Міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік даслаў адкрыты ліст у рэдакцыю Tut.by. Напярэдадні каля будынку Міністэрства аховы здароўя ён сустрэўся з прадстаўнікамі мэдычнай грамадзкасьці, але размова не ўдалася.
«Сваю пазыцыю трэба выказваць не на вуліцы, а дадатковым аб’ёмам працы»
Паводле кіраўніка ведамства, ён гатовы да дыялёгу, але ўсім бакам неабходна «суцішыць эмоцыі» і ўспомніць, што безумоўнае аказаньне дапамогі — гэта пастулят, які не абмяркоўваецца і ня ставіцца пад сумнеў.
«У вольны час вы мае права выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю, хоць больш правільна выказваць яе ня выхадам на вуліцы, а дадатковым аб’ёмам працы на карысьць нашых грамадзянаў — як пацярпелых падчас акцыяў, так і тых, хто чакае плянавай дапамогі, — зьвярнуўся да калегаў міністар. — Спыніце абражаць адно аднаго. Інакш проста страшна ўявіць, што будзе, калі сапраўды прыйдзе другая хваля каранавіруснай інфэкцыі і засьпее нас у эканамічна складаным становішчы, з поўным разладам сыстэмы аховы здароўя».
«Ніводная машына хуткай дапамогі не выкарыстоўвалася для перавозкі сілавікоў»
Уладзімер Каранік акцэнтаваў моманты, якія напярэдадні не ўдалося давесьці да суразмоўцаў з прычыны «празьмернай наэлектрызаванасьці публікі».
Ён запэўніў, што ніводная машына хуткай дапамогі не выкарыстоўвалася супрацоўнікамі МУС для перавозкі сілавікоў да месцаў затрыманьняў.
«Падобную расфарбоўку маюць машыны мэдычнай службы ўнутраных войскаў, дзе знаходзяцца вайсковыя мэдыкі, натуральна, у вайсковай форме. Менавіта яны аказвалі дапамогу сваім пацярпелым калегам у самым эпіцэнтры, што магло спарадзіць гэтыя чуткі. Калі ёсьць іншыя факты, прад’явіце іх, бо нават здагадка пра тое, што ў машыне хуткай дапамогі могуць знаходзіцца прадстаўнікі сілавых ведамстваў, можа выклікаць агрэсію грамадзянаў і паставіць пад пагрозу бясьпеку нашых супрацоўнікаў, а гэта недапушчальна», — заявіў міністар.
«У месцах утрыманьня супрацоўнікі сыстэмы аховы здароўя не залучаныя»
З словаў Уладзімера Караніка, 9 жніўня для аказаньня мэдычнай дапамогі затрыманым у кожным РУУС Менску і буйных гарадах дзяжурыла хуткая дапамога.
У месцах часовага ўтрыманьня залучаныя супрацоўнікі не сыстэмы аховы здароўя, а пэнітэнцыярнай, але пастанова Міністэрства аховы здароўя рэглямэнтуе правілы ўзаемадзеяньня.
«Мы шчыльна ўзаемадзейнічалі з МУС, каб максымальна хутка вырашыць пытаньне аказаньня дапамогі пацярпелым і забесьпячэньня чалавечых ўмоваў знаходжаньня ў месцах часовага ўтрыманьня. Вынікам сталі пераводы грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, у стацыянары, а таксама апэратыўнае вызваленьне затрыманых зь месцаў, дзе ўмовы не адпавядаюць нарматывам. Паводле стану на 17 жніўня, на Акрэсьціна былі 6 чалавек, затрыманых за ўдзел у вулічных акцыях, ніхто ў мэдычнай дапамозе ня меў патрэбы».
«У нашых патолягаанатамічных бюро няма неапазнаных трупаў»
Сыстэма аховы здароўя не праводзіць судова-мэдычную экспэртызу і ня мае права накіроўваць на яе. Так міністар пракамэнтаваў зьвесткі пра большую за афіцыйную колькасьць забітых у пасьлявыбарных акцыях.
«Што мы можам зрабіць, дык гэта зафіксаваць факт звароту, апісаць атрыманыя пашкоджаньні і, з словаў пацыента, указаць акалічнасьці іх атрыманьня. За 16 жніўня такіх зваротаў толькі ў Менску было 160. Мы стаміліся паўтараць, што ў нашых патолягаанатамічных бюро няма неапазнаных трупаў, што туды дастаўляюць толькі памерлых у мэдычных установах. Загінулых альбо памерлых па-за шпітальнымі сьценамі накіроўваюць судова-мэдычныя экспэрты, якія знаходзяцца па-за юрысдыкцыяй нашага міністэрства».
Ці ёсьць у гэты момант у службе судова-мэдычнай экспэртызы неапазнаныя целы і што зьявілася прычынай сьмерці — гэтыя пытанні трэба адрасаваць менавіта туды, параіў Уладзімер Каранік.