У інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў узяў на сябе адказнасьць і выбачыўся за траўмы выпадковых людзей на пратэстах, які трапілі «пад раздачу».
Па словах Караева, за трое сутак «было зьдзейсьнена 11 сьвядомых наездаў на праваахоўнікаў». «Па сутнасьці, гэта замах на забойства. Уявіце, якая зваротная рэакцыя ў таварышаў гэтых ваеннаслужачых!» — сказаў ён.
«Супрацоўнікі міліцыі — ня карнікі і не сатрапы, яны ратуюць цэласнасьць дзяржавы. Былі спробы падпальваць пакрышкі і кідаць кактэйлі Молатава».
Ён дадаў, што не зьяўляецца «крыважэрным чалавекам».
«Я ўвогуле не крыважэрны чалавек. На хачу гвалту. У гісторыі Беларусі не было выкарыстаньня вадамётаў і сьлезацечнага газу, цяжкіх нелетальных сродкаў», — заявіў Караеў, але дадаў, што за трое сутак у Беларусі «зьдзейсьнілі 11 сьвядомых наездаў на праваахоўнікаў».
Ён таксама сказаў, што цяпер няма патрэбы прымяняць сілу супраць ланцугоў у гарадах, супраць «жанчын у белым».
«Жанчыны стаяць мірна ў ланцугах, яны заклікаюць не прымяняць гвалту. У гэтым пляне ў нас агульная мэта», – сказаў міністар.
Кіраўнік МУС заявіў пра цкаваньне міліцыянтаў, іх жонак і дзяцей. Міністра абурыла, што ў сеціве зьявілася адрасы іх месцажыхарства: «Гэта выклікае агрэсію праваахоўнікаў у адказ».