Тысячы рабочых менскіх заводаў у падтрымку агульнанацыянальнага страйку ідуць да будынку Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка падтрымаць забастоўку тэлевізійнікаў.
На піку ў мітынгу ўдзельнічалі да 10 тысяч чалавек.
УЖЫВУЮ 9-ы дзень пратэстаў. Ціханоўская гатовая стаць нацыянальным лідэрам. Рабочыя на сустрэчы з Лукашэнкам: «Сыходзь!»
Шэсьце пачалося ад Менскага трактарнага заводу і рушыла да Менскага заводу колавых цягачоў, дзе мусіла адбыцца сустрэча тамтэйшых работнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам.
Супрацоўнікі МЗКЦ не далучыліся да мітынгу. Паводле непацьверджанай інфармацыі, іх ня выпусьцілі за межы прадпрыемства.
Далей шэсьце рушыла да Менскага аўтазаводу, дзе ў яго ўліліся сотні рабочых.
Калёна пэрыядычна скандуе «Выходзь!» і «Далучайся!». Пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, правядзеньня новых выбараў, вызваленьня палітвязьняў, спыненьня перасьледу ўдзельнікаў мірных акцыяў.
Каля Менскага заводу шасьцерняў да пратэстоўцаў ніхто не далучыўся. «Людзі яшчэ баяцца. Напэўна, іх не выпускаюць», — сказаў адзін з удзельнікаў пратэсту, рабочы МАЗу.
Пасьля далучэньня рабочых Менскага маторнага заводу шэсьце накіравалася вуліцай Ваўпшасава, мінула Завод пеністых вінаў, «Крыніцу», «Слодыч».
Канцавы пункт пратэставага маршу — офіс Белтэлерадыёкампаніі, дзе працягваецца страйк соцень супрацоўнікаў БТ.