Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пампэо: ЗША «актыўна абмяркоўваюць сытуацыю ў Беларусі» з Эўразьвязам

абноўлена

Злучаныя Штаты актыўна абмяркоўваюць сытуацыю ў Беларусі з прадстаўнікамі Эўрапейскага Зьвязу, пасьля таго як на цягам усяго гэтага тыдня беларускія ўлады спрабавалі жорстка здушыць масавыя пратэсты супраць меркаванай фальсыфікацыі выбараў рэжымам Лукашэнкі. Пра гэта заявіў у суботу дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, паведамляе «​Голас Амэрыкі».

Выступаючы ў сталіцы Польшчы, якая стала апошняй прыпынкам Пампэо ў часе турнэ па цэнтральнай Эўропе, дзяржсакратар ЗША заявіў, што Вашынгтон адсочвае сытуацыю ў Беларусі, і што мэта ягоных кантактаў зь лідэрамі ЭЗ — гэта «паспрабаваць дапамагчы ўсім, чым можам, каб беларускі народ здабыў сувэрэнітэт і свабоду».

Напярэдадні, 14 жніўня, кіраўніцтва ЭЗ зрабіла першы крок да таго, каб увесьці супраць Беларусі новыя санкцыі, распарадзіўшыся, каб замежнапалітычнае ведамства ЭЗ падрыхтавала сьпіс беларускіх асобаў, у дачыненьні да якіх было б мэтазгодна ўвесьці санкцыі.

На сумеснай з Майкам Пампэо прэсавай канфэрэнцыі міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч выказаў думку, што патэнцыйныя санкцыі варта ўжыць толькі да найвышэйшых асобаў у кіраўніцтве Беларусі.

Чапутовіч таксама адзначыў, што прысутнасьць у Польшчы войскаў ЗША — гэта ключавы элемэнт у польскай сыстэме абароны і стратэгічнага стрымліваньня, бо Польшча знаходзіцца «бліжэй да патэнцыйнай крыніцы канфлікту». Частка назіральнікаў, уключаючы аналітыкаў агенцтва Reuters, расцаніла гэтыя словы польскага міністра як цалкам адкрытае ўказаньне на Расею і палітыку, якая ажыцьцяўляецца Крамлём.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG