Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.
Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.

Шосты дзень пратэстаў. Масавыя шэсьці і мітынгі рабочых у Менску, Салігорску, Віцебску, Горадні. Жлобіне

14 жніўня ўначы пачалі выпускаць затрыманых у Жодзіне і Менску. З самай раніцы зьявіліся «ланцугі салідарнасьці». Пратэсты прайшлі на многіх прадпрыемствах у розных гарадах Беларусі.

  • Увечары рабочыя «Беларуськалія» на шматтысячным мітынгу запатрабавалі ў салігорскіх уладаў новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу.
  • У Менску марш рабочых МТЗ зьліўся з калёнай менчукоў і дайшоў да плошчы Незалежнасьці.
  • У Жлобіне шматтысячны мітынг выказаў пратэст кіраўніцтву раёна і горада, якія выйшлі да людзей.

У Горадні работнікі мясакамбінату выйшлі на перамовы з кіраўніцтвам вобласьці

Сотні работнікаў мясакамбінату сабраліся на тэрыторыі прадпрыемства, каб абмеркаваць з кіраўніцтвам заводу і вобласьці пытаньне гвалту на вуліцах і вынікі выбараў. Прысутнічае намесьніца старшыні аблвыканкаму Зоя Кулеша, начальнік Ленінскага РАУС Алег Карпушкін, прадстаўнічка мясамалпраму.

«Сыходзь! Сыходзь!» Пратэст рабочых на МТЗ: стварылі страйкавы камітэт, чакаюць прэм’ер-міністра Галоўчанку

На пляцоўцы за прахадной Менскага трактарнага заводу (МТЗ) адбываецца мітынг рабочых. Паводле ацэнак карэспандэнта Свабоды, сабраліся 3-4 тысячы рабочых.

Адзін з удзельнікаў расказаў Свабодзе, што патрабаваньні да ўладаў традыцыйныя:

— Новыя сумленныя выбары без удзелу Аляксандра Лукашэнкі
— Неадкладнае вызваленьне палітзьняволеных і ахвяраў гвалту
— Рэфармаваньне сілавой сыстэмы з расфармаваньнем АМАП.

Ціханоўская стварае Каардынацыйную раду для забесьпячэньня трансфэру ўлады

Сьвятлана Ціханоўская ў чарговым звароце пасьля ад’езду зь Беларусі заклікала ўлады да дыялёгу і абвясьціла, што яе штаб працягвае працаваць.

Кіраўніком штаба па-ранейшаму застаецца Марыя Мароз. Ціханоўская таксама пацьвердзіла паўнамоцтвы Вольгі Кавальковай і Мікалая Казлова як яе давераных асоб, якія будуць каардынаваць дзеяньне штаба ў Беларусі.

«З улікам таго, што адбываецца ў краіне і неабходнасьці прыняцьця неадкладных мер для аднаўленьня законнасьці ў Беларусі, я, Сьвятлана Ціханоўская, ініцыюю стварэньне Каардынацыйнай рады для забесьпячэньня трансфэру ўлады».

Паводле Ціханоўскай, у гэтую раду могуць увайсьці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.

«Аўганцы» патрабуюць пакараць міліцыянтаў за перавышэньне паўнамоцтваў

Вэтэраны баявых дзеяньняў у Аўганістане асудзілі беспрычынную жорсткасьць сілавікоў і запэўнілі, што ў выпадку неабходнасьці будуць абараняць беларускі народ.

«Мы — людзі, якія бачылі вайну на ўласныя вочы, а таму нам неабыякавы лёс нашай Радзімы, — гаворыцца ў звароце. — Хочам, каб усе ведалі: воіны-інтэрнацыяналісты — разам зь беларусамі. Усе мы — народ (не народзец) — выйшлі мірна на вуліцы, каб запатрабаваць сумленных выбараў! У адказ на гэта нашых дзяцей, братоў, сясьцёр саджаюць у турмы і зьбіваюць. Хто? Тыя, хто даваў прысягу абараняць. Менавіта абараняць, а не зьдзекавацца і прыніжаць. Браты „аўганцы“! Сёньня мы мусім заявіць, што былі, ёсьць і будзем разам са сваім народам».

Паводле былых афіцэраў, сяржантаў, салдатаў, якіх некалі прымусілі ваяваць за інтарэсы ўжо няіснай дзяржавы, сёньня маніпуляваць сабой яны не дазволяць.

«Пранікальнае раненьне ў грудзі, кулявыя раны вока». Што кажуць дактары пра пацярпелых ад сілавікоў

Лекар-хірург з 10-га клінічнага шпіталя расказаў Свабодзе пра пацыентаў, якія трапілі ў лякарню ў ноч з 10 на 11 жніўня.

«Я дзяжурыў у ноч з 10 на 11 жніўня. Мяне выклікалі на ўзмацненьне хірургічнай брыгады. За тую ноч да нас прывезьлі прыкладна 7-8 чалавек. Трох зь іх аглядаў я, усіх шпіталізаваў. У дваіх былі чэрапна-мазгавыя траўмы з ранамі галавы і мноства ўдараў мяккіх тканак па ўсім целе, сінякоў. Людзі апавядалі, што іх жорстка пабілі, каго на Рэвалюцыйнай, некага ў Серабранцы. Аднаго хлопца, зь ягоных словаў, наагул білі ў аўтазаку — з 19 вечара да 2 ночы. Ёсьць хлопец, у якога ўсё цела — суцэльная гематома.

Прывезьлі аднаго 20-гадовага хлопца, у якога была пранікальнае раненьне гумавай пуляй у грудную паражніну. І яго экстрэнна праапэравалі. Ён знаходзіцца ў шпіталі з бацькамі. Я бачыў чаргу ў афтальмалягічнае аддзяленьне, сядзелі людзі з кулявымі раненьнямі ў павека, вока».

А 15.30 на МТЗ прыехаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка

Пасьля таго, як адміністрацыя адмовілася пускаць на тэрыторыю заводу незалежную прэсу, рабочыя абсьвісталі кіраўніка ўраду і пад воклічы «Сыходзь» адмовіліся зь ім размаўляць. Першая зьмена, якая выйшла на пляцоўку перад прахадной, патрабуе, каб Галоўчанка выйшаў да іх. Крычаць «Жыве Беларусь!» і «Сьвета! Сьвета!» — такім чынам выказвабць падтрымку кандыдатцы ў прэзыдэнты Сьвятлане Ціханоўскай

Калёна рабочых МТЗ ідзе да Дому ўраду

16.05 «Улада ня хоча з намі гаварыць, тады мы выходзім на вуліцу», — заявіў Свабодзе сябра страйкаму Сяргей Дрылеўскі, калі прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка так і не адважыўся сустрэцца з рабочымі.
Пасьля гэтага некалькі тысяч чалавек пакінулі пляцоўку перад заводаўпраўленьнем і рушылі ў бок цэнтру. Канчатковы пункт — Дом ураду. Апошні раз рабочыя былі ў цэнтры Менску 30 гадоў таму. Ад ДК МТЗ выйшлі на праезную частку.


Да калёны пратэстоўцаў МТЗ далучаюцца новыя людзі, зьяўляюцца сьцягі. Агульная колькасьць — прыблізна тры тысячы чалавек, перадае карэспандэнт Свабоды. На вуліцы Даўгабродзскай да галавы калёны пад’ехала машына ДАІ.

Праз гукаўзмацняльнік інспэктар папярэдзіў, што ўдзельнікі маршу «парушаюць правілы дарожнага руху». У адказ пачуліся сьвіст і воклічы «Сыходзь». Рабочыя таксама крычалі «Жыве Беларусь!», выказвалі патрабаваньні адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня сумленных выбараў з удзелам незалежных назіральнікаў, вызваленьня палітвязьняў, вольнага доступу да інфармацыі...

Людзі стараюцца ісьці па ходніках, але нейкая частка займае правую аўтамабільную паласу. Машына ДАІ прыстроілася наперадзе і павольна рухаецца на чале, як эскорт.

16.05. У цэнтар Менску па вуліцы Чырвонай паехалі 3 машыны з узброенымі сілавікамі.

ГОМЕЛЬ. Страйк на «Гомсельмашы» ня ўдаўся: рабочых зачынілі ў цэхах

На прамысловым гіганце «Гомсельмаш» на 14 жніўня быў анансаваны страйк. На прызначаны час — 14.00 — да тэрыторыі транспартнай прахадной сабралася група падтрымкі: жыхары Гомля, у тым ліку дзеці і жонкі рабочых.


Над тэрыторыяй «Гомсельмаш» праходзіць пешаходны мост. На ім стаялі каля пяцьдзесят чалавек і чакалі выхаду рабочых. Яны скандавалі «Жыве Беларусь» і «Гомсельмаш, выходзь!».

У прызначаны час з правага боку пад мостам зьявілася калёна рабочых. Зь левага — яшчэ адна. Але на падыходах да моста іх спыніла кіраўніцтва, і пасьля кароткіх перамоваў рабочыя вярнуліся на свае месцы.

Потым пад мост выбег адзін з працаўнікоў «Сяльмашу», Андрэй, і пачаў крычаць людзям на мосьце, што «нас зачынілі ў цэхах, забастоўкі ня будзе». Ён распавёў, што пры сустрэчы з кіраўніцтвам працоўныя перайшлі на асабістыя скаргі: каму ботаў не хапае, каму інструмэнту... На абяцаньнях забясьпечыць рабочых усім неабходным сустрэча з кіраўніцтвам і скончылася.

ГОРАДНЯ. Улады выйшлі да дэманстрантаў на плошчы Леніна

16.30 Улады хочуць правесьці мірныя перамовы з дэманстрантамі. Людзі скандуюць «Свабоду», «Скралі голас». На дыялёг выйшлі старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой, намесьніца аблвыканкаму Зоя Кулеша

МЕНСК. Рабочыя МТЗ ідуць да Дому ўраду, крычаць «Жыве Беларусь!» і «Далучайся!»

16.47 Калёна, якая ішла ад МТЗ, пайшла па вуліцы Казлова ў Менску. Кіруюцца па-ранейшаму да Дому ўраду.

Удзельнікі маршу рабочых МТЗ дайшлі да вуліцы Казлова ў Менску, дзе трамвайнае кола. Тут стаяць машыны ДАІ, але пратэстоўцам ніхто не замінае. З калёны даносіцца «Жыве Беларусь!» і «Далучайся!», мінакі становяцца поруч з рабочымі.

Дырэктар Купалаўскага падтрымаў пратэстоўцаў

Экс-міністар культуры, колішні амбасадар у Францыі, дырэктар тэатру імя Янкі Купалы Павал Латушка падтрымаў пратэстоўцаў:

«Мне стала сорамна, калі сёньня раніцай я пабачыў сьведчаньні простых людзей, якіх катавалі таксама беларусы. Сёньня раніцай я сказаў матулі, што мне сорамна, што я — беларус. Але адразу прыйшла думка, што я ганаруся тымі, хто прагне мець сваё ўласнае меркаваньне і хоча, каб яго паважалі, чулі, і, нарэшце, пачулі. Сёньня я ганаруся, што належу да беларускага народу», — заявіў Латушка ля Купалаўскага тэатру.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG