Канстанцін, які быў ля Стэлы ў Менску позна ўвечары 9 жніўня, атрымаў дзьве раны на назе пасьля выбуху гранаты.
Мянчук Канстанцін знаходзіўся ў раёне Стэлы ўвечары 9 жніўня. Там прысутнічалі тысячы людзей. Па словах Канстанціна, паміж 23.30 і 24 гадзінамі супрацоўнікі міліцыі пачалі сілавы разгон дэманстрантаў, ужываючы пры гэтым спэцсродкі.
«Я вырашыў прагуляцца пасьля працы, — расказаў Свабодзе відавочца. — Прагульваўся ў раёне Стэлы. Сустрэў дзяўчыну, мы зь ёй гулялі. Я не зьбіраўся ўдзельнічаць ні ў якіх масавых беспарадках. Ня меў ніякага агрэсіўнага жаданьня некаму прычыніць шкоду, я быў там выключна зь мірнымі мэтамі.
Там быў вялікі натоўп людзей, ланцуг АМАП. Чамусьці АМАП пачаў выкарыстоўваць вадамёты ў нейкі момант.
Я бачыў, што натоўп не быў агрэсіўным. На АМАП дакладна ніхто не нападаў. Сілавыя органы таксама прымянілі сьвятло-шумавыя гранаты, аўтамабілі са шчытамі прымяняліся. Гумавыя кулі, стральба пачалася ў нейкі момант. Гранаты ляцелі ў натоўп, іх выкарыстоўвалі не для таго, каб некага запалохаць. Гранаты кідалі проста пад ногі».
Канстанцін сьцьвярджае, што не бачыў правакацый і сутычак паміж дэманстрантамі і праваахоўнікамі. Ён быў сьведкам таго, як некаторыя з пратэстуючых кідалі ў бок АМАПу плястыкавыя бутэлькі. Аднак яны не даляталі да шэрагаў людзей у форме. Іншая пратэстоўцы не падтрымлівалі такіх дзеяньняў. У нейкі момант міліцыянты пачалі закідваць натоўп сьвятло-шумавымі гранатамі. Адна зь іх параніла Канстанціна.
«На жаль, адна з гранат трапіла пад ногі мне, аскепкамі яе абалонкі мяне параніла, я маю дзьве раны, — кажа Канстанцін. — У калена і на голені. У „хуткай“ аказалася, што раны неглыбокія. Але калі я іх атрымаў, я думаў іначай.
Выбух такой гранаты — гэта вельмі сур’ёзны гук. Я ў жыцьці чуў і больш гучныя гукі, але гэта выбух. Вушы закладвае, гэта аглушэньне. У маім выпадку гэтае аглушэньне не было глябальным, я захаваў магчымасьць рухацца, адчуваць сябе ў прасторы. Але так пашанцавала не ўсім».
Пацярпелы гаворыць, што лік параненых ідзе на дзясяткі. Некаторыя зь іх былі ў цяжкім стане.
«Я бачыў дзяўчыну, у якой была прабітая скула, — расказвае Канстанцін. — Яе твар быў цалкам акрываўлены, яна ляжала з адкрытымі вачамі на асфальце ў непрытомнасьці. Пазьней аказалася, што гэта дзяўчына аднаго з тых, зь кім я трапіў у палату ў Вайсковым шпіталі.
Людзі дапамагалі адзін аднаму, мне першую дапамогу аказалі людзі з натоўпу. Параненых было шмат, я сам бачыў некалькіх цяжкапараненых. Яны мелі шматлікія раны, не прыходзілі ў прытомнасьць. Іх не маглі прывесьці ў прытомнасьць нават супрацоўнікі „хуткай“ дапамогі. АМАП у дачыненьні да параненых паводзіў сябе вельмі дзіўна, яны не хацелі выклікаць людзям мэдыкаў. Пазьней я чуў, што праваахоўнікі прымянялі сілу нават у дачыненьні да параненых».
Ад Стэлы Канстанцін зьехаў на «хуткай», якая прыехала да аднаго зь «цяжкіх» параненых. Мэдыкаў без перашкодаў прапускалі і дэманстранты і АМАП.
«Мяне адвезьлі ў Вайсковы шпіталь, — працягвае Канстанцін. — Я хацеў бы падзякаваць яго мэдыкам і супрацоўнікам адміністрацыі. Яны паводзілі сябе вельмі карэктна. Дапамагалі нам, клапаціліся пра нашае здароўе. У Вайсковым шпіталі было шмат параненых. Я не магу сказаць, ці ўсе зь іх былі пратэстоўцамі. Там чуў, што адзін з параненых знаходзіўся на гаўбцы сваёй кватэры і аскепак ад гранаты параніў яго там.
Параненых шмат было насамрэч. Мяне, напрыклад, паклалі не ў траўматалягічнае аддзяленьне, а ў практалягічнае. Што адлюстроўвае ступень занятасьці шпіталя. Наколькі я ведаю, у іншых шпіталях таксама было шмат параненых. Але магу памыляцца, сам не бачыў гэтага».
Цяпер Канстанцін знаходзіцца дома, адчувае сябе добра, аднак перамяшчаецца пакуль зь цяжкасьцю. Яго ўжо апыталі супрацоўнікі Савецкага РУУС Менску. Яны прыехалі да пацярпелага самі, узялі паказаньні і кантакты.
Паводле афіцыйнага паведамленьня МУС, позна ўвечары 9 жніўня ў Беларусі ў выніку пратэстаў пацярпелі больш за 50 грамадзян, а таксама 39 супрацоўнікаў міліцыі. Праваахоўнікі затрымалі каля 3000 чалавек, больш за 1000 зь іх — у Менску.