Вечарам у нядзелю тысячы неабыякавых беларусаў і чэхаў сабраліся ў гістарычным сэрцы Прагі — Старамесцкай плошчы — на мітынг салідарнасьці зь беларускім народам, які адстойвае свой палітычны выбар.
Сярод выступоўцаў члены Сэнату Чэскай рэспублікі Вацлаў Ласка і Павел Фішэр, член Эўрапейскага парлямэнту, старшыня Эўрапейскай партыі піратаў Мікулаш Пэкса, дыплямат, былы пасол Чэхіі ў ЗША і Вялікай Брытаніі Міхаэль Жантоўскі, паўнамоцны прадстаўнікі беларускай мяншыні пры ўрадзе Чэскай рэспублікі Алена Каварава (Ціхановіч) і іншыя.
Усе яны заклікалі да салідарнасьці зь беларускім народам і выказвалі надзею на перамогу дэмакратыі ў Беларусі.
У суботу ў цэнтры Прагі таксама адбылося шэсьце і мітынг беларусаў і чэхаў за свабоду Беларусі.