Міністар замежных справаў Даніі Епэ Кофад паведаміў пра напад беларускіх сілавікоў на дацкага журналіста. Ён не назваў імя пацярпелага і не паведаміў падрабязнасьцяў таго, дзе і як адбыўся напад.
«Я толькі што пачуў, што ў Беларусі напалі на дацкага журналіста. Гэта абсалютна недапушчальна, — сказаў Кофад. — Данія асуджае напад сілавікоў беларускага рэжыму на прадстаўнікоў прэсы і мірных дэманстрантаў. Данія мае намер узьняць гэтае пытаньне ў ЭЗ: трэба даць выразны, калектыўны і пасьлядоўны адказ на гэтыя дзеяньні».
15 жніўня ў ЭЗ правядзе экстраны саміт для абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі. Ня выключана, што на ім прымуць рашэньне аб санкцыях супраць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і кіраўнікоў беларускіх сілавых структураў.
За час пратэстаў у Беларусі былі збітыя і затрыманыя дзясяткі журналістаў — як беларускіх, так і замежных. Паведамляецца, што сілавікі забіраюць у журналістаў пасьведчаньні і акрэдытацыю, а таксама выдаляюць карты памяці з абсталяваньня.