Аб’яднаны штаб будзе падаваць скаргу на неканстытуцыйныя дзеяньні ўладаў
Прадстаўніца абʼяднанага штабу Марыя Калесьнікава выступіла ля Стэлы і заявіла, што абʼяднаны штаб мае намер падаваць скаргу ў Канстытуцыйны суд на неканстытуцыйныя дзеяньні ўладаў. Сярод патрабаваньняў да ўлады — адстаўка Лукашэнкі і вызваленьне палітычных і эканамічных вязьняў.
«У нас скралі 26 гадоў жыцьця і свабоды, — сказала Марыя Калесьнікава. Змагайцеся са страхам».
Калі Калесьнікава скончыла выступ ля Стэлы, натоўп пачаў скандаваць: «Сьвета!». Людзі выгукаюць: «Жыве Беларусь!» З прычыны невялікага радыюсу дзеяньня ўсталяванай апаратуры Марыю Калесьнікаву чулі далёка ня ўсе прысутныя.
У Магліёве сабралася найбольшая акцыя пратэсту ў горадзе за гісторыю незалежнасьці Беларусі
У Магілёве марш «За Свабоду» прыйшоў да сквэру ля Палацу вобласьці і Лядовага палацу. Колькасьць удзельнікаў вагаецца ад 7 да 10 тысяч. Гэта найбольшая акцыя пратэсту ў горадзе за гісторыю незалежнасьці Беларусі.
Частка ўдзельнікаў утварыла паабапал праезнай часткі праспэкту Пушкіна ланцуг і вітае аўтамабілістаў. Большасьць разышлася па сквэры і адпачывае пасьля трохкілямэтровага маршу ад плошчы Леніна. Людзі фатаграфуюцца на фоне бел-чырвона-белых сьцягоў, якіх на пляцоўцы безьліч.
Шмат людзей сабралася на ганках Палацу вобласьці, сьпяваюць беларускія песьні. Гучыць кампазыцыя Віктара Цоя «Перемен». Многія трымаюць плякаты — за мірныя перамены, з патрабаваньнем справядлівых выбараў, з тэкстам «Лукашэнка ня наш прэзыдэнт». Нямала палітычных шаржаў. Аўтамабілісты падвозяць людзям ваду. Пануе сьвяточная атмасфэра.
МЕНСК. Калёна рушыла ад стэлы ў бок праспэкту Незалежнасьці
17.20 Калёна адыходзіць ад стэлы і рушыць у бок праспэкту Незалежнасьці і далей да Дому ўраду. Праспэкт Пераможцаў цалкам вызвалены ад руху аўтатранспарту, людзі ідуць на ўсю шырыню праезнай часткі, перадае карэспандэнт Свабоды.
Акцыя пратэсту ў Берасьці. Фатафакт
У Празе прайшлі шэсьце і мітынг салідарнасьці зь Беларусьсю. ВІДЭА
Каля 500 чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі напярэдадні прайшлі па гістарычным цэнтры Прагі — ад Славянскай бібліятэкі, праз Карлаў мост на Градчанскую і Лярэтанскую плошчы. Каля будынку Міністэрства замежных справаў Чэхіі на Лярэтанскай плошчы адбыўся мітынг.
На мітынгу выступалі чэскія палітыкі і прадстаўнікі беларускай меншыні ў Чэхіі. Сярод апошніх былі муніцыпальны дэпутат Андрэй Рамашэўскі, паўнамоцны прадстаўнік беларускай меншыні пры ўрадзе Чэхіі Алена Коварава (Ціхановіч) і іншыя. Выступалі расейскія журналісты Яфім Фіштэйн і Андрэй Курачкін. Цалкам чытайце па спасылцы.
Кіраўніцтва NATO сочыць за сытуацыяй у Беларусі і абвяргае заявы Лукашэнкі
NATO абвергла абвінавачваньні Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ідзе «працэс нарошчваньня ваеннай моцы альянсу» блізу заходняй мяжы краіны. Прадстаўнік арганізацыі заклікаў беларускія ўлады паважаць асноўныя свабоды, уключна з правам на мірны пратэст, і адзначыў, што ў NATO ўважліва сочаць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі.
«Ніякага нарошчваньня сілаў NATO у рэгіёне няма. Шматнацыянальная прысутнасьць ва ўсходняй частцы Паўночнаатлянтычнага саюзу не ўяўляе пагрозы ні для адной краіны. Яна носіць строга абарончы, сувымерны характар і накіраваная на прадухіленьне канфліктаў і захаваньне міру», — цытуе «Інтэрфакс» заяву прэс-сакратара альянсу.
МУС: За Лукашэнку мітынгавала 65 тысяч чалавек, колькі выйшла на мітынг ягоных праціўнікаў, яшчэ не падлічылі
Прэсавая сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава адказала на пытаньне Свабоды, колькі людзей было на мітынгах за і супраць Лукашэнкі, якія праходзяць у Менску 16 жніўня.
«Па стане на 13 гадзін на Плошчы незалежнасьці паводле нашых зьвестак было зафіксавана 65 тысяч чалавек», — сказала Чамаданава.
Колькі праціўнікаў Лукашэнкі выйшла на праспэкты Менска і да стэлы «Горад-герой», у МУС зьвестак пакуль няма, яшчэ не падлічылі.
Дыялёг Лукашэнкі з прыхільнікамі на мітынгу ў Менску: «Вы хочаце свабоды?» — «Не!»
Кульмінацыя пратэсту. Што далей?
На мітынг супраць Лукашэнкі выйшла некалькі соцень тысяч чалавек. Самае малае, 200 тысяч, піша аналітык Свабоды Юры Дракахруст.
Шмат гадоў апазыцыя марыла: вось выйдзе на вуліцы 100 тысяч чалавек, і ўсё, рэжыму капец. Сёньня выйшла больш. Аднак рэжым не думае здавацца. Імаверна, мы назіраем кульмінацыю народнага пратэсту. Часта зьбіраць такую колькасьць можа не ўдасца. Падтрымліваць мабілізацыйную гатоўнасьць вялізнай колькасьці людзей вельмі цяжка. То бок, калі цяпер пакрычаць, выгаварыцца і разысьціся, наступным разам такой колькасьцю можна і не сабрацца.
Таму лягічна было б цяпер прыняць нейкае рашэньне, што рабіць далей, які наступны крок. Патрабаваньні зразумелыя, Лукашэнка іх адмаўляецца выконваць. Не ўдаецца дамовіцца нават пра вызваленьне палітвязьняў.
Што далей?
Самаарганізацыя грамадзтва — гэта выдатна. Але наступае момант, калі хтосьці павінен браць ня сябе адказнасьць. Вось тут бракуе лідэрства. У адваротным выпадку ўвесь пратэст можа рассеяцца ў прасторы і часу і не да чаго не прывядзе.
Праспэкт Пераможцаў у Менску цалкам занялі пратэстоўцы
Праспэкт Пераможцаў цалкам вызвалены ад руху аўтатранспарту, людзі і ідуць на ўсю шырыню праезнай часткі.
На вуліцах сумежных з праспэктам Незалежнасьці — у прыватнасьці на Чырвонаармейскай і Ульянаўскай — па сьведчаньнях журналістаў Свабоды, шмат спэцтэхнікі: блізу двух дзясяткаў аўтазакаў і вадамётаў.
Калі калёна дэманстрантаў падышла да катэдральных сабораў на Плошчы Свабоды, пачуўся звон у праваслаўнай царкве і каталіцкім саборы, перадае карэспандэнт Свабоды.
Сёньняшняе шэсьце ў Менску — самае масавае ў гісторыі Беларусі. Думка палітычнага аглядальніка Радыё Свабода
Пакуль цяжка казаць пра канкрэтную лічбу, але, як сьведка дагэтуль найбольшага мітынгу (100 тысяч чалавек ля Дому ўраду падчас красавіцкага страйку 1991 г.), візуальна я ацэньваю колькасьць людзей на сёньняшнім шэсьці як значна большую. Пры гэтым варта ўлічыць, што прыбываюць усё новыя і новыя калёны пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, — заўважае аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
У Белаазёрску выйшлі каля 500 чалавек, насельніцтва горада — каля 10 тысяч
У горадзе Белаазёрску 16 жніўня людзі зноў сабраліся на мірны пратэст. У ім удзельнічала каля 500 чалавек (для горада з насельніцтвам 10 000 гэта выглядала маштабна), паведамляюць Свабодзе відавочцы.
Людзі прайшлі па цэнтральных вуліцах горада, а потым спыніліся і зачыталі пэтыцыю, складзеную ад імя горада, выбралі ініцыятыўную групу. Усе вельмі хочуць агалоскі таго, што адбываецца.
Міністар абароны Сэрбіі абверг удзел сэрбскіх вайскоўцаў у здушэньні пратэстаў у Беларусі
Пасьля таго, як на сацыяльных сетках зьявіліся фатаздымкі сэрбскіх вайскоўцаў у Беларусі з камэнтарамі, дзе казалася пра іх магчымую ролю ў здушэньні пратэстаў у Беларусі, міністар абароны Сэрбіі выступіў з абвяржэньнем.
15 жніўня беларускі аналітык Франак Вячорка апублікаваў здымкі, на якіх былі меркаваныя сэрбскія вайскоўцы ў Менску і Берасьці. Паводле Вячоркі, гэта магло значыць іх удзел у здушэньні цяперашніх пратэстаў у Беларусі.
У сваім адказе міністар абароны Сэрбіі Аляксандар Вулін заявіў, што такія сьцьверджаньні гэта «працяг адмысловай вайны супраць Сэрбскай арміі і яе вярхоўнага галоўнакамандуючага (сэрбскага прэзыдэнта Аляксандра Вучыча – РС).
Паводле сайту міністэрства, Вулін патлумачыў, што некаторыя з фота, апублікаваных на сацыяльных сетках, былі зробленыя ў 2018 годзе падчас супольных вучэньняў войска і паліцыі ў сэрбскім горадзе Кралеве. «Дзевяць нашых вайскоўцаў цяпер у Беларусі, у Берасьці, ізаляваныя на вайсковым палігоне, дзе яны рыхтуюцца да вайсковых спаборніцтваў «Снайпэрская мяжа».
Менск: пратэстоўцы выйшлі на праспэкт Незалежнасьці
18.05 Пратэстоўцы выйшлі на праспэкт Незалежнасьці ў Менску. Кастрычніцкая плошча пакуль вольная. Запоўнены праспэкт Незалежнасьці ў раёне ГУМа і далей.
У раёне Кастрычніцкай плошчы вайскоўцы акружылі квартал сквэру Янкі Купалы, Купалаўскага тэатру, будынку адміністрацыі Лукашэнкі.
«Хлопцам плацяць 30 рублёў, дзяўчатам — 60». Міністар Караеў пра адстаўку і Тарайкоўскага
Сыход міністра ўнутраных спраў у адстаўку не прывядзе ні да чаго добрага, а, наадварот, дэмаралізуе асабісты склад. Такое меркаваньне выказаў кіраўнік МУС Юры Караеў, адказваючы на пытаньні карэспандэнта TUT.BY.
«Я ўжо сказаў, што шкадую пра зьбітых і бяру на сябе адказнасьць, — адзначыў Караеў. — Як тут Латушка: я павінен сысьці ў адстаўку? А Някляеў, што я павінен застрэліцца? Я б ім прынёс гэтым вельмі вялікую радасьць, дэмаралізаваць свой асабісты склад. І тады разваліцца ўсё».
Кіраўнік МУС паабяцаў разабрацца па ўсіх выпадках гвалту і перавышэньня паўнамоцтваў з боку сілавікоў, калі «ўсё сьцішыцца». «Эскаляцыя ішла з абодвух бакоў. Калі зьбіваюць сваіх хлопцаў, стрыманасьць пачынае зьмяняць. Гэта вельмі дрэнна, я супраць гэтага. Так быць не павінна. Па ўсіх выпадках мы будзем разьбірацца. Не цяпер, а калі ўсё сьцішыцца. Я зараз павінен дэмабілізаваць міліцыю ва ўгоду камусьці?» — сказаў Караеў.
Па словах міністра, асноўныя пратэстоўцы фінансуюцца з-за мяжы. Хлопцам плацяць 30 рублёў, дзяўчатам — 60. «Іх выкарыстоўваюць наўгад, кіруюць іх сьвядомасьцю і падсвядомасьцю. Ну добра, падарвем мы эканоміку краіны, хай яшчэ паплацяць пару тыдняў. Дарэчы, гэтыя дзяўчаты, якім плацяць па 60 рублёў, ужо не пускаюць у свае шэрагі іншых — ня хочуць, мабыць, дзяліцца рэсурсамі». Цалкам чытайце па спасылцы.
100-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг у цэнтры Менску. ФОТА
У Зяленскага ацанілі паводзіны Лукашэнкі як «сьвядома правакацыйныя»
У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага лічаць сьвядома правакацыйнымі заявы Аляксанда Лукашэнкі аб тым, што «кіраўніцтва Ўкраіны загадвае правесьці ў Беларусі новыя выбары».
«Гэта ня проста адкрытая няпраўда. Гэта сьвядомае нагнятаньне. Сьвядома правакацыйныя паводзіны. Для чаго? Нават інакш — да чаго тут Украіна, калі падзеі датычацца выключна Беларусі і ўнутранага недаверу?», — зазначае офіс украінскага прэзыдэнта.
У заяве падкрэсьлена, што Ўкраіна паважае геаграфічныя і палітычныя межы дзяржаваў і ня ўмешваецца ў вырашэньне пытаньняў пра выбары або нечай перамогі на іх. Цалкам чытайце па спасылцы.
Папа рымскі заклікаў да спыненьня гвалту ў Беларусі
16 жніўня, падчас сваёй традыцыйнай нядзельнай сустрэчы зь вернікамі на малітве «Анёл Панскі», пантыфік скіраваў адмысловы зварот, зьвязаны з сытуацыяй у Беларусі.
«Мае думкі кірую да дарагой Беларусі. Зь вялікай увагай сачу за сытуацыяй, якая склалася пасьля выбараў у гэтай краіне. Заклікаю да дыялёгу, спыненьня гвалту, павагі справядлівасьці і права. Давяраю ўсіх беларусаў апецы Багародзіцы, Каралевы супакою», — сказаў Францішак.
У Менску натоўп сабраўся ля турмы на Валадарскага і скандуе «Адпускай!»
18.30 Тысячны натоўп сабраўся насупраць сьледчага ізалятару №1 на вуліцы Валадарскага і скандуе «Адпускай!», патрабуючы выпусьціць палітвязьняў. Па чарзе зачытваюцца прозьвішчы палітвязьняў: Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Сяргей Спарыш, Павал Севярынец, Ігар Лосік ды іншыя.
БЕРАСЬЦЕ. Кіраўнік гораду выйшаў да людзей. Відэа
У Берасьці кіраўнік гораду Аляксандар Рагачук выйшаў да пратэстоўцаў разам з кіраўніком упраўленьня ўнутраных спраў генэралам Астрэйкам, начальнікам упраўленьня Сьледчага камітэту па Берасьці Русланам Сычовым і пракурорам Берасьця Андрэем Валадзько. Людзі сустрэлі іх гулам і крыкамі: «Забойцы!».
Дзяржаўнае інфармагенцтва напісала пра «марш салідарнасьці» ля Стэлы ў Менску
Дзяржаўнае агенцтва БелТА апублікавала фотарэпартаж пад назвай «У Менску ля стэлы адбываецца марш салідарнасьці».
На кожным здымку — удзельнікі, якія трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. Бадай, за два зь лішкам дзесяцігодзьдзі гэта першы выпадак, калі афіцыйнае мэдыя расказвае пра масавы збор апанэнтаў улады без нэгатыўных камэнтароў.