Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Б’юць да страты прытомнасьці». Што адбываецца пасьля затрыманьня ў міліцыі


Трэцяя гадзіна ночы. Каля абласнога шпіталю ў Гомлі нязвыклы рух. Едуць «хуткія». Вязуць параненых. Тых, каго затрымалі і моцна пабілі ў аўтазаках і міліцыі.

Ноччу ў шпіталі кіпіць праца. Адных — на рэнтген, іншых — на кампутарную тамаграфію. Бо білі па галаве.

«Страшна крычалі людзі»

Перапалоханыя бацькі прывезьлі 16-гадовага сына. Яго ім «аддалі» ў РАУС. Перад гэтым моцна зьбілі.

Бацька падлетка расказаў, што чуў, як у РАУС «страшна крычалі людзі».

Сын чакаў транспарту на прыпынку ў цэнтры гораду. На яго раптоўна наляцелі і затрымалі, сказаў бацька.

Іншых таксама затрымалі ў цэнтры пасьля паловы на 11-ю вечара.

«Вы фашысты, найміты, прадалі Радзіму!»

22-гадовы Аляксей расказаў, як яны зь сябрамі ішлі дахаты і хоць бачылі аўтазак, але вырашылі, што спакойна пройдуць міма, бо нічога не парушаюць. Аднак іх спынілі і абшукалі.

«Потым зацягнулі нас траіх у аўтазак і пачалі біць. Білі нас рукамі, нагамі, дручкамі, увесь час абражалі. Матамі рознымі. Нічога не тлумачылі.

Крычалі нейкае трызьненьне: „Вы фашысты, вы найміты, прадалі Радзіму!“. Што намі кіруюць з Польшчы, што мы здраднікі, што нас варта ставіць да сьценкі і расстрэльваць.

Пасьля яны завезьлі нас у Цэнтральны аддзел міліцыі. І там працягвалі зьбіваць. Ці яны, ці іншыя міліцыянты, я ня ведаю, бо яны ўсе ў масках былі і не называліся», — расказаў Аляксей.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.

Паводле яго, затрыманых паклалі тварам у падлогу ў актавай залі, зьвязалі рукі за сьпінамі і зноў пачалі біць нагамі і дручкамі.

«Яны крычалі: „Дзе вашы рэчы, вы ж ехалі нас забіваць!“».

Потым паклалі ў калідоры і працягвалі біць там.

«У калідоры было шмат людзей, некалькі дзясяткаў дакладна. Павялі складаць пратакол. Мне зрабілася блага, у мяне сэрца забалела, ціск падняўся... Мне выклікалі „хуткую“, і вось я ў шпіталі. Цяпер паперы маю, што ў мяне чэрапна-мазгавая траўма. Бо білі па галаве.

Не вярнулі маіх рэчаў. Забралі грошы і ключы ад кватэры. Я патрабаваў вярнуць — кажуць, няма, не знайшлі», — зазначыў Аляксей.

Таксама міліцыянты прымусілі яго разблякаваць тэлефон.

«Залезьлі там у сацыяльныя сеткі і нешта пісалі ад майго імя. Потым прымусілі скінуць налады да заводзкіх», — дадаў малады чалавек.

«Колькі вам заплацілі? Дзе грошы?»

Андрэя і Віктара затрымалі, калі яны іншлі дахаты з кавярні.

«Я пабег уцякаць, — расказаў Андрэй. — Потым спыніўся, яны пачалі адразу мяне біць дручкамі, рукамі, нагамі і крычалі: „Колькі вам заплацілі? Дзе грошы?“. Абражалі ўвесь час, страшнымі матамі. Пагражалі потым, у аўтазаку, што яны нас згвалцяць, заб’юць. Завезьлі некуды, я толькі бачыў лесьвіцу і спартовую залю. Нас паклалі на падлогу. Калі мне зрабілася блага, то выклікалі „хуткую“. Вось чакаем заключэньня траўматоляга», — Андрэй моцна напалоханы.

«Калі яны глядзелі відэа, то рабіліся яшчэ больш агрэсіўнымі»

40-гадовы жыхар Гомля ехаў дахаты на ровары. Не даехаў 100 мэтраў. «Мяне ўзялі каля „Макдональдса“. Адразу пачалі біць і абражаць, пыталіся, дзе тыя „50 рублёў, якія табе заплацілі за акцыю“. Пырснулі пярцовым газам. Білі галавой аб ганак.

Мяне прывезьлі ў Чыгуначны РАУС. Там стаяў гурт вельмі агрэсіўна настроеных міліцыянтаў. Завялі ў спартовую залю, паклалі тварам у падлогу. Там працягвалі біць і зьневажаць. Потым прыкавалі кайданкамі да брамкі — гэта было ў спартовай залі. Там было чалавек дваццаць такіх, як я.

Міліцыянты глядзелі ў тэлефонах тое, што адбываецца на вуліцах Беларусі, і рагаталі. Мне здаецца, ад праглядаў відэа яны рабіліся яшчэ больш агрэсіўнымі. Калі я паспрабаваў падняцца, мяне зьбілі з ног. Я пачаў траціць прытомнасьць. „Хуткая“ завезла мяне ў шпіталь. У мяне чэрапна-мазгавая і іншыя траўмы», — расказаў гамяльчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG