Рабочыя «Беларуськалію» абвясьцілі пра страйк, патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі
Яны паведамілі, што ў панядзелак далучаюцца да агульнанацыянальнай забастоўкі. «Мы не жадаем карміць карнікаў, якія б’юць нас за нашыя ж падаткі».
Страйк мае працягвацца да поўнага выкананьня наступных патрабаваньняў:
— Вызваленьне ўсіх палітвязьняў і ўдзельнікаў мірных акцый
— Неадкладная адстаўка Аляксандра Лукашэнкі
— Правядзеньне сумленных і празрыстых выбараў пры ўдзеле міжнародных арганізацый і незалежных назіральнікаў
— Правядзеньне адкрытага незалежнага расьсьледаваньня фактаў катаваньняў супраць мірных грамадзян з боку сілавікоў
— Скасаваньне кантрактнай сыстэмы
Лукашэнка даручыў сілавікам спыніць «ланцуг ад Вільні да Кіева»
Аляксандар Лукашэнка даручыў сілавікам спыняць правядзеньне ў краіне акцый салідарнасьці, асабліва «пры садзейнічаньні замежных дзяржаў», і заявіў, што валодае інфармацыяй пра намер Захаду выбудаваць «ланцуг зь Вільні да Кіева». Пра гэта паведамляе БелТА.
«Але цікавая зьявілася інфармацыя сёньня з раніцы пра тое, што яны хочуць выбудаваць „ланцуг“ ад Вільні да Кіева. Гэта значыць ланцуг неабыякавых. Мала на праспэкце ў Менску неабыякавых з кветачкамі і ў ланцугах... Ужо хочуць выставіць ад Вільні да Кіева і сабраць туды больш за 300 тысяч чалавек», — сказаў Лукашэнка.
«Даручаю Міністэрству абароны, МУС і КДБ, а таксама генэральнаму пракурору ажыцьцявіць ацэнку, катэгарычна не дапусьціць такіх дзеяньняў», — заявіў ён.