Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМАП, салдаты, ціхары. Сілавікі на вуліцах у Беларусі — хто яны?


У Беларусі на стыхійных пратэстах затрыманлі больш за пяць тысяч чалавек. Сілавікі пры разгоне мірных акцый ужывалі сьлезацечны газ, сьвятлашумавыя гранаты; стралялі ў людзей гумовымі кулямі. Афіцыйна пацвердзілі сьмерць аднаго чалавека, у шпіталі трапілі больш за 200 чалавек.

Пра сытуацыю тэлеканал «Настоящее время» падчас шматгадзіннага відэаэфіру, прысьвечанага падзеям у Беларусі, пагаварыў з праваабаронцам Раманам Кісялёвым зь Менску. Гутарку правёў Цімур Алеўскі.

— Якая колькасць затрыманьняў цяпер ужо на вуліцах?

— Людзі выходзяць на вуліцы ў розных месцах і спрабуюць неяк каардынавацца па меры ходу працэсу. Як вядома, цяпер у Менску, як і ва ўсёй Беларусі, не працуе інтэрнэт і галоўным сродкам камунікацыі зьяўляецца тэлефон.

— Мы бачылі відэа, на якім супрацоўнік АМАПу, пагражаючы бяззбройнай жанчыне загваздкай, якую ён гатовы выцягнуць з гранаты, не падпускае яе да сябе, каб дачакацца аўтобуса — мабыць, не хапае ўжо тэхнікі, — каб затрымаць непаўналетняга. Пагроза загваздкай гранаты прапісаная ў якім правіле якога кодэксу якога падразьдзяленьня, каб разумець, якімі законнымі дзеяньнямі кіруюцца гэтыя людзі цяпер?

— Давайце будзем шчырыя: ніякімі законнымі дзеяньнямі, вядома ж, яны не кіруюцца. Больш за тое, калі назіраць за тым, як праходзілі пратэсты, дакладней, як іх душылі ў мінулыя два дні, ні ў якія разумныя кодэксы і нормы гэта, вядома, не ўкладаецца. Але мы бачылі ня толькі пагрозу выбуху гранаты, мы бачылі канкрэтныя факты выбуху гранат. Сьвятлашумавыя, але яны забіваюць і калечаць людзей. І ў гэтым сэнсе, вядома ж, аб захаваньні нейкіх сур’ёзных нормаў гаварыць не даводзіцца.

Калі ў кучку ўрываецца грузавік — гэта, відавочна, таксама ні ў якім кодэксе не прапісана. І самі супрацоўнікі выдатна разумеюць, што яны дзейнічаюць па-за нормамі права. Але проста ў іх такая мэта і не стаіць. І мы бачым тое, што бачым: пастаўленая канкрэтная мэта — задушыць пратэсты, яны гэтым і займаюцца.

— Трэці дзень пратэстаў, давайце паспрабуем уявіць сабе маральны стан сілавікоў.

— Я вам скажу, ён ня толькі на ўзводзе, ён апынуўся ў сытуацыі, дзе яму трэці дзень даводзіцца працаваць, прабачце мяне за рэзкае выказваньне, як сабаку. Але сапраўды, гэта пратэстоўцам лёгка можна прыйсьці і пайсьці. Супрацоўнікі ж працуюць з раніцы і да вечара. Яны блякуюць розныя часткі гораду. І ў гэтым сэнсе, вядома ж, яны ўжо таксама на ўзводзе і стомленыя. А ўлічваючы, як адбываецца задушэньне гэтых пратэстаў, то тут табе яшчэ як і псыхалягічна сытуацыя моцна цісьне.

Сярод іншага трэба адзначыць проста агульны стан грамадзтва, якое цалкам падтрымлівае гэта рух. І няма ніякай сымпатыі ў адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, асабліва пасьля тых выпадкаў абсалютна не справакаванага гвалту, які ніяк ня можа гэтае грамадзтва легітымізаваць. І вось яны, вядома, у такім стане. Таму гэта ня дзіўна.

— Гэта значыць, знаходзяцца на мяжы, а гэта азначае, што, знаходзячыся на мяжы, яны могуць перастаць выконваць свае службовыя абавязкі ці, наадварот, перайсьці тую мяжу, калі ўжо проста яны стануць пагражаць жыцьцю грамадзян Беларусі?

— Ну на гэтую сытуацыю можна глядзець з двух бакоў. З аднаго боку, можна дапусьціць тое, што чым даўжэйшыя пратэсты, тым больш складана проста ім будзе выконваць свае абавязкі і, можа быць, для кагосьці гэта будзе залішне. Але трэба мець на ўвазе, што гэта герархія ўлады. Гэта значыць, што ёсьць вельмі сурʼёзная пагроза санкцый. І калі чалавек адмовіцца выконваць загад, гэта сурʼёзная рызыка атрымаць пакараньне паводле крымінальнага артыкулу і многія гады турмы, так бы мовіць.

— Гэта значыць, улада цісьне на гэтых людзей, на міліцыянтаў, з усіх сілавых структур, якіх раней не было такіх, мабыць?

— Глядзіце, тут задзейнічалі досыць розныя сілы. Ёсьць міліцыя, ёсьць спэцыяльнае падразьдзяленьне АМАП, ёсьць спэцыяльнае падразьдзяленьне КДБ. І ў гэтым сэнсе іх трэба аналізаваць па-рознаму. Насамрэч міліцыя ў гэтым сэнсе — далёка ня самы небясьпечны орган.

— Давайце назавем больш небясьпечныя.

— Ёсьць той жа самы АМАП, які складае каля паўтары тысячы чалавек на ўсю рэспубліку. Гэта хлопцы, якіх адмыслова вымуштроўваюць душыць пратэсты, і самым жорсткім чынам. І вось зь імі гаварыць пра мараль, я думаю, не зусім [дарэчы].

— Раман, цяпер вельмі коратка пра амапаўцаў, каб проста растлумачыць. Я па сваёй звычцы трошкі, можа быць, памыляючыся, лічу АМАП часткай міліцыі. Але, напэўна, у Беларусі гэта ня так. Вось патлумачце і растлумачце пра муштраваньне.

— Я думаю, і для Расеі гэта трошкі іншая гісторыя. Проста ў розных падразьдзяленьняў розныя абавязкі. І ў гэтым сэнсе звычайны міліцыянт, у яго ў звычайным жыцьці стаяць перад ім іншыя задачы. І міліцыя бліжэй да народу, як бы дзіўна гэта ні гучала. А перад АМАПам стаяць іншыя задачы. Гэта спэцыяльнае падразьдзяленьне, задача якога — абарона дзяржаўнага ладу ў прамым сэнсе.

— АМАП — гэта асобная гісторыя. Вы кажаце, падразьдзяленьні спэцыяльныя КДБ, і мы яшчэ бачылі «Антытэрор», яны, наогул не зразумеў, што на вуліцы рабілі. Такое адчуваньне, што толькі ў журналістаў стралялі. Хто яшчэ бярэ ўдзел?

— Я яшчэ зазначу, што тут армія зьявілася, гэта таксама трэба мець на ўвазе. У горадзе зьявілася і армія, яна прыехала яшчэ ноччу, першыя падразьдзяленьні пачалі зьяўляцца, яны ўжо адкрыта дастаткова тут прысутнічаюць. Іх, можа быць, пакуль яшчэ не выкарыстоўваюць адкрыта і дзёрзка, але, я думаю, гэта проста пытаньне часу. І, на мой погляд, вось тут надыдзе самы цікавы момант, таму што якраз армія зьяўляецца самым незацікаўленым інстытутам ва ўсім гэтым, якая пераважна складаецца з тэрміновікаў (салдатаў тэрміновай службы. — РС).

— Я ня вельмі разумею, а наколькі, дарэчы, ізаляваныя тыя самыя тэрміновікі ў войску ад таго, што адбываецца вонкі, што яны проста ня ведаюць, што адбываецца ў краіне? Ці яны ўсё выдатна ведаюць?

— Я вам зараз скажу. Вось учора на запраўцы я меў зносіны з двума тэрміновікамі, якіх прыгналі ў Менск. Яны ў курсе, яны разумеюць, што адбываецца. Больш за тое, яны досыць пратэстацыйна самі настроеныя, нам адкрыта сказалі, што ў іх у частцы ўсе «галасавалі за Бабарыку». І яны таксама на пэўным узводзе і, вядома, яны ні ў кога страляць ня хочуць, але баяцца, што можа надысьці такі маральна-этычны момант. Вядома, кажуць, што ня будуць, але тут таксама складана прагназаваць.

— Мы з вамі ня ведаем, на жаль, будуць ці ня будуць.

— Ну хочацца верыць, што людзі, якія сапраўды не былі якраз натрэнаваныя на такую задачу, гэтага рабіць ня будуць.

— А вось паўтары тысячы амапаўцаў — я так разумею, гэта АМАП і спэцыяльнае падразьдзяленьне КДБ... Ёьць «Антытэрор», пра іх усё зразумела. А вось людзі, якія ходзяць з маленькімі чорнымі рацыямі ў кішэнях. Гэта хто?

— Вось тут, мне здаецца, я прыкладна ў такім жа пакорлівым няведаньні знаходжуся, як і ўсе астатнія.

— Дзіўныя людзі.

— Невядомыя людзі без нашывак, без усяго, выбягаюць з аўтобусаў, забіраюць людзей. Добра, калі забяруць, — могуць і пабіць проста вельмі цяжка.

— Гэта людзі, якія могуць. Ёсьць такая адмысловая кагорта людзей у Беларусі — «людзі, якія могуць», і ў іх маленькія чорныя рацыі.

— Маленькія чорныя маскі, чорныя ў іх яшчэ альбо кепкі, альбо маска на ўвесь твар, усе ў чорным. Вось ведаеце, тут, калі на гэта глядзіш, думка пра Кадафі, прабачце за такую вульгарнасьць, так і лезе ў галаву.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG