У Магілёве за пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў з 40 асуджаных на волю выпусьцілі толькі адну затрыманую. Анастасію Гардзіевіч пакаралі штрафам у памеры 810 рублёў (30 базавымі велічынямі), бо ў яе малалетняе дзіця.
Жанчыну затрымалі за тое, што яна фатаграфавалася зь бел-чырвона-белым сьцягам, а асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
«Не пусьціла мужа аднаго ў няволю»
Анастасія кажа, што яе затрымалі адну зь першых 9 жніўня пасьля 20 гадзіны на плошчы каля гандлёвага цэнтру «Атрыюм», што насупраць гарвыканкаму. Тады на пляцы было ня больш за тры дзясяткі чалавек.
Па словах Анастасіі, амапаўцы зьвярнулі ўвагу на яе і мужа, калі разгарнулі сьцяг. Міліцыянты зьвінавацілі іх у выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі, мужу прапанавалі прайсьці ў аўтобус.
Анастасія не пусьціла мужа аднаго ў аўтобус і ўвайшла туды першая. У пастарунку на абаіх склалі пратакол аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, якога, па словах жанчыны, не было. Сьцяг ёй не вярнулі.
Анастасія кажа: у міліцыі і ізалятары з затрыманымі абыходзіліся не па-людзку, і тут жа паправілася, што ў міліцыі іх звадзілі ў службовую прыбіральню. У камэры ж была «параша, якую прыбіральняй назваць нельга». Суразмоўніца кажа, што брыдзілася мыцца. Зубных шчотак, пасты ім ня выдалі. Пераапрануцца не было ўва што.
«Двое сутак ня ела і не піла ў ізалятары...»
З Анастасіяй сядзелі яшчэ трое жанчын. Іх асудзілі на дзесяць сутак. У камэры было холадна. Коўдраў ім не далі, толькі прасьціны, якімі яны ўхутваліся, каб сагрэцца.
«Нары былі настылыя, матрацы абасцаныя, вы не ўяўляеце, як ад іх сьмярдзела, — апавядае Анастасія пра ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары. — Мы гэтых матрацаў нават не краналі. Паклалі іх на свабодныя нары. Зь імі побач было страшна сядзець».
Анастасія кажа, што двое сутак ня ела і не піла, бо не магла браць ежу, якую давалі ў ізалятары, і піць ваду з-пад крана. Іншай у камэры не было. Пакарміць нявольніц узяліся толькі праз суткі. Ім «прынесьлі страшную катлету з кашаю».
Яна кажа, што затрыманым жанчынам не давалі тэлефанаваць родным. На іхныя звароты не рэагавалі. Паколькі нявольніцы ня мелі гадзіньнікаў, то былі дэзарыентаваныя ў часе. Адной з жанчын стала кепска — у яе падскочыў ціск, тэмпэратура, забалела галава, а мэдсястра, якую папрасілі прыйсьці, не зьявілася. Замест гэтага павялі на суд.
«Чаму я не магу фатаграфавацца з гістарычным сьцягам?»
Анастасія кажа, што судзьдзя адразу пачала пытацца, чаму яна фатаграфавалася са сьцягам, што яна гэтым хацела прадэманстраваць.
«Гэты сьцяг — наш гістарычны. Чаму я не павінна зь ім фатаграфавацца? — эмацыйна кажа Анастасія каля ізалятара. — Дзейны прэзыдэнт зь ім фатаграфаваўся, калі заступаў на гэтую пасаду. Я нікога не агітавала. Тады ўжо выбары скончыліся. Я яго купіла законна ў Беларусі».
З свайго заплечніка Анастасія дастае ўпакоўку з-пад сьцяга і паказвае яе тым, хто прыйшоў да ізалятара перадаць зьняволеным родзічам перадачы.
«У нас людзей забіралі за белыя стужкі на руках, — кажа ў канцы гутаркі яна. — Але ўсе затрыманыя, вы не ўяўляеце, якія пазытыўныя людзі. Толькі адзін адшукаўся, які хацеў, каб яго выпусьцілі, дык казаў пра міліцыянтаў, якія нас затрымлівалі, што гэта іхная работа...»