Праўлады мітынг у Менску
З боку вакзала рухаецца вялікая калёна з Гомельскай вобласьці, каля 2 тысяч чалавек, перадае карэспандэнт Свабоды. «Мы ад розных прадпрыемстваў», кажуць дэманстранты, але не кажуць якіх. У іх атрыбутыка «Белай Русі, ФПБ, афіцыйныя сьцягі.
Намесьнік камандзіра палку АМАП Іван Юрко выступіў з трыбуны мітынгу на Плошчы Незалежнасьці, але не згадаў пра пабітых АМАПам людзей: «Мы ня хочам вайны, беларускі народ ня хоча вайны». Заклікаў захоўваць спакой і здаровы розум.
Чарговы прамоўца на мітынгу: «Лукашэнку падставілі халуі, якія намалявалі яму неіснуючыя 80 працэнтаў. Мы разьбярэмся самі, без Захаду і Расеі, нам ня трэба тут другі Данбас. Трэба выпусьціць пацаноў якія па дурасьці трапілі ў турмы, нельга адмазвацца ад людзей». Прамоўца не прадставіўся.
Двое ў цывільным затрымалі чалавека сярэдняга веку, які пачаў скандаваць блізка да трыбуны «Сыходзь!». Яго перадалі. Трымаюць на прыпынку.
Радыё Свабода вядзе жывую трансьляцыю
Эмацыйна выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч: «Калі і праводзіць новыя выбары, то па нашых законах і Канстытуцыі». Гайдукевіч заявіў, што трэба расьсьледаваць кожны выпадак гвалту:
«Зьвяртаюся да кожнага: беларусы, мы браты, мы жылі і будзем жыць у адной краіне… Парлямэнт і ўрад будзе вырашаць, як нам жыць, а ня хунта і ня вуліца».
У Горадні на Старым замаку вывесілі нацыянальны сьцяг. ФАТАФАКТ
Карэспандэнт Свабоды ўбачыў на плошчы Незалежнасьці былога кіраўніка БТ, кіраўніка «Белай Русі» Генадзя Давыдзьку і кіраўніка праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіла Орду. Давыдзька заявіў на мітынгу: «Радзіма ў небясьпецы».
Удзельнікі мітынгу нэгатыўна рэагавалі, калі чулі беларускую мову з вуснаў журналіста, называлі яго правакатарам і хацелі прагнаць.
«Мы паважаем выбар тых, хто думае ня так, як мы, але патрабуем, каб паважалі і наш выбар. Спыніце шальмаваньне нашых актывістаў. Мы хочам міру! Беларусь – гэта мы», – заявіў на мітынгу кіраўнік «Беларусі Русі» Генадзь Давыдзька.
Людзі аплядуюць і скандуюць «Беларусь – гэта мы», але нядоўга.
Сярод транспарантаў на мітынгу на Плошчы Незалежнасьці «Любімую не аддамо», «Паважайце выбар народу», «Лукашэнка – народны прэзыдэнт», «Мы за мір». Многія плякаты людзі нясуць у згорнутым выглядзе, таму прачытаць іх немагчыма. Шмат сьцягоў Белай Русі. Сярод удзельнікаў мітынгу кіраўнік НАН Беларусі Ўладзімер Гусакоў і 30 ягоных супрацоўнікаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Так выглядае акцыя ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі
На мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі прысутнічае старшыня праўладнага Саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў.
Плошча Незалежнасьці. Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі
Журналістаў на Плошчу незалежнасьці прапускаюць праз пост міліцыі, людзі ў цывільным пусьцілі ў першую чаргу журналістаў пулаў нумар 1 і нумар 2, іх павялі бліжэй да Дому ўраду. Незалежных журналістаў адвялі на пляцоўку каля Чырвонага касьцёлу. Зьявіліся плякаты: «Беларусь наш агульны дом», «За Беларусь!», «Мы адзіныя, мы непадзельныя», апрача афіцыйных беларускіх ёсьць і савецкія сьцягі.
Фота з праўладнай акцыі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі на плошчы Незалежнасьці
Тэлеканал «Настоящее время» вядзе чарговую жывую трансьляцыю, прысьвечаную падзеям у Беларусі.
Група людзей, каля 50 чалавек, якія сабраліся ў цэнтры Плошчы Незалежнасьці, скандавалі «За бацьку!», «За Беларусь». Бачныя афіцыйныя беларускія сьцягі і адзін расейскі. Людзей па ўсё плошчы сабралася каля тысячы. Грае музыка.
На вуліцы Мясьнікова паблізу Плошчы Незалежнасьці карэспандэнт Свабоды заўважыў 20 аўтобусаў з Берасьцейскай вобласьці. Каля іх ходзяць добра апранутыя людзі зь дзяржаўнай сымболікай.
Чытачы Свабоды паведамляюць, што людзей зь Бересьця і Івацэвічаў вязуць на праўладны мітынг у Менск спэцыяльным цягніком. Таксама нам даслалі відэа, як едуць аўтобусамі з Гомля і Мазыра. Зь Віцебску таксама ідзе цягнік з «прыхільнікамі Лукашэнкі», — піша чытач Свабоды. 200 чалавек на яго пасадзяць у Оршы. Паводле графіку ён павінен прыбыць на Менск-Пасажырскі а 11:24. Цягніку прысвоены нумар 5603 — з дыяпазону нумароў, якія прысвойваюцца цягнікам «состоящих из цельнометаллических вагонов без пассажиров».
Назіральніца з Ракава расказала, што адбывалася на выбарчым участку падчас падліку галасоў
Назіральніца Юлія Макінко падзялілася ў інтэрвію інстаграм-акаўнту «Мястэчка Ракаў», што адбывалася 9 жніўня падчас падліку галасоў на ракаўскім участку для галасаваньня № 19. Свабода не змагла апэратыўна праверыць названыя назіральніцай зьвесткі.
- Пяць назіральнікаў, якія засталіся на падліку, сам падлік не бачылі — іх «папрасілі» папіць кавы на другім паверсе;
- Назіральнік бачыла сьлёзы ў некаторых жанчын-членаў камісіі пасьля падліку;
- Дзьверы з участка для галасаваньня ў сельсавет не былі замкнутыя — калі прайшлі назіральнікі, то маглі хадзіць і нейкія іншыя асобы;
- Унізе, дзе ішоў падлік галасоў, быў АМАП і міліцыя.