Былы прэтэндэнт у прэзыдэнты Беларусі, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала 12 жніўня абвясьціў у Telegram пра фармаваньне «Фронту нацыянальнага ратаваньня Рэспублікі Беларусь».
Паводле Валера Цапкалы, задачы Фронту — «мабілізацыя беларускага народу на барацьбу супраць парушэньня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і гвалтоўнага захопу дзяржаўнай улады Лукашэнкам», «барацьба за захаваньне нацыянальнага сувэрэнітэту, дэмакратыі і свабоды Беларусі», «абарона дэмакратычнага выбару беларускага народу ад масавых і сілавых фальсыфікацыяў з боку ўладаў».
Валер Цапкала зьбіраўся стаць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, ды палову подпісаў за яго вылучэньне прызналі несапраўднай, таксама ў Цэнтральнай выбарчай камісіі заявілі пра памылку ў дэклярацыі ягонай жонкі — і адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам. Ягоны штаб падтрымаў кандыдатку Сьвятлану Ціханоўскую.
У канцы ліпеня Валер Цапкала зь дзецьмі зьехаў зь Беларусі — казаў, да яго «паступіла інфармацыя», што яго рыхтуюцца арыштаваць. На той момант ужо быў арыштаваны іншы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, Віктар Бабарыка, з Цапкалам зьбіраўся судзіцца бізнэсовец турэцкага паходжаньня Сэдат Ігдэджы. Валер Цапкала паехаў спачатку ў Маскву, пасьля ў Кіеў і Варшаву, праводзіў там сустрэчы зь беларускай дыяспарай.
У дзень выбараў стала вядома, што зь Беларусі зьехала і яго жонка — Вераніка Цапкала, якая стала адной зь лідэрак аб’яднаных штабоў вакол Сьвятланы Ціханоўскай. Паводле Валера Цапкалы, яго жонка зьехала, бо баялася крымінальнага перасьледу.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.