Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, 16 жніўня, Марш Свабоды.
Менск, 16 жніўня, Марш Свабоды.

Пасьля мітынгу «за Лукашэнку» сотні тысяч менчукоў выйшлі на пратэст супраць яго. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

У нядзелю а 12-й на плошчы Незалежнасьці ў Менску прайшоў мітынг у падтрымку дзяржаўнага курсу з удзелам Лукашэнкі. Ён сабраў каля 10 тысяч чалавек, зьвезеных з усёй Беларусі. «Марш Свабоды» ў Менску на праспэкце Пераможцаў сабраў больш за 100 тысяч чалавек.

07:56 16.8.2020

Напярэдадні, 15 жніўня, на старонках праўладнай арганізацыі «Белая Русь» у сацыяльных сетках сталі зьяўляцца заклікі прыйсьці ў нядзелю а 12-й на плошчу Незалежнасьці ў Менску на мітынг у падтрымку дзяржаўнага курсу. Чытачы Радыё Свабода з розных рэгіёнаў паведамляюць, што іх прымушаюць паехаць у Менск на гэты мітынг і пагражаюць звальненьнем. Раней удзельнікі акцый супраць фальсыфікацыі выбараў абвяшчалі пра збор на плошчы Незалежнасьці а 14-й гадзіне.

08:17 16.8.2020

Пампэо: ЗША «актыўна абмяркоўваюць сытуацыю ў Беларусі» з Эўразьвязам

Злучаныя Штаты актыўна абмяркоўваюць сытуацыю ў Беларусі з прадстаўнікамі Эўрапейскага Зьвязу, пасьля таго як на цягам усяго гэтага тыдня беларускія ўлады спрабавалі жорстка здушыць масавыя пратэсты супраць меркаванай фальсыфікацыі выбараў рэжымам Лукашэнкі. Пра гэта заявіў у суботу дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, паведамляе «​Голас Амэрыкі».

Выступаючы ў сталіцы Польшчы, якая стала апошняй прыпынкам Пампэо ў часе турнэ па цэнтральнай Эўропе, дзяржсакратар ЗША заявіў, што Вашынгтон адсочвае сытуацыю ў Беларусі, і што мэта ягоных кантактаў зь лідэрамі ЭЗ — гэта «паспрабаваць дапамагчы ўсім, чым можам, каб беларускі народ здабыў сувэрэнітэт і свабоду».

09:18 16.8.2020

МЗС Украіны заявіла, што «агулам падзяляе» пазыцыю Эўразьвязу па сытуацыі ў Беларусі

У заяве ад 15 жніўня МЗС Украіны не ўдакладняе, ці прызнала вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, паводле якіх было афіцыйна абвешчана пра перамогу Аляксандра Лукашэнкі.

«МЗС Украіны заяўляе, што афіцыйна абвешчаныя вынікі выбараў не выклікаюць даверу беларускага грамадзтва. Мы агулам падзяляем пазыцыю, якую выказаў ЭЗ з нагоды выбараў у Беларусі. Украіна надзвычай занепакоеная выпадкамі неабгрунтаванай жорсткасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў супраць грамадзян, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, прадстаўнікоў СМІ і замежнікаў», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.

09:38 16.8.2020

Назіральніца з Ракава расказала, што адбывалася на выбарчым участку падчас падліку галасоў

Назіральніца Юлія Макінко падзялілася ў інтэрвію інстаграм-акаўнту «Мястэчка Ракаў», што адбывалася 9 жніўня падчас падліку галасоў на ракаўскім участку для галасаваньня № 19. Свабода не змагла апэратыўна праверыць названыя назіральніцай зьвесткі.

  1. Пяць назіральнікаў, якія засталіся на падліку, сам падлік не бачылі — іх «папрасілі» папіць кавы на другім паверсе;
  2. Назіральнік бачыла сьлёзы ў некаторых жанчын-членаў камісіі пасьля падліку;
  3. Дзьверы з участка для галасаваньня ў сельсавет не былі замкнутыя — калі прайшлі назіральнікі, то маглі хадзіць і нейкія іншыя асобы;
  4. Унізе, дзе ішоў падлік галасоў, быў АМАП і міліцыя.

10:02 16.8.2020

Чытачы Свабоды паведамляюць, што людзей зь Бересьця і Івацэвічаў вязуць на праўладны мітынг у Менск спэцыяльным цягніком. Таксама нам даслалі відэа, як едуць аўтобусамі з Гомля і Мазыра. Зь Віцебску таксама ідзе цягнік з «прыхільнікамі Лукашэнкі», — піша чытач Свабоды. 200 чалавек на яго пасадзяць у Оршы. Паводле графіку ён павінен прыбыць на Менск-Пасажырскі а 11:24. Цягніку прысвоены нумар 5603 — з дыяпазону нумароў, якія прысвойваюцца цягнікам «состоящих из цельнометаллических вагонов без пассажиров».

12:24 16.8.2020

На вуліцы Мясьнікова паблізу Плошчы Незалежнасьці карэспандэнт Свабоды заўважыў 20 аўтобусаў з Берасьцейскай вобласьці. Каля іх ходзяць добра апранутыя людзі зь дзяржаўнай сымболікай.

12:26 16.8.2020

Група людзей, каля 50 чалавек, якія сабраліся ў цэнтры Плошчы Незалежнасьці, скандавалі «За бацьку!», «За Беларусь». Бачныя афіцыйныя беларускія сьцягі і адзін расейскі. Людзей па ўсё плошчы сабралася каля тысячы. Грае музыка.

12:46 16.8.2020

Тэлеканал «Настоящее время» вядзе чарговую жывую трансьляцыю, прысьвечаную падзеям у Беларусі.

12:47 16.8.2020

Фота з праўладнай акцыі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі на плошчы Незалежнасьці

12:49 16.8.2020

Журналістаў на Плошчу незалежнасьці прапускаюць праз пост міліцыі, людзі ў цывільным пусьцілі ў першую чаргу журналістаў пулаў нумар 1 і нумар 2, іх павялі бліжэй да Дому ўраду. Незалежных журналістаў адвялі на пляцоўку каля Чырвонага касьцёлу. Зьявіліся плякаты: «Беларусь наш агульны дом», «За Беларусь!», «Мы адзіныя, мы непадзельныя», апрача афіцыйных беларускіх ёсьць і савецкія сьцягі.

12:58 16.8.2020

Плошча Незалежнасьці. Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі

13:06 16.8.2020

На мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі прысутнічае старшыня праўладнага Саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў.

13:09 16.8.2020

Так выглядае акцыя ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі

13:22 16.8.2020

Сярод транспарантаў на мітынгу на Плошчы Незалежнасьці «Любімую не аддамо», «Паважайце выбар народу», «Лукашэнка – народны прэзыдэнт», «Мы за мір». Многія плякаты людзі нясуць у згорнутым выглядзе, таму прачытаць іх немагчыма. Шмат сьцягоў Белай Русі. Сярод удзельнікаў мітынгу кіраўнік НАН Беларусі Ўладзімер Гусакоў і 30 ягоных супрацоўнікаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

13:23 16.8.2020

Карэспандэнт Свабоды ўбачыў на плошчы Незалежнасьці былога кіраўніка БТ, кіраўніка «Белай Русі» Генадзя Давыдзьку і кіраўніка праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіла Орду. Давыдзька заявіў на мітынгу: «Радзіма ў небясьпецы».

Удзельнікі мітынгу нэгатыўна рэагавалі, калі чулі беларускую мову з вуснаў журналіста, называлі яго правакатарам і хацелі прагнаць.

«Мы паважаем выбар тых, хто думае ня так, як мы, але патрабуем, каб паважалі і наш выбар. Спыніце шальмаваньне нашых актывістаў. Мы хочам міру! Беларусь – гэта мы», – заявіў на мітынгу кіраўнік «Беларусі Русі» Генадзь Давыдзька.

Людзі аплядуюць і скандуюць «Беларусь – гэта мы», але нядоўга.

13:26 16.8.2020

У Горадні на Старым замаку вывесілі нацыянальны сьцяг. ФАТАФАКТ

13:31 16.8.2020

13:46 16.8.2020

Эмацыйна выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч: «Калі і праводзіць новыя выбары, то па нашых законах і Канстытуцыі». Гайдукевіч заявіў, што трэба расьсьледаваць кожны выпадак гвалту:

«Зьвяртаюся да кожнага: беларусы, мы браты, мы жылі і будзем жыць у адной краіне… Парлямэнт і ўрад будзе вырашаць, як нам жыць, а ня хунта і ня вуліца».

13:47 16.8.2020

Радыё Свабода вядзе жывую трансьляцыю

13:59 16.8.2020

Чарговы прамоўца на мітынгу: «Лукашэнку падставілі халуі, якія намалявалі яму неіснуючыя 80 працэнтаў. Мы разьбярэмся самі, без Захаду і Расеі, нам ня трэба тут другі Данбас. Трэба выпусьціць пацаноў якія па дурасьці трапілі ў турмы, нельга адмазвацца ад людзей». Прамоўца не прадставіўся.

Двое ў цывільным затрымалі чалавека сярэдняга веку, які пачаў скандаваць блізка да трыбуны «Сыходзь!». Яго перадалі. Трымаюць на прыпынку.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG