Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, 16 жніўня, Марш Свабоды.
Менск, 16 жніўня, Марш Свабоды.

Пасьля мітынгу «за Лукашэнку» сотні тысяч менчукоў выйшлі на пратэст супраць яго. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

У нядзелю а 12-й на плошчы Незалежнасьці ў Менску прайшоў мітынг у падтрымку дзяржаўнага курсу з удзелам Лукашэнкі. Ён сабраў каля 10 тысяч чалавек, зьвезеных з усёй Беларусі. «Марш Свабоды» ў Менску на праспэкце Пераможцаў сабраў больш за 100 тысяч чалавек.

17:22 16.8.2020

МЕНСК. Калёна рушыла ад стэлы ў бок праспэкту Незалежнасьці

17.20 Калёна адыходзіць ад стэлы і рушыць у бок праспэкту Незалежнасьці і далей да Дому ўраду. Праспэкт Пераможцаў цалкам вызвалены ад руху аўтатранспарту, людзі ідуць на ўсю шырыню праезнай часткі, перадае карэспандэнт Свабоды.

Столькі людзей цяпер у Менску ля Стэлы
Столькі людзей цяпер у Менску ля Стэлы

17:21 16.8.2020

У Магліёве сабралася найбольшая акцыя пратэсту ў горадзе за гісторыю незалежнасьці Беларусі

У Магілёве марш «За Свабоду» прыйшоў да сквэру ля Палацу вобласьці і Лядовага палацу. Колькасьць удзельнікаў вагаецца ад 7 да 10 тысяч. Гэта найбольшая акцыя пратэсту ў горадзе за гісторыю незалежнасьці Беларусі.

Частка ўдзельнікаў утварыла паабапал праезнай часткі праспэкту Пушкіна ланцуг і вітае аўтамабілістаў. Большасьць разышлася па сквэры і адпачывае пасьля трохкілямэтровага маршу ад плошчы Леніна. Людзі фатаграфуюцца на фоне бел-чырвона-белых сьцягоў, якіх на пляцоўцы безьліч.

Шмат людзей сабралася на ганках Палацу вобласьці, сьпяваюць беларускія песьні. Гучыць кампазыцыя Віктара Цоя «Перемен». Многія трымаюць плякаты — за мірныя перамены, з патрабаваньнем справядлівых выбараў, з тэкстам «Лукашэнка ня наш прэзыдэнт». Нямала палітычных шаржаў. Аўтамабілісты падвозяць людзям ваду. Пануе сьвяточная атмасфэра.

17:17 16.8.2020

Аб’яднаны штаб будзе падаваць скаргу на неканстытуцыйныя дзеяньні ўладаў

Прадстаўніца абʼяднанага штабу Марыя Калесьнікава выступіла ля Стэлы і заявіла, што абʼяднаны штаб мае намер падаваць скаргу ў Канстытуцыйны суд на неканстытуцыйныя дзеяньні ўладаў. Сярод патрабаваньняў да ўлады — адстаўка Лукашэнкі і вызваленьне палітычных і эканамічных вязьняў.

«У нас скралі 26 гадоў жыцьця і свабоды, — сказала Марыя Калесьнікава. Змагайцеся са страхам».

Калі Калесьнікава скончыла выступ ля Стэлы, натоўп пачаў скандаваць: «Сьвета!». Людзі выгукаюць: «Жыве Беларусь!» З прычыны невялікага радыюсу дзеяньня ўсталяванай апаратуры Марыю Калесьнікаву чулі далёка ня ўсе прысутныя.

17:15 16.8.2020

У Гомлі на мітынгу патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі

На плошчы Леніна ў Гомлі прайшоў мітынг, на які сабраліся, паводле розных ацэнак, ад 5 да 10 тысяч чалавек. Калёны пратэстоўцаў занялі вуліцу Савецкую з двух бакоў ад плошчы Паўстаньня да плошчы Леніна. Пазьней удзельнікі мітынгу занялі ўсю плошчу Леніна.

Людзі патрабавал адстаўкі Лукашэнкі, пакараньня вінаватых у зьбіцьці людзей, дыялёгу з уладамі, абяцалі заўтра пачаць страйкі на прадпрыемствах гораду. На мітынг улады не прыйшлі, міліцыя не перашкаджала. Людзі скандавалі «Сьвета, Сьвета!», «Гомель, выходзь», «Не забудзем, не даруем!», «Лукашэнку ў аўтазак!», «Верым, можам, пераможам!».

Часта ўзгадвалі Аляксандра Віхора, які загінуў пасьля затрыманьня. З трыбуны на помніку Леніна выступалі людзі, якія ўчора выйшлі зь СІЗА і ІЧУ, апавядалі пра катаваньні там. Выявілася, што, нягледзячы на абяцаньні старшыні аблвыканкаму ўсіх выпусьціць, яшчэ шмат людзей застаюцца ў турмах.

17:13 16.8.2020

МЕНСК: У мэтро моладзь, якая едзе на эскалятары станцыі «Кастрычніцкая», скандуе «Жыве Беларусь!»

17:05 16.8.2020

Менск: ля стэлы людзей больш, чым на праўладным мітынгу Лукашэнкі

Тысячы людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся каля стэлы, на ўзгорку ля гатэлю «Плянэта», на вуліцах. Людзі працягваюць падыходзіць.

Колькі людзей, цяжка ацаніць, але тут сабралася значна больш, чым было на плошчы Незалежнасьці, дзе выступаў Лукашэнка. Людзі фатагрфуюць і фатагафуюцца, ува ўсіх узьнёслы настрой, віншуюць адзін аднаго зь перамогай, гадзінамі не сыходзяць, аўтамабілі сыгналяць.

Людзі трымаюць розныя плякаты: «Вярніце мой горад!», «Трыбунал», «Ярмошыну на Акрэсьціна», «Выключай БТ», «Сьвета наш прэзыдэнт», «Свабоду палітвязьням!» і іншыя звычайныя для цяперашніх пратэстаў лёзунгі.

Нейкія хлопцы прынесьлі партрэты Статкевіча і Бабарыкі, людзі скандуюць «Выпускай!», «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!» У раёне мітынгу не працуе інтэрнэт і тэлефонная сувязь.

16:55 16.8.2020

У Горадні на мітынг сабраліся каля 30 тысяч чалавек

16.30 На плошчы Леніна ў Горадні ідзе мітынг. Сабраліся 30 тысяч чалавек. Шмат людзей на прылеглых вуліцах. Прысутнічаюць працаўнікі «Гродна Азот», «Хімвалакна», «Белкарду», Горадзенскага мясакамбінату, работнікі культуры, лекары. Людзі скандуюць: «Сыходзь», «Свабоду», «Ганьба», «Пасадзіць».

Са сцэны паўтарылі патрабаваньні да ўладаў:

  • адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі,
  • вызваленьня ўсіх палітзьняволеных,
  • адстаўкі і арышту кіраўніцтва МУС за гвалт на мірных акцыях,
  • адстаўкі і арышту чальцоў ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай;
  • стварыць раду народнага даверу, у якую ўвойдуць і органы дзяржаўнай улады,
  • гарантаваць свабоду мірных сходаў у любым месцы Горадні,
  • апраўдаць асуджаных за мірныя акцыі,
  • вярнуць сплачаныя штрафы.

Гэтыя патрабаваньні заявілі ў горадзенскіх гарвыканкаме і аблвыканкаме. Адказу гарадзенцы чакаюць да вечара 17 жніўня.

16.45 Мітынг скончыўся.Паводле апошніх падлікаў, ён сабраў каля 40 тысяч чалавек. Людзі прайшлі ад Савецкай плошчы да плошчы Леніна па цэнтры гораду. Агучылі патрабаваньні да ўладаў. На сцэне працаваў свабодны мікрафон. Падзея прайшла без правакацыяў і затрыманьняў.

16:54 16.8.2020

Ля стэлы «Менск — горад-герой» сабраліся больш за 100 тысяч чалавек

Каля стэлы «Менск — горад-герой» сабраліся больш за сто тысяч чалавек, перадае карэспандэнт Свабоды, занятая ўся тэрыторыя каля стэлы, ля музэю Вялікай Айчыннай вайны, на прылеглых вуліцах, праспэкце Пераможцаў і ў парках, але людзі не выходзяць на праезную частку. Па вуліцы свабодна едуць машыны, яны сыгналяць, ёсьць і са сьцягамі.

У гэтым месцы былі першыя сутычкі з АМАПам 9 жніўня.

Людзі з плякатамі і сьцягамі. Яны выгукаюць: «Сыходзь!», «Трыбунал!», «Жыве Беларусь»!

Атмасфэра радасная, людзі не чакалі, што прыйдзе так шмат. Міліцыі і ўнутраных войскаў няма ні на вуліцах, ні ў дварах.

Людзі ў размове з карэспандэнтам Свабоды кажуць, што хочуць новых выбараў і суда на тымі хто зьбіваў і забіваў людзей на пратэстах, патрабуюць Лукашэнку ў адстаўку, заяўляюць аб яго хамскае стаўленьне да ўлады. Спадзяюцца, што заўтра пратэст падтрымаюць заводы.

На «Марш свабоды» прыйшоў былы сілавік, які распавёў, што ўдзельнічаў у трох вайсковых канфліктах, ён назваў Лукашэнку «дыктатарам» і сказаў, што супраць Уладзіміра Пуціна і пойдзе абараняць Беларусь, калі ён сюды «прыйдзе са сваёй дапамогай».

14:54 16.8.2020

Падчас выступу Лукашэнка папярэдзіў, што нават калі зараз усё сьціхне, ягоныя праціўнікі пазьней зноў вылезуць на вуліцу «як пацукі».

Мітынг за Лукашэнку каля Дому ўраду скончыўся, Генадзь Давыдзька зь «Белай Русі» зачытаў рэзалюцыі ў падтрымку Лукашэнкі. Людзі пачалі імкліва рызыходзіцца, сьпяшаюцца да дзясяткаў аўтобусаў, якія запаланілі ўсю вуліцу Кірава. Насустрач ім ідуць людзі з бела-чырвона-белымі сьцягамі. Сутычак паміж двума бакамі і канфліктаў няма.

14:41 16.8.2020

14:40 16.8.2020

14:37 16.8.2020

Лукашэнка скончыў эмацыйную прамову: «Я жывы і жыць буду».

14:34 16.8.2020

Лукашэнка кажа, што пасьля зьмены ўлады будзе немагчыма аднавіць краіну.

«Я стаю перад вамі на каленях упершыню ў жыцьці. Вы гэтага заслугоўваеце». Людзі пляскаюць і скандуюць: «Маладзец».

14:30 16.8.2020

Тым часам у Горадні каля 10 тысяч чалавек рушылі з Савецкай плошчы па цэнтры гораду да плошчы Леніна. На чале калёны каталіцкія і праваслаўныя сьвятары, прадстаўнік спэцназу ў крапавым бэрэце, удзельнічаюць дэсантнікі, памежнікі, работнікі многіх горадзенскіх прадпрыемстваў, лекары. Шмат бел-чырвона-белых сьцягоў.

14:28 16.8.2020

Лукашэнка: Гэтым мітынгам вы паказалі, хто ў доме гаспадар. Яны павінны лічыцца з думкай большасьці, нашай думкай.

14:25 16.8.2020

Лукашэнка сказаў, што на плошчы каля яго цяпер 50 тысяч чалавек. Ён зноў заявіў, што краіну ён не аддасьць. Людзі пляскаюць і скандуюць: «Не аддадзім».

Выбары адбыліся. Ня можа быць больш за 80 працэнтаў фальсыфікацыі, — кажа Лукашэнка.

14:20 16.8.2020

Паблізу ад трыбуны стаіць Мікалай Лукашэнка.

У нас ёсьць дзеці і ўнукі, і я хачу, каб яны, як і мы, жылі на сваёй зямлі сваім розумам, кажа Лукашэнка.

14:18 16.8.2020

Нам прапануюць новы ўрад, але нам не патрэбныя заморскія ўрады, але нам яны ня трэба, нам трэба свой урад і мы будзем яго выбіраць, – Лукашэнка паўтарае тэзісы з ранейшых сваіх выступаў.

14:17 16.8.2020

Лукашэнка адрэагваваў на патрабаваньне новых выбараў: Калі мы пойдзем у іх на паваду, мы сарвёмся ў штопар і ніколі ня вернемся.

14:14 16.8.2020

На мітынг ля Дому ўраду ў Менску прыйшоў Лукашэнка. Выступае: «Дзякуй вам, гомельцы, горадзенцы, менчукі». Дзякуе ўсім рэгіёнам.

«Дарагія сябры, я паклікаў вас сюды не для таго, каб вы мяне абаранілі, вы прыехалі сюды, каб упершыню за чвэрць стагодзьдзя змаглі абараніць сваю краіну, незалежнасьць, жонак і дзяцей. Я не хацеў вас клікаць на гэтую плошчу, у вас жніво і вы рыхтуеце дзяцей у школу. У 90-я тут стаялі людзі рабочыя з чайнікамі, не было чаго есьці. Гэта не мая віна, што мне давялося вас паклікаць на дамамогу».

Лукашэнка шкадуе пра «развал вялікай імпэрыі» – СССР, і што Беларусь «атрымала абрубак гэтай імпэрыі», што «быў заробак 20 даляраў, не было ежы на прылаўках».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG