Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг шахцёраў-страйкоўцаў у Салігорску 19 жніўня
Мітынг шахцёраў-страйкоўцаў у Салігорску 19 жніўня

Новая сьмерць. Страйк на Беларуськаліі. АМАП каля МТЗ. Што адбываецца на 11-ы дзень пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 11-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

14:56 19.8.2020

Што з забастоўкамі на горадзенскіх прадпрыемствах. ФОТА

Буйныя прадпрыемствы Горадні пачынаюць страйкаваць. На работнікаў цісьне кіраўніцтва.

14:29 19.8.2020

Пад Купалаўскім тэатрам сабраліся людзі, у будынак нікога не пускаюць

14:22 19.8.2020

На БМЗ працягваецца збор подпісаў, МНПЗ працуе ў штатным рэжыме

Супрацоўнікі Беларускага мэталюргічнага заводу працягваюць збор подпісаў пад зваротам да ўладаў. 20 жніўня на заводзе можа распачацца страйк. Пра гэта Свабодзе паведаміла крыніца на БМЗ.

Раней, 17 жніўня, працоўныя заводу прыпынялі працу трох печаў, крычалі «Забастоўка!». Кіраўніцтва заводу сказала, што не забараняе забастоўку — гэта права працоўных, але трэба, каб яны сабралі подпісы, ня менш за 2/3 ад колькасьці працоўных.

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў мінулую пятніцу, 14 жніўня, прайшоў сход з удзелам кіраўніцтва заводу. Працоўныя перадалі кіраўніцтву свае патрабаваньні — пра адстаўку Лукашэнкі, сумленныя выбары і супраць міліцэйскага гвалту. Заўтра, 20 жніўня, плянуецца новая сустрэча з кіраўніцтвам прадпрыемства

14:22 19.8.2020

Супрацоўнікі акадэмічнага Інстытуту гісторыі выказалі недавер вынікам выбараў і патрабуюць расфармаваць АМАП

Супрацоўнікі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук падпісалі заяву з патрабаваньнямі да ўладаў, паведамляе «Наша ніва», якая прыводзіць фота дакумэнта.

Заяву падпісалі 38 навукоўцаў. Гісторыкі пішуць:

«9 жніўня падчас правядзеньня выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі адбыліся масавыя фальсыфікацыі. Былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні заканадаўства. Мы выказваем недавер агучаным Цэнтральнай выбарчай камісіяй вынікам. Разьвязаны пасьля выбараў гвалт над мірнымі грамадзянамі, якія выказалі сваё абурэньне, груба парушае законнасьць у нашай краіне. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў:

  • 1. выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусі,
  • 2. неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і затрыманых грамадзян краіны,
  • 3. спыніць катаваньні ў адносінах да людзей,
  • 4. пакараць усіх вінаватых у распальваньні сацыяльнай варожасьці ў грамадзтве,
  • 5. расфармаваць АМАП,
  • 6. перадаць турмы і сьледчыя ізалятары ў падпарадкаваньне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусі,
  • 7. увесьці прынцып выбарнасьці судзьдзяў».

Сярод тых, хто падпісаў заяву, — загадчыкі аддзелаў і старшыня прафсаюзнай арганізацыі інстытуту.

14:20 19.8.2020

Два былыя старшыні Генэральных асамблеяў ААН, Срдзян Керым і Могэнс Люкетофт, выказаліся ў падтрымку пратэстоўцаў у Беларусі

14:19 19.8.2020

Акцыя салідарнасьці беларусаў у Ніцы, Францыя

14:11 19.8.2020

Лукашэнка пацьвердзіў сваю залежнасьць ад Пуціна

Камэнтар аглядальніка Свабоды Сяргея Навумчыка.

Лукашэнка папрасіў Пуціна перадаць канцлеру Нямеччыны Мэркель, што ня бачыць сэнсу ў тэлефоннай размове зь ёй.

Тым самым Лукашэнка адрынуў прапановы Захаду аб пасярэдніцтве ў перамовах з апазыцыяй і паказаў, што будзе выходзіць з крызісу, абапіраючыся на Крэмль.

Адмовай ад размовы з Мэркель, перададзенай праз Пуціна, Лукашэнка фактычна дэлегаваў яму права на перамовы з Захадам адносна лёсу Беларусі і тым самым абазначыў сваю залежнасьць ад Крамля.

Сымптаматычна, што гэта супала з пачаткам сілавога наступу на ўдзельнікаў страйку і, па пэўных зьвестках, прылёту ў Менск дырэктара ФСБ Барсукова, —
заўважае аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.


14:10 19.8.2020

Пратэст у Менску пад Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі

14:09 19.8.2020

Горадня. «Гроднажылбуд», 19 жніўня – вырашаюць пачаць баставаць

Сярод работнікаў прайшло галасаваньне, ці праводзіць забастоўку. Усяго на прадпрыемстве працуе каля 3700 чалавек. Прагаласавалі 70% работнікаў. 75% тых, хто прагаласаваў, выступілі за забастоўку. Генэральны дырэктар Алег Ушкевіч сказаў супрацоўнікам, што па законе яны могуць пачаць баставаць праз два тыдні. Частка работнікаў сабралася, каб пачаць баставаць неадкладна, перадае супрацоўнік Дзьмітры Скамарохаў. Работнік Антон Сафонаў тлумачыць, што ім не хапае юрыдычных парадаў і падтрымкі людзей.

14:07 19.8.2020

Каля прахадной МАЗа да сотні пратэстоўцаў сустракаюць працаўнікоў заводу. Скандуюць «Мы вас падтрымаем»

14:06 19.8.2020

Гомель. На БМЗ працягваецца збор подпісаў, МНПЗ працуе ў штатным рэжыме

Супрацоўнікі Беларускага мэталюргічнага заводу працягваюць збор подпісаў пад зваротам да ўладаў. Плянуецца, што 20 жніўня на заводзе можа распачацца страйк. Пра гэта Свабодзе паведаміла крыніца на БМЗ. Раней, 17 жніўня, працоўныя заводу прыпынялі працу трох печаў, крычалі «Забастоўка!». Кіраўніцтва заводу сказала, што не забараняе забастоўку — гэта права працоўных, але трэба, каб яны сабралі подпісы, ня менш за 2/3 ад колькасьці працоўных.

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў мінулую пятніцу, 14 жніўня, прайшоў сход з удзелам кіраўніцтва заводу. Працоўныя перадалі кіраўніцтву свае патрабаваньні — аб адстаўцы Лукашэнкі, сумленных выбарах і супраць міліцэйскага гвалту. Заўтра, 20 жніўня, плянуецца новая сустрэча з кіраўніцтвам прадпрыемства

14:06 19.8.2020

Крэмль: «Цяпер няма патрэбы ў расейскай ваеннай дапамозе Беларусі»

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ў Расеі ёсць абавязацельствы аб ваеннай дапамозе Беларусі ў рамках міжнародных дамоваў, але цяпер патрэбы ў такой дапамозе няма, перадае Meduza.

На пытаньне, у якой сытуацыі Расея можа аказаць ваенную дапамогу Беларусі, Пяскоў адказаў, што гіпатэтычна разважаць пра гэта немагчыма.

Пяскоў таксама сказаў, што Расея прызнае вынікі выбараў у Беларусі і лічыць усё, што адбываецца ў гэтай краіне яе ўнутранай справай. Пры гэтым ён адзначыў, што робяцца спробы зьнешняга ўмяшаньня ў падзеі ў Беларусі. Хто менавіта іх прадпрымае, Пяскоў не ўдакладніў.

14:05 19.8.2020

«Дастае з кішэні вазілін і кажа: мы цябе проста згвалтуем»

Сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства. Аляксандра, 20 гадоў.

«Выпусьцілі мяне з чацьвярга на пятніцу. А затрымалі ў ноч зь 10 на 11-га. Затрымалі і павезьлі ў РУУС. І пасьля прывезьлі сюды, на Акрэсьціна.

Там жанчына на ўваходзе была, якая проста бярэ, б’е па нагах, ну каб самасьцьвердзіцца неяк ці неяк зьнявечыць. І пытаецца: «Як справы, сучка?». Далей ставяць да сьцяны, проста кідаюць у сьцяну, быццам ты нейкая рэч. Прымушаюць распранацца. І калі ты ставіш ногі на шырыню плеч, рукі за сьпіну, як загадалі, яна цябе б’е яшчэ больш, па нагах. Да такой ступені, што ты сядаеш ледзьве не на шпагат. Ты плачаш, бо балюча, у іх абутак грубы. Пасьля гэтага ты ня можаш ні хадзіць, нічога.

Бясконцыя абразы былі, пакуль мяне там вадзілі, афармлялі. Гэта былі абразы і прыніжэньні, што калі ў мяне татуіроўкі, значыць, я зэк. І што я афіцыйна беспрацоўная, таму лепш мне не высоўвацца, бо такіх, як я трэба забіваць. Чаму ты выглядаеш так, калі ты вырадак, ты ганьба гэтай краіны. Хоць я выйшла, наадварот, за краіну, сказаць, што я люблю сваю краіну. А я, аказваецца, ганьба, па-іхнаму. То бок, я не чалавек, нават не жывёла, такіх, як я, трэба забіваць, нявечыць, гвалтаваць, а лепш не нараджаць. Як яны мне казалі ў аўтазаку, каб такіх людзей не нараджалася, трэба рабіць аборты.

Калі я сказала, што я дзяўчына, ён кажа: О, дык ты яшчэ і баба. Калі я ўжо сядзела ў аўтазаку, ён сказаў мне: ногі пад сябе, скласьці вось так локці, галаву паміж ног. Ён адабраў мой тэлефон, прымусіў яго разблякаваць, сеў на мяне і глядзеў, што ў мяне ў галерэі і ўсе мае перапіскі. І калі ён убачыў групу «Чай з малінавым варэньнем»... Дастае вазілін з кішэні і кажа, ты ведаеш, што мы табой зараз зробім? Мы цябе проста згвалтуем. І гэтыя пагрозы былі на працягу ўсёй дарогі, хвілін 15. «Мы цябе прыкапаем у лесе». І сапраўды быў момант, калі яны спыніліся каля лесу і кажуць: ну што, рыхтуйся. І там аказаўся нейкі хлопец ці мужчына, які сказаў: ды ня трэба, давайце яе завязем проста. І гэта мяне выратавала. Бо я разумею, што мяне цяпер магло ня быць.

У мяне частковы надрыў зьвязак паўсюль, па ўсім целе. Мяне дактары аглядалі і так сказалі. Таму я цяпер чакаю мыліцы, каб яшчэ і другую нагу не даводзіць да такога стану».

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і ў турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

13:58 19.8.2020

Супраць давераных асобаў Ціханоўскай з Гомля распачалі крымінальныя справы

На Юрыя Ўласава і Тацяну Канеўскую — давераных асобаў Сьвятланы Ціханоўскай з Гомля — завялі крымінальныя справы.

Юрыя Ўласава затрымалі перад выбарамі і зьмясьцілі ў ізалятар. Потым стала вядома, што яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. На яго завялм крымінальную справу «за масавыя беспарадкі» паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу.

Тацяну Канеўскую затрымалі перад выбарамі. Яе судзілі па адміністрацыйным артыкуле за дробнае хуліганства і адпусьцілі з суду, бо яна мае непаўналетняе дзіця.

Як толькі Канеўская пайшла да канвойных забіраць свае рэчы — тут жа зьнікла. Выявілася, што яе зноў схапілі і пасадзілі ў ІЧУ. Цяпер яе перавялі ў Менск. Пакуль невядома, паводле якога крымінальнага артыкула ейная справа.

13:43 19.8.2020

«Лідзкае піва» апублікавала на афіцыйным сайце зварот у падтрымку мірных пратэстоўцаў, а таксама расказала, што працягвае працу, каб забясьпечыць грамадзянаў «напоямі жыцьцёвай неабходнасьці» — у прыватнасьці, вадой.

13:41 19.8.2020

Супрацоўнікі МАЗ скардзяцца на ціск і запалохваньне ​з боку адміністрацыі, замаруджваньне стварэньня страйкаму. Некаторых рабочых не прапускаюць на прахадной. Кажуць, звольнілі ўжо двух чалавек, якія былі назіральнікамі на выбарчых участках і адмовіліся падпісваць пратакол. Таксама рабочыя кажуць, што многія ня вераць у абяцаную падтрымку звольненым за страйкі, чакаюць прыкладу атрыманьня дапамогі

13:31 19.8.2020

Гайдукевіч-малодшы выступіў за пазачарговы сход «парлямэнту» і ўжо рыхтуецца да выбараў

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч, які падчас выбарчай кампаніі быў даверанай асобнай Лукашэнкі, заявіў пра стварэньне Каардынацыйнага камітэту Народна-патрыятычнага руху Беларусі.

Мэта новага руху — вырашэньне лёсу краіны ў прававым полі і недапушчэньне ўмяшаньня іншай краіны ў справы Беларусі. Захаваньне Саюзу з Расеяй і АДКБ Гайдукевіч назваў гарантыяй сувэрэнітэту Беларусі.

Дэпутат выступіў за скліканьне пазачарговай сэсіі парлямэнту, зьмены выбарчага заканадаўства і Канстытуцыі з умацаваньнем ролі парлямэнту.

«Народна-патрыятычны рух пачынае падрыхтоўку да любых магчымых у краіне выбараў – мясцовых, парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх», — гаворыцца ў заяве Гайдукевіча.

Паводле яго, новы рух пачынае арганізацыю ўстаноўчых сходаў у рэгіёнах.

13:31 19.8.2020

Ранкам 19 жніўня ў Мазыры быў затрыманы актывіст супольнасьці «Страна для жизни» Руслан Парфёнаў. Як паведаміў Свабодзе яго брат Андрэй, аўтамабіль актывіста спыніла ДАІ, і Руслана схапілі невядомыя, хутчэй за ўсё — міліцыянты. Маці Руслана паведамілі, што яго павезьлі ў Цэнтральны апарат СК у Менск па справе аб «масавых беспарадках».

Руслан Парфёнаў быў затрыманы перад выбарамі, ён атрымаў 10 сутак арышту. Па БТ і АНТ пра яго паказвалі сюжэты, што ён нібыта рабіў «вожыкі», каб спыняць тэхніку міліцыі. Паводле блізкіх, у кадрах быў не Руслан — ён іншага целаскладу і росту

13:29 19.8.2020

У БДУ зьбіраюць подпісы за адстаўку Лукашэнкі і Ярмошынай

Каля сотні чалавек сабраліся каля ўваходу ў галоўны корпус БДУ. З пачаткам дажджу натоўп спусьціўся ў пераход, паведамляе Tut.by у «Тэлеграме».

Супрацоўнікі і студэнты падпісваюць пэтыцыю ў сувязі з парушэньнем грамадзянскіх і палітычных правоў. Сярод патрабаваньняў:

  • адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай;
  • правядзеньне новых выбараў;
  • спыненьне гвалту і прыцягненьне да адказнасьці вінаватых у катаваньнях і зьдзеках;
  • вызваленьне палітычных вязьняў.
13:21 19.8.2020

На МТЗ не пусьцілі некаторых рабочых

Працаўнік МТЗ Эдуард Сьвянцецкі расказаў, што раніцай тых, хто падпісаў заявы на адміністрацыйны адпачынак цягам тыдня, не пусьцілі на прадпрыемства, заблякавалі пропускі.

«Можа мы ўжо і звольненыя», — не выключае Эдуард. Паводле яго, праз гадзіну, недзе а 9-й ранку, прыехаў АМАП і пачалася зачыстка плошчы.

«Нічога не казалі, адразу пачалі адціскаць людзей. Ведаю, што затрымалі прынамсі двух рабочых, яны былі ў працоўных робах», — сказаў Эдуард. Па ягоных зьвестках, напісалі заявы аб страйку каля 500 чалавек. Усяго на МТЗ працуюць каля 16 тысяч чалавек.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG