Цэнтар Віцебску з усімі пад’ездамі да плошчы Перамогі быў перакрыты каля дзесяці вечара. Рух аднавілі толькі пасьля поўначы, калі ў горадзе зрабілася зусім не шматлюдна. 11 жніўня ў Віцебску працягваліся затрыманьні.
Машыны ДАІ, аўтобусы зь сілавікамі і аўтазакі езьдзілі па ўсім горадзе. Затрымлівалі мінакоў на плошчы Перамогі і ў прылеглых да плошчы дварах. Найбольш масавыя затрыманьні адбыліся каля буйных гандлёвых цэнтраў у аддаленьні ад плошчы Перамогі. Адзінкава затрымлівалі кіроўцаў, якія ў знак салідарнасьці сыгналілі. Па словах відавочцаў, іх выцягвалі з машын і саджалі ў аўтазакі.
Праваабаронца Павал Левінаў адзначае, што колькасьць затрыманых за мінулы вечар у Віцебску ацаніць складана. Ён мяркуе, што іх было ня менш за сто чалавек.
«Па-ранейшаму вельмі шмат званкоў ад людзей, якія ня могуць знайсьці сваіх сяброў і сваякоў, — камэнтуе праваабаронца. — Некаторыя знаходзяцца ў ізалятары трэція суткі, і суду над імі яшчэ не было».
Старшыня аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкаму Вольга Шкуратава паведаміла БелаПАН, што інфармацыі пра затрыманьні ў Віцебску 11 жніўня і ў папярэднія дні ня мае.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.