Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: «Ня дай Бог Беларусі атрымаць у сябе Данбас»


Кастрычнік 2019 году. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага
Кастрычнік 2019 году. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў «дзіўным», «некарэктным» і «непрымальным» рашэньне ўладаў Беларусі перадаць Расеі 32 баевікі ПВК Вагнера, многія зь якіх, як сьцьвярджаецца, раней ваявалі ў Данбасе супраць украінскіх войскаў.

Паводле Зяленскага, Украіна ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі — у адрозьненьне ад «вагнэраўцаў».

«Гэта дрэнная гісторыя, у якой відавочна праігнаравалі давер, аб’ектыўнасьць і адэкватную ацэнку нэгатыўных наступстваў» — напісаў Зяленскі, адзначыўшы, што па дыпляматычных і нават «асабістым» каналах Украіна спрабавала дамагчыся ад Менску выдачы затрыманых расейскіх грамадзян менавіта ў Кіеў.

Паводле Зяленскага, наступствы гэтага рашэньня будуць «трагічныя». «Дай Бог, каб беларускім уладам не давялося атрымаць на сваёй тэрыторыі яшчэ адзін палымяны, абяскроўлены Данбас» — напісаў прэзыдэнт Украіны.

33 грамадзяніна Расеі былі затрыманыя ў Беларусі ў канцы ліпеня, іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы беспарадкаў. З апублікаванага сьпісу імёнаў стала вядома, што вялікая частка затрыманых раней ваявала ў складзе атрадаў сэпаратыстаў, якіх падтрымлівае Расея.

Расейскі пісьменьнік Захар Прылепін, які сам ваяваў у Данбасе, напісаў, што двое з затрыманых былі ў яго асабістай ахове. Паводле афіцыйнай вэрсіі расейскага боку, гэтыя людзі накіроўваліся транзытам у адну з замежных краін — называліся Турэччына і Вэнэсуэла. Украіна афіцыйна патрабавала выдачы 28-мі зь іх.

14 жніўня Генпракуратура Расеі паведаміла пра тое, што грамадзяне Расеі перададзеныя расейскаму боку (адзін з затрыманых зь беларускім пашпартам таксама быў вызвалены і застаўся ў Менску). У паведамленьні не гаворыцца, ці зьнятыя зь іх абвінавачаньні, але крыніцы расейскіх агенцтваў сьцьвярджаюць, што гэтыя людзі ніяк перасьледавацца ня будуць.

У Беларусі ўжо тыдзень працягваюцца масавыя пратэсты. Прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, які казаў пра тое, што «вагнераўцы» маглі быць датычныя да падрыхтоўкі беспарадкаў, у апошнія дні іх ня згадваў — затое сказаў, што да пратэстаў нейкае дачыненьне мае расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG