza.
На пытаньне, у якой сытуацыі Расея можа аказаць ваенную дапамогу Беларусі, Пяскоў адказаў, што гіпатэтычна разважаць пра гэта немагчыма.
Пяскоў таксама сказаў, што Расея прызнае вынікі выбараў у Беларусі і лічыць усё, што адбываецца ў гэтай краіне яе ўнутранай справай. Пры гэтым ён адзначыў, што робяцца спробы зьнешняга ўмяшаньня ў падзеі ў Беларусі. Хто менавіта іх прадпрымае, Пяскоў не ўдакладніў.