Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская прагаласавала ў Менску. Пад участкам натоўп сустракаў яе воплескамі


Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская прагаласавала ў Менску, 9 жніўня
Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская прагаласавала ў Менску, 9 жніўня

Кандыдатку ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую сустрэлі на выбарчым участку воплескамі. Яна прыйшла галасаваць пасьля 14-й гадзіны на ўчастак для галасаваньня № 21 у менскім мікрараёне Ўсход.

Блізу 200 чалавек сустрэлі Сьвятлану Ціханоўскую воплескамі, а таксама воклічамі «Сьвета!» і «Малайчына!». На ганку школы заўважаныя дыпляматы — відаць, тыя, каго акрэдытаваў МЗС Беларусі ў якасьці назіральнікаў.

На пытаньне журналістаў, ці чакае яна «гвалтоўнага разгону і правакацыяў», яна перапытала: «Разгону каго?». Паводле Ціханоўскай, калі правакацыі і будуць, то толькі з боку праваахоўнікаў, але яна ня хоча такога разьвіцьця падзеяў, а хоча толькі справядлівых выбараў. Яна дадала, што заклікала чальцоў выбарчых камісіяў лічыць галасы справядліва.

Нацыянальныя назіральнікі ў размове са Свабодай панаракалі на шэраг парушэньняў — несупадзеньне колькасьці людзей у пратаколах і палічаных «па галовах», брак шторак на кабінках ды іншыя тыповыя прыклады.

Раней выбарчы штаб прапанаваў фатаграфаваць бюлетэні, каб пасьля адправіць на плятформу «Голас», складваць «гармонікам» і толькі пасьля апускаць у выбарчую скрыню.

«Калі ўладзе няма чаго баяцца, калі б яны не перажывалі, калі ўвесь народ за Аляксандра Рыгоравіча, мы з гэтым пагадзіліся б, калі б выбары былі справядлівыя», — казала Ціханоўская на выхадзе з участку пад воплескі. Выходзіць з участку праз шчыльны натоўп ёй было няпроста.

Марыя Калесьнікава прыйшла падтрымаць Ціханоўскую
Марыя Калесьнікава прыйшла падтрымаць Ціханоўскую

Дзеля бясьпекі Ціханоўская мінулым вечарам зьехала з кватэры і правяла ноч у іншым месцы. Яе паплечніца Вераніка Цапкала зьехала з краіны, іншую яе паплечніцу Марыю Калесьнікаву мінулым вечарам «памылкова» затрымалі і хутка выпусьцілі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG