Затрыманым у Гомлі 10 жніўня даюць па 10-15 дзён арышту, кажуць родныя. Суды праходзяць у выязным рэжыме ў будынках РАУС, ІЧУ і СІЗА. На суды нікога не дапускаюць.
Сваякам ані ў міліцыі, ані ў судзе не даюць ніякай інфармацыі. Толькі некаторыя сваякі здолелі даведацца пра тэрміны арышту. Адбываць арышт людзей развозяць па розных ІЧУ вобласьці.
«Сыну далі 12 сутак. У гомельскім ІЧУ адмаўляюцца казаць, дзе ён. Сказалі — шукайце яго ці ў Каленкавічах, ці ў Брагіне. Гэта поўнае беззаконьне!» — пракамэнтаваў Свабодзе жыхар Гомля Анатоль.
Іншым сваякам, якія чакаюць зьвестак пра сваіх блізкіх пад СІЗА, міліцыя адказвае так: «Усім — ад 10 да 15 сутак». Натальлі ў Цэнтральным РАУС паведамілі, што яе сын атрымаў прысуд на 7 сутак. А ў канцылярыі суду Цэнтральнага раёну сказалі, што на 15.
«Гэта нейкі жах, сваволя, бязьмежжа, я ў шоку. Ён проста ішоў да сваёй дзяўчыны», — абураецца Натальля. Яе сыну 18 гадоў. Ён вучыцца ў адным з каледжаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.