Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла пра ягоную тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
У Менску разьвітваюцца з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. СТРЫМ СВАБОДЫ
Паведамляюць, што бакі абмеркавалі сытуацыю, якая складваецца ўнутры і вакол Рэспублікі Беларусі.
Неўзабаве на сайце прэзыдэнта Расеі зьявілася расейская вэрсія зьместу размовы.
Там гаворыцца, што з ініцыятывы беларускага боку адбылася тэлефонная размова Ўладзіміра Пуціна з прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
«Аляксандар Лукашэнка інфармаваў пра сытуацыю ў Беларусі, якая склалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. З абодвух бакоў выказана ўпэўненасьць, што ўсе ўзьніклыя праблемы будуць неўзабаве ўрэгуляваныя. Галоўнае, каб гэтымі праблемамі не скарысталіся дэструктыўныя сілы, якія імкнуцца нанесьці шкоду ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву дзьвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы прэзыдэнта Расеі.
«У сувязі зь вяртаньнем у Расею раней затрыманых у Беларусі 32 грамадзян, якое адбылося напярэдадні, — гаворыцца далей на сайце прэзыдэнта Расеі, — дадзена станоўчая ацэнка цеснага ўзаемадзеяньня профільных ведамстваў у гэтым пытаньні.
Дамоўлена аб працягу рэгулярных кантактаў на розных узроўнях і пацьверджаны настрой на ўмацаваньне саюзьніцкіх адносінаў, што ў поўнай меры адпавядае карэнным інтарэсам братніх народаў Расеі і Беларусі».