Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя назіральнікі: на некаторых участках у Менску яўка ўжо перавышае 100%


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На многіх участках для галасаваньня ў Менску ўтварыліся вялізныя чэргі з выбарнікаў, незалежныя назіральнікі заяўляюць, што на некаторых зь іх яўка ўжо перавысіла сто адсоткаў, як на ўчастках № 21 і № 22 у менскай гімназіі № 43 на Казіміраўскай вуліцы, паведамляе Tut.by.

Незалежныя назіральнікі апавялі парталу пра магчымае перавышэньне максымальнай яўкі на ўчастках для галасаваньня № 21 і № 22, разьмешчаных у будынку гімназіі № 43.

Паводле іх, у сьпісах выбарнікаў там сумарна значацца прыкладна 5,8 тысячы чалавек. Паводле пратаколаў выбарчых камісій, яўка на датэрміновым галасаваньні на іх склала каля дзьвюх тысяч чалавек. У асноўны дзень галасаваньня 9 жніўня па стане на 17.30 у дзьверы гімназіі, паводле падліках назіральнікаў, ужо зайшлі каля 3,8 тысячы чалавек, а ў чэргі з жадаючых прагаласаваць стаяць некалькі сотняў выбарнікаў, і яна расьцягнулася прыкладна на кілямэтар, агінаючы будынак. Такім чынам, яўка ўжо павінна была перавысіць сто адсоткаў.

У выбарчай камісіі ўчастку № 22 адмовіліся даваць камэнтары Tut.by па тэлефоне.

Назіральнікі кажуць, што ў асноўным людзі ідуць на ўчастак № 22, на ўчастку № 21 чарга невялікая — прычына гэтага ім невядомая. Празь велізарную колькасьць людзей чальцы камісіі не спраўляліся з плыньню, і альтэрнатыўныя назіральнікі, якія ўжо скончылі сваю зьмену, засталіся, каб дапамагчы разьмеркаваць выбарнікаў, якія чакаюць у чарзе, дапамаглі арганізаваць працу камісіі.

Паводле назіральнікаў, людзі скардзяцца на вялікую колькасьць сапсаваных бюлетэняў, якія ім выдаюць: некаторыя зь меткамі або кропкамі, нейкія нават пашкоджаныя — іх замяняюць толькі па патрабаваньні выбарнікаў. Таксама людзям спачатку не дазвалялі ставіць дату ў журнале, аднак, калі абурэньне ўзрасло, ім дазволілі ставіць дату ў слупок з подпісам.

Чарга каля гімназіі № 43 не перастае расьці, магчыма, усе ахвотныя прагаласаваць не пасьпеюць.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG