Прадстаўніца Віктара Бабарыкі і сябра аб'яднанага штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай Марыя Калесьнікава расказала падчас галасаваньня ў Менску пра пляны на дзень.
Як толькі Марыя Калесьнікава падышла да ўчастку №35 у менскай гімназіі №42, уключылі вельмі гучную народную музыку, перадае карэспандэнт Свабоды.
Калесьнікава сказала, што будзе суправаджаць Ціханоўскую падчас галасаваньня пазьней у Менску, пасьля будзе сачыць за ходам галасаваньня. А 22-й гадзіне ў штабе адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя. На пытаньне, ці баіцца яна нечага, Калесьнікава адказала: «Безумоўна, не».
Яна яшчэ раз апісала інцыдэнт са сваім учорашнім затрыманьнем. На просьбу пракамэнтаваць вынікі датэрміновага галасаваньня адказала: «Гэта, напэўна, ня мае сэнсу камэнтаваць. Вельмі хутка ўсё памяняецца».