МЕНСК. Людзі зьбіраюцца ля Дому ўраду
18.45 Плошча Незалежнасьці ў Менску і прылеглыя вуліцы і сквэры цалкам запоўненыя людзьмі. Людзі прыходзяць і сыходзяць у роўных прапорцыях, паведамляе карэспандэнт Свабоды, які знаходзіцца за Чырвоным касьцёлам. Ніякіх агрэсіўных дзеяньняў дэманстрантаў ці міліцыі ён не заўважыў.
Пратэстоўцы абляпілі плякатамі помнік Леніну, некаторыя сядаюць на праезную частку. Скандуюць «Выйдзі, палічы!»
Падыход да Дому ўраду перакрыты турнікетамі, людзі мірна сядзяць на прыступках, спяваюць, адпачываюць.
«26 гадоў кашмару павінны скончыцца!». Рэзалюцыя мітынгу ўдзельнікаў Маршу Свабоды
Удзельнікі шматтысячнага мітынгу каля стэлы «Менск — горад-герой» падтрымалі патрабаваньне каардынатаркі аб’яднанага штабу Марыі Калесьнікавай аб адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі.
«Наша галоўнае патрабаваньне — былы прэзыдэнт мусіць падаць у адстаўку. 26 гадоў кашмару павінны скончыцца, гэта не павінна працягвацца», — заявіла Калесьнікава пад ухвальныя воклічы мітынгоўцаў.
«Мы цалкам падтрымліваем асноўны пункт у праграме Сьвятланы Ціханоўскай — правядзеньне новых сумленных выбараў», — дадала Калесьнікава.
Яна заявіла, што, паводле шматлікіх сьведчаньняў, менавіта Ціханоўская атрымала перамогу на выбарах 9 жніўня.
«Мы не супакоімся, пакуль цяперашняя ўлада ня сыдзе ў адстаўку і Беларусь ня стане свабоднай краінай», — падкрэсьліла Калесьнікава.
Акрамя таго, удзельнікі мітынгу ўхвальна ўспрынялі яе заяву, што трэба неадкладна спыніць гвалт на вуліцах беларускіх гарадоў і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
«Мы патрабуем неадкладна спыніць гвалт. Ніводзін з датычных да гвалту ня быў пакараны, дагэтуль ня вызваленыя людзі з турмаў. Так ня будзе», — падкрэсьліла Калесьнікава.
Паводле яе, заўтра будзе пададзеная заява на ўзбуджэньне крымінальнай справы паводле фактаў сьмерці людзей, зьдзекаў, незаконных дзеяньняў праваахоўных органаў. Усе павінны панесьці адказнасьць згодна з законам Рэспублікі Беларусь, падсумавала яна.
«Мы патрабуем вызваліць усіх палітычных зьняволеных і затрыманых на мірных акцыях і акцыях нязгоды. І тыя больш як 4 тысячы чалавек, якія застаюцца ў турме», — дадала Калесьнікава.
Сэрбія адмаўляе датычнасьць сваіх вайскоўцаў да здушэньня пратэстаў у Беларусі
Пасьля таго як у сацыяльных сетках зьявіліся фатаздымкі сэрбскіх вайскоўцаў у Беларусі і камэнтары пра іх магчымую ролю ў здушэньні пратэстаў у Беларусі, міністар абароны Сэрбіі выступіў з абвяржэньнем.
15 жніўня беларускі аналітык Франак Вячорка апублікаваў здымкі сэрбскіх вайскоўцаў, зробленыя, як меркавалася, у Менску і Берасьці. Паводле Ф.Вячоркі, гэта вымагала высьвятленьня іх магчымага ўдзелу ў здушэньні цяперашніх пратэстаў у Беларусі.
У сваім адказе міністар абароны Сэрбіі Аляксандар Вулін заявіў, што такія сьцьверджаньні — «працяг адмысловай вайны супраць Сэрбскай арміі і яе вярхоўнага галоўнакамандуючага» (сэрбскага прэзыдэнта Аляксандра Вучыча. — РС).
Паводле сайта міністэрства, Вулін патлумачыў, што некаторыя з фота, апублікаваных у сацыяльных сетках, былі зробленыя ў 2018 годзе падчас супольных вучэньняў войска і паліцыі ў сэрбскім горадзе Кралеве.
«Дзевяць нашых вайскоўцаў цяпер у Беларусі, у Берасьці, ізаляваныя на вайсковым палігоне, дзе яны рыхтуюцца да вайсковых спаборніцтваў «Снайпэрская мяжа».
Кіраўнікі Беларусі і Сэрбіі Аляксандар Лукашэнка і Аляксандар Вучыч апошні раз сустракаліся ў Менску ў чэрвені 2019 году. Вучыч тады падзякаваў Лукашэнку за тое, што Беларусь не прызнала Косава, а таксама перадала чатыры старыя самалёты MiG-29. Падрабязнасьці ўгоды, аднак, невядомыя, бо Міністэрства абароны Сэрбіі вызначыла гэтыя дамовы як «сакрэтныя».
Акцыя салідарнасьці ў Смалявічах
Поўнае відэа прамовы Лукашэнкі на афіцыйным мітынгу раніцай
На волю выйшлі «дыджэі пераменаў». ФОТА
Сёньня з ізалятару на Акрэсьціна выйшлі гукарэжысэры Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, якія ўключылі 6 жніўня ў Кіеўскім сквэры ў Менску песьню Цоя «Перамен». Яны правялі за кратамі 10 сутак.
Хлопцы сказалі, што адчуваюць сябе добра, але пакуль «ня ведаюць, у якую краіну сёньня выйшлі».
Суд Цэнтральнага раёну Менску 7 жніўня прызнаў Кірыла і Ўладзіслава вінаватымі ў «дробным хуліганстве» і «непадпарадкаваньні міліцыі». Абодва атрымалі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя на афіцыйным канцэрце каля кінатэатру «Кіеў», перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко.
Дзясяткі тысяч прыхільнікаў перамен на плошчы Незалежнасьці. ФОТА
На помніку Леніну зьявіліся розныя плякаты, у тым ліку «Ціханоўская наш прэзыдэнт». Людзі скандуюць «Трыбунал!», «Сыходзь!», «Звольнены!», «Свабоду палітвязьням!».
Да журналістаў падыходзяць удзельнікі акцыі і заяўляюць, што прыйшлі на покліч сэрца, а не па разнарадцы.
Пасьля поўдня на плошчы Незалежнасьці прайшоў мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Сам Лукашэнка таксама прыбыў на плошчу і ў сваім выступленьні паўтарыў, што ўладу аддаваць не зьбіраецца.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна распачаць справы супраць сілавікоў, якія злоўжылі паўнамоцтвамі
Праваабаронцы цэнтра «Вясна» зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру з заявай, у якой патрабуюць неадкладна распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да сілавікоў, якія злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі пры разгоне мірных дэманстрантаў.
У заяве адзначаецца, што з 9 па 13 жніўня ў розных месцах Менска і іншых гарадоў Беларусі супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства абароны ажыцьцяўлялі адвольныя затрыманьні грамадзян, за імі ішлі катаваньні і акты жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага абыходжаньня.
Што адбываецца ў Менску пасьля найбольшага пратэсту ў гісторыі Беларусі. СТРЫМ Свабоды
Украінская СМІ адмовілася называць Лукашэнку прэзыдэнтам
Адно з найбуйнейшых украінскіх выданьняў «Украінская праўда» разам з парталам «Эўрапейская праўда» дамовіліся, што ў сваіх публікацыях будуць называць Аляксандра Лукашэнку «асобай, якая выконвае абавязкі прэзыдэнта Беларусі».
«Пасьля інаўгурацыі статус Аляксандра Лукашэнкі, вядома ж, зьменіцца на «самаабвешчаны»», – напісаў галоўны рэдактар «Эўрапейскай праўды» Сяргей Сідарэнка. – У сьвеце дастаткова тых, хто дадае легітымнасьці дыктатару. Ня хочацца быць аднымі зь іх».
Ён заклікаў рэдактараў зь іншых СМІ далучыцца да зьмены фармулёўкі.
Дырэктар Купалаўскага тэатру: «Мы хочам, каб пачаўся працэс зьменаў»
Дырэктар Купалаўскага тэатру, былы пасол Беларусі ў Польшчы і Францыі Павал Латушка ўзяў удзел у маршы Свабоды ў Менску. Падчас акцыі ў інтэрвію TUT.BY ён заявіў:
«Менск ня бачыў такога, краіна ня бачыла такой колькасьці людзей, якія сёньня выйшлі для таго, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Фактычна мы сёньня можам канстатаваць, што ў Беларусі ствараецца грамадзянская плятформа, і ў яе аснову павінны быць пакладзены наступныя прынцыпы: не — гвалту, так — праву, так — заканадаўству, так — выкананьню законаў у нашай краіне. Наступны прынцып — мы хочам пераменаў, трансфармацый, каб пачаўся працэс зьменаў».
Сілавікі па-ранейшаму выкрадаюць людзей?
Больш за тысячу чалавек на акцыі падтрымкі ў Празе
Акцыя пратэсту ў Нясьвіжы і Лагойску
Пратэст каля БТ вынікаў ня даў. У вечаровых навінах ізноў кансьпіралёгія, — аглядальнік Свабоды Дзьмітры Гурневіч
Кіраўніцтва БТ абяцала ўчора сваім супрацоўнікам, нязгодным з замоўчваньнем насільля сілавікоў і ігнараваньнем масавых мірных акцый, што канал пакажа праўду.
У «Галоўным эфіры» самаму вялікаму мітынгу ў гісторыі Беларусі, які адбыўся каля стэлы «Менск — горад-герой», прысьвяцілі некалькі сэкундаў. Не ўзгадалі ані пра колькасьць удзельнікаў, ані паказалі панарамных кадраў, ані далі слова ўдзельнікам. Не паказалі таксама ахвяраў катаваньняў.
Але паказалі выступ аднаго з кіраўнікоў АМАПу на мітынгу Лукашэнкі, якога сустрэлі авацыямі. Далей усё як звычайна. Гледачы пачулі, што Беларусь хочуць разгайдаць як бастыён эўразійскай інтэграцыі. Што літоўцы, палякі і латышы — ворагі. Што Ўкраіна ў агні. Усе навокал зайздросьцяць Беларусі і хочуць яе разадраць. Але ўжо не Расея. Яна ўжо стала тым, хто можа абараніць. Далей было пра ўборачную.
Бабруйск — шэсьце за перамены
У нядзелю 16 жніўня агульнанацыянальны «Марш Свабоды» пачаўся ў Бабруйску а 13-й, сабраў значна больш за тысячу чалавек і працягваўся ўвесь дзень.
На цэнтральнай плошчы Леніна а 14-й сабралася каля тысячы чалавек. Гэтым разам, апроч безьлічы сьцяжкоў, балёнікаў і самаробных транспарантаў, бабруйчане падрыхтавалі два вялізныя бел-чырвона-белыя палотнішчы, якіх хапіла на ўсю шырыню трыбун ля помніка Леніну.
Зноў зладзілі вольны мікрафон і збор подпісаў — цяпер да пракурора Бабруйску — з патрабаваньнем пакараць фальсыфікатараў выбараў і сілавікоў, якія жорстка разганялі мірных маніфэстантаў, і да старшыні гарвыканкаму — з пытаньнямі да арганізацыі выбараў і празьмерных мер УУС па «зачыстцы» гораду 9–11 жніўня, а таксама з заклікам да яго як найхутчэй распачаць працэдуру пазбаўленьня Ярмошынай званьня ганаровага грамадзяніна Бабруйску.
У 15.30 вялізная сьвяточная калёна пайшла гуляць па цэнтральных вуліцах у суправаджэньні безупынных сыгналаў машын і вітаньняў з вокнаў дамоў. Дэманстранты пераходзілі дарогі выключна па пераходах і на зялёнае сьвятло. А 17-й яны вярнуліся на плошчу, сьвята працягнулася.
Міліцыя не пацьвердзіла новыя затрыманьні
МУС Беларусі не пацьвярджае фактаў затрыманьня грамадзян 16 жніўня падчас правядзеньня акцыяў нязгодных з афіцыйнымі вынікамі галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, паведаміла карэспандэнту ТАСС прэс-сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава.
«У апэратыўна-дзяжурнай службе інфармацыі пра затрыманьні ў нядзелю няма», — сказала яна.
Раней сёньня карэспандэнт Свабоды паведаміў, што ў цэнтры Менску ля ГУМу невядомыя схапілі некалькі чалавек, зацягнулі ў мікрааўтобус і павезьлі ў невядомым кірунку.