Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.
Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.

Шосты дзень пратэстаў. Масавыя шэсьці і мітынгі рабочых у Менску, Салігорску, Віцебску, Горадні. Жлобіне

14 жніўня ўначы пачалі выпускаць затрыманых у Жодзіне і Менску. З самай раніцы зьявіліся «ланцугі салідарнасьці». Пратэсты прайшлі на многіх прадпрыемствах у розных гарадах Беларусі.

  • Увечары рабочыя «Беларуськалія» на шматтысячным мітынгу запатрабавалі ў салігорскіх уладаў новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу.
  • У Менску марш рабочых МТЗ зьліўся з калёнай менчукоў і дайшоў да плошчы Незалежнасьці.
  • У Жлобіне шматтысячны мітынг выказаў пратэст кіраўніцтву раёна і горада, якія выйшлі да людзей.

Ланцуг салідарнасьці ў Віцебску

ЦВК: 80,1% за Лукашэнку, канчаткова

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясьціла 14 жніўня канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Прагаласавалі 5 818 956 чалавек, зь іх 2 806 640 датэрмінова.

Скаргі аб непрызнаньні выбараў ад Ціханоўскай, Канапацкай і Дзьмітрыева адхіленыя, ад Чэрачня нібыта «не паступала»: давераных асобаў не пусьцілі падаць скаргу ў ЦВК, яны выслалі яе поштай.

Галасы, паводле ЦВК, разьмеркаваліся так:

  • Лукашэнка: 80,1% (4 661 075 чалавек);
  • Ціханоўская: 10,1% (588 622 чалавека);
  • Дзьмітрыеў: 1,2% (70 671 чалавек);
  • Канапацкая: 1,67% (97 489 чалавек);
  • Чэрачань: 1,14% (66 613 чалавек);
  • супраць усіх: 4,59% (267 360 чалавек).

Лукашэнка згубіў якасьць, якая выратоўвала яго заўсёды, — камэнтар палітычнага аглядальніка Свабоды.

Тое, што на сёньняшняй нарадзе па пытаньнях будаўніцтва Лукашэнка сказаў пра «20 чалавек» страйкоўцаў «на МАЗе ці МТЗ», якіх нібыта падбухторылі «сьвядомыя», ня сьведчыць пра адсутнасьць у яго праўдзівай інфармацыі. Такія прыёмы прыменшваньня колькасьці сваіх апанэнтаў ён прымяняе з 1994 году. Але раней гэта тычылася нацыянальна арыентаванай часткі грамадзтва і спрацоўвала. Сёньня гэта ўжо не ўспрымаецца. Тым больш што ніякія апазыцыйныя арганізацыі і нават штаб Ціханоўскай ня маюць да арганізацыі страйкаў дачыненьня.

Калі б вакол Лукашэнкі былі здольны сказаць некамплімэнтарныя рэчы, яму б параілі зьбіраць не нараду па праблемах будаўніцтва, а ў прамым эфіры правесьці «разбор палётаў» паводзінаў АМАПу з паказальнымі адстаўкамі сілавых міністраў. Гэта не палепшыла б агульную сытуацыю, але, магчыма, зьменшыла б напружаньне. Але Лукашэнка яшчэ ў першыя гады прэзыдэнцтва пазбавіўся ад такіх людзей. Цяпер, калі інтэрнэт перапоўнены жудаснымі здымкамі вынікаў катаваньняў на Акрэсьціна, градус нянавісьці да ўлады расьце.

Лукашэнка згубіў якасьць, якая выратоўвала яго ўсю ягоную палітычную кар’еру — адчуваньне настояў людзей, — падсумоўвае палітычны аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

Менск. Лекары цэнтру пераліваньня крыві заклікалі спыніць гвалт

На будынку Белтэлерадыёкампаніі нехта вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг


Ланцуг салідарнасьці будаўнікоў на вуліцы Кіжатава, побач зь якой будуецца мікрараён «Менск-сьвет»

Менск. Некалькі соцень чалавек ідуць калёнай па вуліцы Валадарскага

Дырэктара Купалаўскага тэатру выклікалі ў Міністэрства культуры

Раней трупа тэатру абʼявіла забастоўку.

Бел-чырвона-белы сьцяг на кране ў Новай Баравой

Горадзенскі камнеапрацоўчы завод — за сумленныя выбары

Супрацоўнікі заводу «Агат» на праспэкце Незалежнасьці ў Менску

Няма ў Беларусі ніякага расейскага спэцназу – мяркуе аналітык Свабоды Юры Дракахруст

Падобныя чуткі луналі ва Ўкраіне падчас і першага, і другога Майданаў. Хаця ва ўкраінскіх рэвалюцыях быў выразны геапалітычны складнік. Але яго і там, як высьветлілася пазьней, тады не было. З чаго яму зьяўляцца цяпер у Беларусі? Расейскі спэцназ — не таксі, якое прыяжджае на выклік кліента.

Ён не зьявіўся ў Кіргізстане ў 2010 годзе, калі народ зрынаў Курманбэка Бакіева. Тады, дарэчы, менавіта Лукашэнка прапаноўваў увесьці ў Кіргізстан войскі АДКБ. Масква адмовілася.

Кіргіская рэвалюцыя не была ані супраць Расеі, ані за эўрапейскі шлях. Гэтак жа, як і цяперашняя беларуская рэвалюцыя. Зьверствы на Акрэсьціна і ў Жодзіне, пра якія цяпер вядома ўсяму сьвету, ня самы лепшы кантэкст для ўзброенага ўмяшальніцтва на баку начальніка гэтых садыстаў і катаў.

Тым больш, што ў беларускай турме дагэтуль сядзяць затрыманыя «вагнэраўцы». Можа і зь імі гэтак жа абыходзяцца?

Гэта ня значыць, што Крэмль — белы і пухнаты і што расейскі спэцназ ня можа некуды прыляцець. Але не ў Беларусь зараз — лічыць аналітык Свабоды Юры Дракахруст.

Сотні людзей з кветкамі і сьцягамі каля цырку ў Менску проста цяпер. Стыхійныя шэсьці па ўсім праспэкце Незалежнасьці

Мітрапаліт Павел папрасіў прабачэньня за заўчаснае віншаваньне Лукашэнкі зь перамогай на выбарах

Праўладны прафсаюз энэргетыкаў патрабуе вызваліць затрыманых і расьсьледаваць фальсыфікацыі на выбарах

Праўладны прафсаюз энэргетыкаў, газавай і паліўнай прамысловасьці далучыўся да патрабаваньняў аб вызваленьні незаконна затрыманых удзельнікаў мірных акцый і выступіў супраць фальсыфікацый выбараў: «Мы зьвяртаемся да Генпракуратуры Беларусі з просьбай правесьці праверку на выбарчых участках, на якіх грамадзяне выявілі парушэньні пры падліку галасоў». Прадстаўнікі праўладнага прафсаюзу просяць кіраўніцтва дзяржаўных энэргетычных і паліўных прадпрыемстваў не прымяняць дысцыплінарныя спагнаньні і не звальняць супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту.

Менскі гарадзкі суд: 1063 чалавекі арыштаваныя за пратэсты

Менскі гарадзкі суд апублікаваў сьпіс арыштаваных падчас акцыяў пратэсту 11–12 жніўня ў Менску і тэрміны іх адміністрацыйных арыштаў. Сьпісы апублікавалі «ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян у суды гораду Менску».

У сьпісе арыштаваных у пятніцу 503 прозьвішчы. Учора суд апублікаваў сьпісы арыштаваных 11 жніўня. У гэтым сьпісе 560 прозьвішчаў. Тэрмін арышту — ад 7 да 25 содняў.

ЦВК: 80,1% за Лукашэнку, канчаткова

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясьціла канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Прагаласавалі 5 818 956 чалавек, зь іх 2 806 640 датэрмінова.

Скаргі аб непрызнаньні выбараў ад Ціханоўскай, Канапацкай і Дзьмітрыева адхіленыя, ад Чэрачня нібыта «не паступала»: давераных асобаў не пусьцілі падаць скаргу ў ЦВК, яны выслалі яе поштай.

Галасы, паводле ЦВК, разьмеркаваліся так:

  • Лукашэнка: 80,1% (4 661 075 чалавек);
  • Ціханоўская: 10,1% (588 622 чалавека);
  • Дзьмітрыеў: 1,2% (70 671 чалавек);
  • Канапацкая: 1,67% (97 489 чалавек);
  • Чэрачань: 1,14% (66 613 чалавек);
  • супраць усіх: 4,59% (267 360 чалавек).

Лідэры палітычных партый і рухаў падпісалі дэкларацыю аб выхадзе з палітычнага крызісу

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў канстатавалі, што на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня перамогу атрымала Сьвятлана Ціханоўская. На гэтай падставе яны запатрабавалі неадкладнага сыходу ў адстаўку Аляксандра Лукашэнкі — як кандыдата, які не атрымаў падтрымкі народу Беларусі і ажыцьцявіў сілавы захоп і ўзурпацыю ўлады.

Таксама падпісанты патрабуюць неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных акцый пратэстаў і палітвязьняў. Яны патрабуюць адстаўкі і арышту кіраўнікоў КДБ і КДК Валерыя Вакульчыка і Івана Тэртэля, кіраўнікоў МУС і АМАП Юрыя Караева і Юрыя Падабеда, чальцоў ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай.

Падпісаліся: старшыня БСДП Ігар Барысаў, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня БКДП Аляксандар Ярашук, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня ПСП Уладзімер Навасяд, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

МУС: 2 тысячы затрыманых за пратэсты адпушчаныя дадому. У турмах застаецца яшчэ 5 тысяч

У МУС заклапочаныя праблемай перапоўненасьці месцаў утрыманьня затрыманых, спасылаецца БелТА на афіцыйную прадстаўніцу ведамства Вольгу Чамаданаву. Па яе словах, мінулыя суткі сталі самымі спакойным за апошнія чатыры дні. Акцыі насілі мірны характар, удзельнікі ланцугоў салідарнасьці ў сталіцы і шэрагу гарадоў гарадоў паказалі імкненьне да ўрэгуляваньня ўсіх пытаньняў негвалтоўнымі мэтадамі. Звыш 2 тысяч чалавек ужо адпушчаныя дадому, лёс іншых вырашаецца, дадала яна.

Мітрапаліт Павал папрасіў прабачэньня за заўчаснае віншаваньне Лукашэнкі зь перамогай на выбарах

Як паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы айцец Сергій Лепін, мітрапаліт Павал папрасіў прабачэньня за заўчаснае віншаваньне Лукашэнкі, якое абурыла вернікаў.

«Мітрапаліт атрымаў інфарамцыю пра падзеі ў Беларусі, ён бачыў відэаролікі затрыманьняў, яны яго абурылі, жахнулі і засьмуцілі», — сказаў айцец Сергій Лепін.

Мітрапаліт адказаў на пытаньні вернікаў і заклікаў малітоўна падтрымліваць незаконна затрыманых і пакрыўджаных. Такая супольная малітва будзе адбывацца штодня а 13-й гадзіне і суправаджацца хрэсным ходам.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG