МЗС Украіны заявіла, што «агулам падзяляе» пазыцыю Эўразьвязу па сытуацыі ў Беларусі
У заяве ад 15 жніўня МЗС Украіны не ўдакладняе, ці прызнала вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, паводле якіх было афіцыйна абвешчана пра перамогу Аляксандра Лукашэнкі.
«МЗС Украіны заяўляе, што афіцыйна абвешчаныя вынікі выбараў не выклікаюць даверу беларускага грамадзтва. Мы агулам падзяляем пазыцыю, якую выказаў ЭЗ з нагоды выбараў у Беларусі. Украіна надзвычай занепакоеная выпадкамі неабгрунтаванай жорсткасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў супраць грамадзян, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, прадстаўнікоў СМІ і замежнікаў», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.
Пампэо: ЗША «актыўна абмяркоўваюць сытуацыю ў Беларусі» з Эўразьвязам
Злучаныя Штаты актыўна абмяркоўваюць сытуацыю ў Беларусі з прадстаўнікамі Эўрапейскага Зьвязу, пасьля таго як на цягам усяго гэтага тыдня беларускія ўлады спрабавалі жорстка здушыць масавыя пратэсты супраць меркаванай фальсыфікацыі выбараў рэжымам Лукашэнкі. Пра гэта заявіў у суботу дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Выступаючы ў сталіцы Польшчы, якая стала апошняй прыпынкам Пампэо ў часе турнэ па цэнтральнай Эўропе, дзяржсакратар ЗША заявіў, што Вашынгтон адсочвае сытуацыю ў Беларусі, і што мэта ягоных кантактаў зь лідэрамі ЭЗ — гэта «паспрабаваць дапамагчы ўсім, чым можам, каб беларускі народ здабыў сувэрэнітэт і свабоду».
Напярэдадні, 15 жніўня, на старонках праўладнай арганізацыі «Белая Русь» у сацыяльных сетках сталі зьяўляцца заклікі прыйсьці ў нядзелю а 12-й на плошчу Незалежнасьці ў Менску на мітынг у падтрымку дзяржаўнага курсу. Чытачы Радыё Свабода з розных рэгіёнаў паведамляюць, што іх прымушаюць паехаць у Менск на гэты мітынг і пагражаюць звальненьнем. Раней удзельнікі акцый супраць фальсыфікацыі выбараў абвяшчалі пра збор на плошчы Незалежнасьці а 14-й гадзіне.