Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі БТ дамовіліся страйкаваць да выкананьня іхных умоваў, але будуць здымаць актуальныя сюжэты


Супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі дамовіліся стайкаваць да выкананьня іхных патрабаваньняў, але будуць здымаць сюжэты на актуальныя тэмы, паведамляе БелаПАН.

Рэжысэр Белтэлерадыёкампаніі Вячаслаў Ламаносаў абвясьціў, што супрацоўнікі будуць выходзіць на страйк да будынку на вуліцы Макаёнка, 9, штодзень, пакуль ня будуць выкананыя патрабаваньні: вызваленьне ўсіх без выключэньня палітвязьняў, адстаўка ЦВК, скасаваньне вынікаў выбараў як сфальсыфікаваных, спыненьне рэпрэсіяў і ўсталяваньне свабоды СМІ.

Рэпартэр Мікіта Дзяменцьеў паведаміў БелаПАН, што паралельна здымачныя брыгады будуць рыхтаваць матэрыялы на актуальныя тэмы.

«Гэта зразумела нам усім, усё на паверхні, усе тэмы вядомыя. Ня трэба нічога выдумляць зьверху, — сказаў ён. — Мы хочам, каб была інфармацыя з двух бакоў. Няхай здымачная група — сцэнарысты, рэдактары, апэратары — прымуць рашэньні наконт набалелых актуальных тэмаў, каб асьвятліць той бок. Які? Гэта яны павінны вырашаць, а не натоўп, калі нехта хоча пра Акрэсьціна, а нехта пра лякарні. Яны адказваюць за матэрыял, хай яго здымаюць, а мы будзем глядзець».

Разам з тым рэпартэр пацьвердзіў, што здымачныя групы не вырашаюць, якія матэрыялы ідуць у эфір. «Карэспандэнт, які здымае, не нясе дыск і не ўстаўляе ў магнітафон. Гэта робяць іншыя людзі. Але мы спадзяемся, што зьнятае трапіць у эфір. Прынамсі, тады гэта будзе адэкватная размова. Так СМІ павінны дзейнічаць заўсёды. Гэта не адзінкавая акцыя», — падкрэсьліў Дзяменцьеў.

Супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія страйкуюць, прыходзіла падтрымаць паплечніца Сьвятланы Ціханоўскай Марыя Калесьнікава.

Перад будынкам на Макаёнка, 9, застаюцца некалькі соцень супрацоўнікаў тэлевізіі, а таксама іншыя менчукі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG