Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.
Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.

Шосты дзень пратэстаў. Масавыя шэсьці і мітынгі рабочых у Менску, Салігорску, Віцебску, Горадні. Жлобіне

14 жніўня ўначы пачалі выпускаць затрыманых у Жодзіне і Менску. З самай раніцы зьявіліся «ланцугі салідарнасьці». Пратэсты прайшлі на многіх прадпрыемствах у розных гарадах Беларусі.

  • Увечары рабочыя «Беларуськалія» на шматтысячным мітынгу запатрабавалі ў салігорскіх уладаў новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу.
  • У Менску марш рабочых МТЗ зьліўся з калёнай менчукоў і дайшоў да плошчы Незалежнасьці.
  • У Жлобіне шматтысячны мітынг выказаў пратэст кіраўніцтву раёна і горада, якія выйшлі да людзей.

Уначы пачалі выпускаць затрыманых, раніцай забаставалі рабочыя

Уначы пачалі выпускаць затрыманых у Менску і Жодзіне.

З самай раніцы, каля 7-й гадзіны, зьявіліся першыя ланцугі салідарнасьці ў Менску. На фота — мэдыкі, якія сталі ўздоўж Партызанскага праспэкту.

Як пачаўся працоўны дзень, пачалі прыходзіць навіны аб пратэстах на заводах

Тысячы супрацоўнікаў «Гродна Азот» сустракаюцца з кіраўніцтвам гораду

14 жніўня тысячы супрацоўнікаў выйшлі за тэрыторыю «Гродна Азот», каб сустрэцца з кіраўніцтвам завода і горада.

Учора каля тысячы работнікаў буйнога хімічнага прадпрыемства прайшлі маршам ад заводу ў цэнтар Горадні.

Перад гэтым на «Гродна Азот» тысячы чалавек падпісаліся пад заявай аб нязгодзе з вынікамі выбараў. Супрацоўнікі сьцьвярджаюць, што большасьць тэхналягічных цэхаў ня можа спыніць працу, бо там бесьперапынная вытворчасьць. Іначай наступствы — «аж да тэхнагеннай катастрофы».

Опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў адмовіўся ад званьня ляўрэата прэзыдэнцкай прэміі

З Акрэсьціна выйшаў знаны мастак Алесь Пушкін, якога затрымалі за мастацкую акцыю і моцна зьбілі

«Адзіны горад, дзе не стралялі гумовымі кулямі». Што высокапастаўлены міліцыянт казаў блізкім затрыманых каля магілёўскага ізалятара

Уладзімер Рыжанкоў
Уладзімер Рыжанкоў

Пасьля 10-й раніцы да магілеўскага ізалятара прыехаў намесьнік начальніка абласнога ўпраўленьня міліцыі Ўладзімер Рыжанкоў і вось што сказаў:

  • неўзабаве вывесяць сьпісы ўсіх, каго ўтрымліваюць у ізалятары;
  • неўзабаве пачнуць выпускаць зьняволных, але калі канкрэтна — не сказаў;
  • Магілёў — адзіны горад, дзе не стралялі гумовымі кулямі;
  • у Магілёве ніхто не загінуў;
  • так, у няволю маглі трапіць выпадковыя людзі;
  • так, затрыманых развозілі і па ізалятарах іншых гарадоў Магілёўскай вобласьці.

Прасіў людзей адысьці ад ізалятара, але людзі сказалі, што пойдуць тады, калі выйдуць іхныя блізкія.

Пратэстоўцаў на плошчы Якуба Коласа павітала прадстаўніца штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава

На 10 ложкаў было больш за 50 жанчын

Выкладчыца аднаго зь менскіх унівэрсытэтаў расказала Свабодзе пра «Асьвенцім» на Акрэсьціна.

Білі шокерам, прыкла́дам аўтамата

Вязьня Акрэсьціна Андрэя Мурашку сустракала брыгада «хуткай дапамогі». Яму 35 гадоў. Расказаў, што пры затрыманьні і ў ізалятары пастаянна білі, ужывалі электрашокер. Прыкла́дам аўтамата пашкодзілі нагу, ня можа на яе ступіць. «Пасьля таго, што здарылася, Лукашэнка ніяк ня можа быць прэзыдэнтам», — сказаў ён журналісту Свабоды.

Акторы Коласаўскага тэатру ў Віцебску запісалі відэазварот супраць гвалту

Ціханоўская заклікала беларусаў бараніць свае галасы. Першая палітычная заява пасьля адʼезду. ВІДЭА

Сьвятлана Ціханоўская запісала відэазварот да беларусаў. Гэта першы палітычны выступ кандыдаткі ў прэзыдэнты пасьля вымушанага ад'езду зь Беларусі.

Яна залікала мэраў гарадоў арганізаваць 15 і 16 жніўня масавыя мірныя акцыі ў беларускіх гарадах.

«Там, дзе камісіі палічылі сумленна, мая падтрымка склала ад 60% да 70%, а ў Новай Баравой 90%. Беларусы больш ніколі не захочуць жыць з папярэдняй уладай. У яго перамогу большасьць ня верыць. Мы заўсёды казалі, што абараняць свой голас трэба законным і мірным спосабам. А выхад грамадзянаў на вуліцу ўлада ператварыла ў бойню. Сытуацыя крытычная».

Ціханоўская заклікала ўладу спыніць гвалт і падзякавала сілавікам, якія адмовіліся выконваць загады і не зьбівалі суграмадзян. Яна падзякавала рабочым, якія абвесьцілі страйк.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала тых, хто галасаваў за яе на выбарах, падпісацца ў адмысловым фармуляры ў інтэрнэце.

Рада беларускай інтэлігенцыі прапанавала выйсьце з палітычнага крызісу

У цяперашняй сытуацыі процістаяньня ўлады і народу ў якасьці выйсьця бачыцца скліканьне круглага стала, на які запрашаюцца прадстаўнікі палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў і ўладных структураў. У выніку павінна быць выпрацаваная прававая аснова выхаду з палітычнага крызісу і правядзеньне выбараў новай легітымнай улады.

«…Нелігітымны кіраўнік схаваўся за сьпіной сілавых структураў і распачаў гвалт супраць уласнага народу. Сваімі дзеяньнямі ў фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і жорсткім разгоне мірных пратэстоўцаў улада цалкам страціла давер грамадзянаў. Яна ня мае ні маральнага, ні юрыдычнага права выступаць ад імя народу і прымаць любыя рашэньні на міжнародным узроўні. Менавіта народ быў і застаецца адзіным паўнамоцным суб’ектам улады. Мы ганарымся, што народ сваімі штодзённымі пратэставымі дзеяньнямі нагадвае ўсяму сьвету, хто ёсьць сапраўдным гаспадаром у нашым беларускім доме», — гаворыцца сярод іншага ў звароце.

Лукашэнка: «Я пакуль жывы і не за мяжой»

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка перакананы, што цяпер наўмысна спрабуюць «разгойдваць» дзяржаўныя прадпрыемствы.

«Прабачце нам». Настаўнікі выйшлі з пратэстам у цэнтар Менску

Да турмы на Акрэсьціна прыйшоў намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў.

Яго шчыльна абступілі сваякі затрыманых і пачалі гучна патрабаваць, каб з «катавальні» неадкладна выпусьцілі ўсіх без выключэньня. На гэта міліцэйскі генэрал адказаў: «Выпусьцім, каго зможам. Фігуранты крымінальных справаў не ў маёй кампэтэнцыі».
Ён таксама паспрабаваў запэўніць, што «ніхто з вашых сваякоў там ня зьдзекуецца». Такія заявы вывелі прысутных зь сябе. Людзі абураныя, лаюцца матам і кажуць, што такім, як Барсукоў, і «ягоным падначаленым-садыстам», «ня месца ў праваахоўнай сыстэме».

🎞️ Відэа ў Тэлеграме

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе прыехаў развозіць людзей з Акрэсьціна

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Аляксандар Драневіч прыехаў, каб дапамагчы разьвесьці па дамах вызваленых з ізалятара на Акрэсьціна. Кажа, што ня можа спакойна назіраць, як катуюць ягоных суайчыньнікаў. Расказаў, што памятае па супольнай службе свайго калегу Аляксандра Барсукова яшчэ старшым лейтэнантам і капітанам, калі ратавалі пацярпелых у цісканіне на Нямізе. А цяпер яго не пазнаць: сыстэма «зламала і перамалола», зрабіла шрубкай злачыннага мэханізму. «Такога генацыду ўласнага народу сьвет даўно ўжо ня бачыў, — сказаў ён Свабодзе. — А генэралы кшталту Барсукова тыя злачынныя дзеяньні прыкрываюць. Перакананы, што абавязкова за гэта адкажуць»

На Акрэсьціна вывесілі сьпісы затрыманых, але шмат хто не знаходзіць там сваіх блізкіх

Каля ізалятара на Акрэсьціна зьявіліся два сьпісы затрыманых, якія раніцай 14 жніўня паабяцаў падрыхтаваць намесьнік міністра ўнутраных справаў Аляксандар Барсукоў. Але людзей гэта не супакоіла: прозьвішчаў зусім мала, бальшыня сваякоў, якія сабраліся пад турэмнымі мурамі, па-ранейшаму ня маюць ніякіх зьвестак пра сваіх блізкіх. Многія хвалююцца, што яны настолькі моцна зьбітыя, што адміністрацыя не адважваецца іх паказаць.

Калёна жанчын на Нямізе, такая ж самая калёна ідзе па праспэкце Незалежнасьці

Пратэсты на МАПІДзе і Заводзе колавых цягачоў

«Аказваецца, міністру МУС можна сказаць „даруйце“, і ўсё?» Работнікі «Гродна Азот» сустрэліся з кіраўніцтвам гораду


Тысячы супрацоўнікаў «Гродна Азот» выйшлі, каб сустрэцца з кіраўніцтвам заводу і гораду. Яны дамагліся, каб сустрэча праходзіла па-за тэрыторыяй заводу і пусьцілі незалежную прэсу.

На сустрэчы было 3-4 тысячы чалавек.

Работнікі «Гродна Азот» патрабуюць:

  • прызнаць выбары несумленнымі;
  • вызваліць усіх палітзьняволеных і затрыманых падчас пратэстаў, а ня толькі работнікаў «Гродна Азот»;
  • прыбраць з вуліц сілавікоў у балаклавах, каб яны адкрылі твары і насілі бэйджы з нагруднымі знакамі;
  • прыбраць з вуліц вайсковыя машыны «Тыгры»;
  • пакараць вінаватых сілавікоў у аварыі зь пяцігадовага дзяўчынкай;
  • правесьці праверку затрыманьня і зьбіцьця горадзенскага журналіста Руслана Кулевіча.

«Учора міністар МУС сказаў „даруйце“, уяўляеце? Аказваецца, міністру МУС можна сказаць „даруйце“, і ўсё? Нам за парушэньні на вытворчасьці таксама можна сказаць проста „даруйце“ і не плаціць штрафаў?», — сказаў работнік «Азоту».

«Хто будзе плаціць штрафы, якія далі затрыманым?», — пыталіся людзі.

Як задакумэнтаваць выпадкі катаваньняў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў пачалі кампанію дакумэнтаваньня выпадкаў жорсткага, бесчалавечнага і зьневажальнага абыходжаньня ў дачыненьні да ўдзельнікаў пратэставых выступленьняў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG