Эўракамісія дасьць €53 млн грамадзянскай супольнасьці Беларусі і ахвярам гвалту, зьменшыць дапамогу дзяржаве
Старшыня Эўракамісіі Урсула Фон дэр Ляен заявіла, што ў Эўразьвязе гатовыя вылучыць значную падтрымку Беларусі ў рамках «Усходняга партнэрства».
Яна падкрэсьліла, што лідэры Эўразьвязу пасылаюць тры сыгналы Беларусі:
— Эўразьвяз падтрымлівае беларускі народ;
— Эўразьвяз увядзе санкцыі супраць асобаў, адказных за гвалт і фальсыфікацыі;
— Эўразьвяз гатовы суправаджаць мірную перадачу ўлады ў Беларусі.
Таксама Эўразьвяз зьбіраецца пераразьмеркаваць сродкі і вылучыць больш грошай грамадзянскай супольнасьці, а ня ўладам.
«2 млн эўра будуць вылучаныя на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў і непрымальнага гвалту з боку дзяржавы, 1 млн — на падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, 50 млн эўра ў межах экстранай дапамогі на барацьбу з каранавірусам для сыстэмы аховы здароўя», — сказала Фон дэр Ляен.
«Яны думаюць, што мы — быдла. Я ня згодны». Дактары пра ліст Караніку і акцыі пратэсты
18 жніўня звыш 300 лекараў зьвярнуліся да міністра Караніка. Падпісанты адкрытага звароту абураныя і расчараваныя тым, што цяпер адбываецца ў сыстэме аховы здароўя краіны. Яны крытыкуюць міністра за адсутнасьць дыялёгу і ініцыятыву ў дапамозе пацярпелым падчас пратэстаў.
Чым абураныя і чаго патрабуюць лекары, якія зьвярнуліся з адкрытымі лістом да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка. Тлумачаць падпісанты ліста доктарка Эмілія Мезіна і дырэктар прыватнага мэдычнага цэнтру ў Менску Дзьмітрый.
Эмілія Мезіна 8 гадоў працавала ў паліклініцы МУС. Яна выходзіла на ланцугі салідарнасьці лекараў у Менску, зьвярталася з адкрытым зваротам да сілавікоў з заклікам спыніць гвалт:
— Мы хацелі дыялёгу з міністрам, хочам і цяпер. Тое, што на мітынгу быў правакатар, гэта ня тычыцца мэдычнай супольнасьці. Гаварыць з міністрам было жаданьнем, яно захоўваецца дагэтуль. Мы хацелі б задаць наўпроставае пытаньне. Чаму ён не адрэагаваў як міністар аховы здароўя на зьбіцьцё грамадзянаў, на тое, што беларусаў пачалі затрымліваць з траўмамі і да іх не дапускалі мэдыкаў?
Незалежныя прафсаюзы ўзялі на сябе каардынацыю дзейнасьці агульнанацыянальнага страйкавага камітэту
Незалежныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, заявілі, што бяруць на сябе каардынацыю працы дзеля стварэньня агульнанацыянальнага страйкавага камітэту.
«На прадпрыемствах Беларусі ствараюцца страйкамы. Сытуацыя ў краіне патрабуе ад нас адзінства і каардынацыі дзеяньняў, каб дамагчыся выкананьня нашых патрабаваньняў адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня сумленных выбараў. Прапануем усім камітэтам узгадніць свае дзеяньні і быць гатовымі да ўзаемадапамогі і сумесных выступаў», — гаворыцца ў заяве незалежных прафсаюзаў.
Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, выкарыстоўваючы досьвед, веды і сілы незалежных прафсаюзаў, бярэ на сябе каардынацыю працы для стварэння агульнанацыянальнага страйкавага камітэту.
Заяву падпісалі:
- старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук,
- старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў,
- лідэр прафсаюзу Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч,
- старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў,
- старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалай Шарах.
Ангела Мэркель: Лукашэнка адмовіўся гаварыць па тэлефоне
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла 19 жніўня, што безвынікова спрабавала арганізаваць тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Таксама я прасіла тэлефонную размову з прэзыдэнтам Пуціным, размова, як вы ведаеце, адбылася», — сказала Мэркель на брыфінгу па выніках онлайн-сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін Эўразьвязу, прысьвечанай падзеям у Беларусі.
Выступаючы на Менскім заводзе колавых цягачоў 17 жніўня, Лукашэнка сказаў: «Ужо ўчора тэлефануе Мэркель: „Я хачу пагаварыць“. Гэтыя — Наўседа там і іншыя, „Мы хочам пагаварыць“. Ня трэба мяне нахіляць ні з Захаду, ні з Усходу».
Пры тым Лукашэнка сам неаднаразова стэлефаноўваўся з Уладзімірам Пуціным пасьля выбараў
З «Гомсельмашу» звольнілі электраманцёра, які нібыта заклікаў страйкаваць
Арцём Савіцкі працаваў на «Гомсельмашы» электраманцёрам. На прадпрыемстве былі няўдалыя спробы страйкаваць — працоўных зачынілі ў цэхах. Зачынілі ў цэху і Арцёма — пасьля таго, як ён расказаў журналістам пра сытуацыю на заводзе.19 жніўня яго звольнілі.
«Я расказаў журналістам, што людзей зачынілі ў цэхах. На наступны дзень мяне сустрэў начальнік цэху і пачаў казаць, як добра жыць у краіне, якую пабудаваў наш прэзыдэнт, угаворваў не рабіць глупстваў, казаў, што ніхто мне зь верталёта грошай ня дасьць, забараніў куды-небудзь хадзіць. Потым мяне зачынілі ў цэху, а я зьняў відэа пра гэта. На наступны дзень за мной яшчэ больш сачылі, чакалі на кожным кроку і інфармавалі маё кіраўніцтва», — расказаў Свабодзе электраманцёр.
Паводле ягоных словаў, яго выклікалі па працы ў іншы цэх, і там увогуле «абражалі матамі, казалі, што я дэбіл».
На паседжаньні прафкаму па звальненьні Арцёму паказалі калектыўную скаргу працоўных.
«Там было, што я неадэкватны чалавек, што агітаваў людзей страйкаваць. Начальнік прафсаюзнага камітэту нібыта павінен абараняць працоўных, а сам першы крычаў на мяне на паседжаньні», — дадаў Арцём.
На «Гомсельмашы» а 15-й гадзіне 19 жніўня прайшоў «антымайдан»
Эўразьвяз не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі
Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краін ЭЗ не прызнаюць вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта ў сераду, 19 жніўня, заявіла канцлер ФРГ Ангела Мэркель па выніках надзвычайнага саміту ў Брусэлі.
Паводле яе, галасаваньне не было ні справядлівым, ні свабодным.
«Выбары не былі ні справядлівымі, ні свабоднымі, і з гэтай прычыны вынік гэтых выбараў ня можа быць прызнаны», — сказала канцлер Нямеччыны — краіны, якая з 1 ліпеня па ратацыі зьяўляецца старшынёй Рады ЭЗ.
Няма ніякіх сумненьняў у тым, што мелі месца масавыя парушэньні падчас выбараў, адзначыла Мэркель па выніках кансультацыяў, якія доўжыліся каля трох гадзін. «Мы асуджаем жорсткі гвалт супраць людзей», — дадала яна.
Усе палітвязьні павінны быць безумоўна вызваленыя, падкрэсьліла канцлер. Акрамя таго, неабходны нацыянальны дыялёг, на якім настойвае апазыцыя, упэўненая Ангела Мэркель. «Мы на баку мірных дэманстрантаў», — дадала яна.
Берасьце. На заводзе «Гефест» адбываецца сход, рабочыя абмяркоўваюць страйк
Рабочы ММЗ: «Афіцыйны прафсаюз нам не дапамагае, хутчэй падтрымлівае адміністрацыю»
З 3200 працаўнікоў Менскага маторнага заводу сёньня працягвалі страйк некалькі дзясяткаў чалавек, якія раней падпісалі заявы на адпачынак за свой кошт. Яшчэ больш за 200 чалавек падпісаліся пад сьпісам патрабаваньняў, перададзеных у адміністрацыю заводу. Сярод іх адстаўка Лукашэнкі, вызваленьне палітвязьняў і новыя выбары.
Пра гэта Свабодзе паведаміў працаўнік заводу Андрусь Комлік-Ямацін.
Раніцай 19 жніўня ён зь іншымі работнікамі ММЗ браў удзел у сустрэчы рабочых каля прахадной МТЗ, якую разагнаў АМАП. Працаўнікі ММЗ вярнуліся на сваё прадпрыемства і тут даведаліся, што ім заблякавалі пропускі ды пагражаюць звальненьнем.
«Абышлося папярэджаньнем, што нам могуць на 10 працэнтаў абрэзаць прэмію, але звольніць ня маюць права, бо мы адсутнічалі толькі 3 гадзіны», — сказаў Андрусь Комлік-Ямацін.
Паводле працаўніка ММЗ, цяпер на заводзе ідзе складаны працэс фармаваньня страйкаму і падрыхтоўкі юрыдычнай базы для страйку.
«Незалежнага прафсаюзу ў нас няма, а афіцыйны нічым не дапамагае. Ён дапамагае хіба што адміністрацыі, а не рабочым. Будзем ствараць страйкам у цэхах і падводзіць юрыдычную базу пад страйк, бо пакуль нам кажуць, што гэта ўсё незаконна. Працэс ідзе, але пагаджуся, што марудна. Няма досьведу», — сказаў Андрусь Комлік-Ямацін з ММЗ.
Каардынацыйная рада для перадачы ўлады абрала прэзыдыюм. Хто ў ім?
Навошта патрэбна Каардынацыйная рада
Каардынацыйная рада для забесьпячэньня трансфэру ўлады ня ставіць на мэце захоп улады неканстытуцыйным шляхам, заявіла давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова.
«Каардынацыйная рада зьяўляецца адзіным прадстаўнічым органам беларускага грамадзтва. Ён створаны і будзе функцыянаваць з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай з мэтай арганізацыі працэсу перадачы ўлады і забесьпячэньня згоды ў грамадзтве, — сказала Кавалькова. — Каардынацыйная рада дзейнічае на падставе асноўных прынцыпаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
У Беларусі для падтрымкі рабочых, якія пратэстуюць, стварылі Нацыянальны страйкавы камітэт
У склад камітэту ўвайшлі адзін з заснавальнікаў Фонду салідарнасьці Андрэй Стрыжак, блогер Эдуард Пальчыс, IT-прадпрымальнікі Аляксандар Падгорны і Яраслаў Ліхачэўскі.
Як паведаміў БелаПАН Андрэй Стрыжак, на рахунку Фонду салідарнасьці, які дапамагае беларусам, што пазбавіліся працы праз палітычныя рэпрэсіі, сабраны 1 млн даляраў. Але для аказаньня дапамогі ўсім гэтых грошай недастаткова, таму зьвярнуліся па падтрымку да нацыянальнага бізнэсу.
На заклік ужо адгукнулася больш за 70 кампаніяў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны возьмуць шэфства над страйкоўцамі, а страйкамы на месцах вызначаць, каму канкрэтна патрэбная падтрымка. Гатоўнасць пракансультаваць кожны страйкам выказала юрыдычная фірма REVERA.
Цяпер адзіным буйным прадпрыемствам, дзе прынятае прынцыповае рашэньне пра страйк, зьяўляецца «Беларуськалій». Астатнія пакуль вырашаюць, якім будзе іх фармат удзелу. Рабочыя праводзяць мітынгі, патрабуючы адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых выбараў, аднак прадпрыемствы працягваюць працаваць.
«Не дазволім разваліць краіну». Агітацыя за Лукашэнку пасьля прэзыдэнцкіх выбараў
У пяці гарадах заплянаваныя акцыі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе тэлеканал АНТ.
«Адначасова слоганы „За Беларусь“ прагучаць а 17-й у Лагойску і Бабруйску. Праз паўгадзіны да іх падключыцца Барысаў. Затым — Лунінец. Зьбяруцца прыхільнікі і ў сталіцы. Тут сустрэчы пройдуць на двух пляцоўках — у сквэры Жукава і каля станцыі мэтро „Магілёўская“. Пачатак а 18:00 і 19:00. Напярэдадні падобныя акцыі сабралі тысячы людзей у Магілёве і Гомлі», — праінфармавалі ў навінным выпуску.
На прахадную «Гродна Азот» выйшлі сотні рабочых, якія хочуць страйкаваць. ФАТАФАКТ
На «Гродна Азот» каля тысячы чалавек выйшлі на прахадную прадпрыемства, каб выказаць жаданьне страйкаваць. Работнікаў заводу прыйшлі падтрымаць і іншыя гарадзенцы.
«У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор». Што кажа дачка пра сьмерць берасьцейца ад раненьня ў галаву
19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску памёр 44-гадовы берасьцеец Генадзь Шутаў. Ён быў паранены ў галаву падчас акцыі 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця.
Ён быў паранены ў галаву падчас акцыі 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця.
Бацька сказаў, што крыкнуў «Жыве Беларусь» і а дзясятай вечара патэлефанаваў, што выклікаў таксоўку, каб ехаць дахаты, расказала Свабодзе дачка Наста.
«У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак», — кажа дзяўчына.
Паводле Насты, у бацьку страляў вайсковец.
Менск. «Белэнэргасеткапраект» выходзіў на акцыю салідарнасьці ў абед
Міліцыя: «А давайце яму дубінку ў ж...у засунем»
Сьведчаньні міліцэйскага гвалту. Магілёвец Вадзім Гулевіч, 35 гадоў:
«Мяне затрымалі 10 жніўня на вуліцы Першамайскай, каля кавярні «Шпаркі лось». Я стаяў з таварышам прыкладна ў 22.40. Каля нас спыніўся аўтобус, зь якога выскачылі людзі ў чорным. Мы кінуліся на ўцёкі ў двор, там разьбегліся.
Схаваўся пад лесьвіцу, але мяне ўгледзелі амапаўцы, накіравалі пісталет і я падняў рукі. У аўтобусе ня білі. Праглядзелі пашпарт і запыталі, што раблю тут «у свае 35». Я адказаў, што прыйшоў у цэнтар гораду бараніць свае перакананьні.
У Ленінскім аддзеле міліцыі «прымалі» жорстка. Нас аддалі бамбізам, якія затрыманых скруцілі ў «абаранак» і загадалі бегчы па лесьвіцы на трэці паверх. Ім было абыякава, што ў мяне балела нага. Загналі ў спартовую залю, дзе ўжо ляжалі на падлозе можа 30-50 чалавек. Міліцыянты крычалі, каб ніхто не падымаў галовы і ляжалі «пысаю ў падлогу». Таму, хто ня слухаўся, прыціскалі галаву нагой і прыкладваліся дручком.
На мяне чамусьці крычалі, што я «арганізатар». Адвялі ў асобны кабінэт, начапіўшы кайданкі і там былі асноўныя зьдзекі. Паклалі тварам у падлогу ў «позу ластаўкі» (ногі завялі за кайданкі) ды накінулі капялюш. Запыталі «ня дужа ветліва» пін-код ад тэлефону, што я ня змог ім адмовіць. Праглядалі тэлефон і білі. Цьвердзілі, што я арганізатар. Запытвалі, хто плаціць грошы, хто мой каардынатар, ад каго атрымліваю заданьні. Потым даведваўся, што аб гэтым пыталі ў многіх, нібыта, ім убілі гэта ў галаву і далі ўстаноўку — кожнага нармальнага грамадзяніна ператварыць у ворага.
Гвалт супраць мяне быў больш псыхалягічны. Не было ўдараў з размаху. Колькі разоў добра стукнулі толькі. Калі сказаў, што баліць калена, то націскалі на яго так, што заходзіўся ад болю. Пры гэтым, зьдзекаваліся: «ах у цябе каленка баліць». Прыстаўлялі дручок да задняга праходу і казалі: «А давайце яму дручок у ж...у засунем».
Нікога ня мог разгледзець. Усе ў чорным, у масках, як адзін дужыя, «качкі». Бачыў толькі чырвона-белыя красоўкі, якія каля твару хадзілі.
Затым адправілі ў ізалятар. Там ніхто ня зьдзекаваўся. Ахоўнікі паводзілі сябе карэктна. Адзінае — тое, як прыходзіў у ізалятары суд. 17 жніўня толькі даведаўся імя судзьдзі, якая разглядала маю справу — гэта Вольга Драздова. Яна зачытала правы. Я папрасіў абаронцу. Да мяне падышоў «таварыш» і на вуха сказаў: «абаронцу табе? Мы з табою яшчэ ў спартовай залі пагаворым!». Ня ведаю, ці пачула судзьдзя? Зразумеў, што на абаронцу разьлічваць не выпадае. Судзьдзя запытала, ці прызнаю сябе вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве? «Не прызнаю!». Тады яна агучыла, што мне 15 сутак. Працэс заняў 2-3 хвіліны. З 15 сутак адседзеў 4».
Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і ў турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
Ва Ўкраіне заклікалі да агульнадзяржаўнай акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю «За нашу і вашу свабоду»
Акцыі адбудуцца ў Івана-Франкоўску, Хмяльніцкім, Цярнопалі, Косіве, Раве-Рускай, Дублянах.
Сузаснавальнік Беларускага інфармацыйнага цэнтру ва Ўкраіне, украінскі палітык і экспэрт Юры Сірацюк заявіў, што 20 жніўня з ініцыятывы партыі «Свабода» адбудзецца ўсеўкраінская акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю «За вашу і нашу свабоду».
«Заўтра ў шэрагу гарадоў будуць узьнятыя бел-чырвона-белыя сьцягі і мэры выступяць з заявай аб патрымцы беларускай нацыі. Акцыі адбудуцца ў Івана-Франкоўску, Хмяльніцкім, Цярнопалі, Косіве, Раве-Рускай, Дублянах... І ў горадзе Канатоп, які расейцы добра памятаюць з нашай гісторыі», — сказаў Юры Сірацюк.
Ён заклікаў ўлады іншых украінскіх гарадоў падтрымаць гэтую акцыю.
Латвія заклапочана, што сусьветныя лідэры для вырашэньня крызісу ў Беларусі зьвяртаюцца ў Маскву, а ня ў Менск
Кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс выказаў заклапочанасьць тым, што многія сусьветныя лідэры палічылі за лепшае абмяркоўваць беларускія справы з Расеяй, а ня зь Менскам