Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў пра салідарную з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Эстоніяй пазыцыю сваёй краіны ў ацэнцы сытуацыі ў Беларусі.
У паведамленьні, разьмешчаным на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў, Пэтэр Сіярта ўдакладніў, што гаворка ідзе аб неабходнасьці правесьці ў Беларусі паўторныя выбары пры ўдзеле міжнародных назіральнікаў.
Пэтэр Сіярта дадаў, што гэтая пазыцыя была ўзгоднена ў часе ягоных тэлефонных размоў з калегамі зь Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы, а пасьля іх — у тэлефоннай размове прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана зь кіраўніком ураду Польшчы Матэвушам Маравецкім.
«Мы падтрымліваем пазыцыю Польшчы ў дачыненьні да Беларусі, асабліва з улікам значнай польскай нацыянальнай грамады, якая жыве ў Беларусі», — падкрэсьліў Пэтэр Сіярта.
У чэрвені ў часе візыту ў Менск прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан заявіў, што надышоў час скасаваць санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі і атачэньня Аляксандра Лукашэнкі.
Раней сёньня пра непрызнаньне вынікаў выбараў заявілі Канада і Ірляндыя.