«Тры чарапахі», «Паветраны шар», «Лёгкія-лёгкія», «Песьні пра каханьне» — далёка ня поўны сьпіс гітоў, напісаных, бадай, самым культавым беларускім рок-гуртом часоў незалежнасьці.
Разлад у N. R. M. адбыўся 10 год таму. З тых часоў Лявон Вольскі заснаваў праект Volski, астатнія ўдзельнікі працуюць самастойна.
«Ідэя аб’яднацца на адну песьню ўзьнікла спантанна, літаральна за пару гадзінаў да запісу, — кажа Лявон Вольскі. — Мы пабачылі салідарнасьць, якую паказаў беларускі народ, натхняльнае яднаньне людзей у адказ на несправядлівасьць. Пабачылі людзей, што сьпявалі „Тры чарапахі“ на вуліцах, ды вырашылі прадэманстраваць свой прыклад яднаньня. Гэта была разавая падзея, але забыцца на старыя крыўды і стаць побач адзін з адным — узварушлівыя, прыемныя пачуцьці».
«У часы, калі трэба яднацца — трэба яднацца ўсім, — камэнтуе Піт Паўлаў. — Мы ня бачыліся зь Лявонам 10 гадоў, адказ, ці магчыма пабачыць N. R. M. у клясычным складзе, заўсёды быў адмоўны з абодвух бакоў. Нам пазванілі а палове на трэцюю, а чацьвертай мы зьехаліся з розных канцоў гораду ды паціснулі адзін аднаму рукі ў студыі. Зайгралі без рэпэтыцыяў, адразу паразумеліся. Асабіста для мяне гэта былі неперадавальныя шчырыя пачуцьці. Як усё хутка можа зьмяняцца, як хутка можна абʼяднацца. Дзякуй беларускаму народу за гэтую магчымасьць».
Музыкі падкрэсьліваюць, што гэта была адзінкавая раптоўная сустрэча, вяртаньня гурту ў клясычным складзе не плянуецца.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.