На вуліцы Прытыцкага каля станцыі мэтро «Пушкінская» стрэламі і сьвятлашумавымі гранатамі спынілі аўтамабіль, паклалі трох чалавек зь яго на асфальт.
Сьведкі затрыманьня кажуць, што сілавікі ва ўпор стралялі ў шыбу аўтамабіля з помпавых стрэльбаў. Вонкава раненьняў на затрыманых яны ня бачылі.
Людзі пайшлі ў бок Жудро. Натоўп абагналі і паехалі наперад аўтазакі і машыны міліцыі.
Дым ад гранат над Серабранкай:
Каля «Рыгі» пратэстаў пакуль няма, АМАП затрымаў некалькі мінакоў
Да ўнівэрсаму «Рыга» ў Менску пад’ехаў мікрааўтобус з АМАПам, забралі некалькі выпадковых мінакоў. Пратэстаў і міліцыі ў гэтым раёне на 21.00 няма.
На скрыжаваньні Прытыцкага і Пушкіна пачаліся затрыманьні
Быў зьбіты карэспандэнт Tut.by Вадзім Заміроўскі. У яго сарвалі бэдж, пабілі, забралі флэшку, паведамляе карэспандэнт Свабоды.
Шмат людзей затрымалі каля крамы «Віталюр».
Гэтым разам міліцыянты пачалі выкарыстоўваць жоўтыя аўтобусы МАЗ. Два такія аўтобусы ўжо запоўнілі затрыманымі.
Стаіць ланцуг амапаўцаў з шчытамі каля кінатэатру «Аўрора».
Да месца, дзе ўскладаюць кветкі, не падысьці — там стаяць амапаўцы, у тым ліку з помпавымі стрэльбамі.
На супрацьлеглым баку зьбіраюцца людзі, выкрыкваюць лёзунгі. Побач 3 аўтазакі і 2 вайсковыя машыны для перавозкі людзей.
Рух ня спынены. Машыны сыгналяць.
Людзі пайшлі да станцыі «Спартыўная».
Вялікія сілы міліцыі на суседніх вуліцах, у прыватнасьці Дуніна-Марцінкевіча.
Быў зьбіты карэспандэнт Tut.by Усевалад Зарубін. У яго сарвалі бэдж, пабілі, забралі флэшку.
Сёньня ў параўнаньні з учорашнім вечарам значна больш людзей сталага веку, семʼяў, заўважыў карэспандэнт Свабоды.
Зноў інфармацыя ад карэспандэнта НН пра падзеі на Пушкінскай:
Паводле карэспандэнта «Нашай Нівы», у Серабранцы пачаўся разгон, чуваць стрэлы і выбухі гранат.
У Віцебску пачаліся затрыманьні
Рух у цэнтры гораду не перакрыты, але на ўсіх вялікіх скрыжаваньнях стаяць машыны ДАІ. Затрыманьні адбываюцца на скрыжаваньні праспэкту Будаўнікоў і вуліцы Чкалава. Таксама затрымліваюць і на плошчы Перамогі. Стаяць некалькі аўтазакаў. Затрымліваюць кропкава. Побач з плошчай Перамогі людзей хапаюць проста ў дварах.
Па горадзе езьдзіць картэж: машына ДАІ, за ёй аўтобус МАЗ з адчыненымі дзьвярыма і амапаўцамі ўнутры, за імі аўтазак. Хуткасьць картэжу невялікая, каля 30 км на гадзіну, часам ён спыняецца і некага хапаюць.
«Наша Ніва» паведамляе пра выбухі і страляніну ў Серабранцы — АМАП напаў на мірных дэманстрантаў, якія ішлі па тратуарах. АМАП ужывае сілу для разгону, затрымлівае, піша «Наша Ніва».
У Менску затрымалі журналістаў «Белсату»
Затрымалі журналістаў тэлеканалу «Белсат» Паўла Патапава і Івана Мураўёва, паведамляе тэлеканал у Тэлеграме. Яны ехалі ў машыне і здымалі на тэлефоны. ДАІшнікі спынілі іх, прагледзелі галерэю ў тэлефонах, журналістаў затрымалі. Куды павезьлі – невядома.
Таксама супрацоўнікі ДАІ спынілі на вуліцы Ціміразева журналістку «Белсату» Вольгу Данішэвіч. Штрафуюць за сыгнал.
У цэнтры Менску закрытыя крамы, рэстарацыі і аптэкі, стаяць бронетранспартэры
На вуліцы Рэвалюцыйнай у Менску стаяць зялёныя бронетранспартэры, перадаюць Свабодзе сьведкі. Перакрыты праспэкт у раёне «Макдональдса», машын амаль няма. Тых, хто сыгналіць, спыняе ДАІ і штрафуе. У цэнтры закрытыя крамы, рэстарацыі і аптэкі.
Менск. Некалькі вялікіх груп моладзі рухаюцца ў Серабранцы ў бок аўтавакзалу «Ўсходні» і гіпэрмаркету «Гіпа».
У Берасьці затрыманьні. Жорстка затрымалі карэспандэнта Tut.by
У Берасьці на Савецкай затрыманьні, паведамляе Tut.by у Тэлеграме. Чытачы паведамляюць выданьню, што каля 10 амапаўцаў мэтанакіравана кінуліся на карэспандэнта Tut.by Станіслава Коршунава і жорстка затрымалі яго. Сувязі са Станіславам у Tut.by няма.
Вераніка Цапкала зьвярнулася да Ціханоўскай, сілавікоў і міжнароднай супольнасьці
Вераніка Цапкала кажа, што бачыла відэазварот Сьвятланы Ціханоўскай, у якім тая тлумачыць прычыну адʼезду зь Беларусі.
«Хачу сказаць, што я асабіста і Валер Цапкала цябе падтрымліваем. Мы разумеем, што 9 жніўня Лукашэнка пацярпеў паразу на прэзыдэнцкіх выбарах. І адзіны легітымны ў краіне прэзыдэнт — гэта ты, Сьвятлана Ціханоўская. Я ведаю, якімі ганебнымі спосабамі ўлада аказвае ціск, выкарыстоўваючы дзяцей, мужоў і блізкіх, каб зьняць з дыстанцыі і дыскрэдытаваць у вачах грамадзтва. Толькі ўлады не разумеюць, што народ змагаецца ня толькі за Сьвятлану, а за сваю будучыню, будучыню сваіх дзяцей, супраць фальсыфікацый, падлогаў і прыніжэньняў», — гаворыць Вераніка Цапкала.
Жонка экс-кіраўніка ПВТ зьвярнулася таксама да сілавікоў і АМАПу:
«Каго вы абараняеце? Нелегітымнага Лукашэнку, які аддае вам незаконныя загады? Ці вашае жыцьцё таго вартае? Як вы будзеце спаць па начах? Як будзеце глядзець у вочы вашым дзецям і ўнукам? Як вы будзеце з гэтым далей жыць? Няўжо Лукашэнка гэтага ўсяго сапраўды варты?» — пытаецца яна.
У Горадні затрыманыя ляжаць тварам у асфальт
У Горадні на вуліцы Будзённага каля аўтавакзалу трое затрыманых маладзёнаў ляжаць тварам у асфальт, побач стаіць ДАІ і мікрааўтобус без пазнак.
Яшчэ двое затрыманых ляжаць тварам у асфальт каля філярмоніі побач з цэнтрам гораду. Побач стаіць легкавы аўтамабіль з разьбітымі вокнамі, дзесяць амапаўцаў, міліцэйскія машыны, так званая машына «Тыгр».
Уезд у цэнтар гораду перакрыты. На ўсіх уездах у цэнтар супрацоўнікі ДАІ спыняюць і правяраюць аўтамабілі.
На Пушкінскай працягваюцца кропкавыя затрыманьні
Людзі працягваюць зьбірацца на скрыжаваньні праспэкту Пушкіна і вуліцы Прытыцкага ў Менску, стаяць, паказваюць белыя стужачкі як сымболіку, перадае карэспандэнт Свабоды зь месца падзеяў. Працягваюцца кропкавыя затрыманьні.
З вокнаў і на бальконах дамоў побач людзі махаюць бел-чырвона-белымі сьцягамі аўтамабілістам, якія гудуць, і пешаходам, якія выказваюць знакі пратэсту.
Удзельнікі акцыі кажуць карэспандэнту Свабоды, што не абавязкова тут будзе новы пратэст, што «плошчаў і вуліц у Менску хапае».
У Бабруйску пачаліся масавыя затрыманьні
Перакрытая цэнтральная плошча гораду, але там пакуль нічога не адбываецца — людзі сабраліся каля лазьні на вуліцы Менскай, дзе раней зьбіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў.
Цяпер у гэтым раёне, на рагу вуліц Менскай і Кастрычніцкай, амапаўцы, міліцыянты і «ціхары» бегаюць па вуліцах і дварах і хапаюць усіх без разбору. Машыны, якія праяжджаюць побач, сыгналяць. У раёне гаркаму, апроч міліцэйскіх машын, стаяць дзьве пажарныя.
Пратэстоўцаў у гэтым раёне фактычна разагналі. Цяпер яны бегаюць невялікімі купкамі па горадзе, за імі ганяецца АМАП.
Усім кавярням і крамам у цэнтры гораду загадалі зачыніцца а 18-ай гадзіне, гэта адбываецца ўжо другі дзень запар.
У Горадні перакрылі цэнтар гораду
У Горадні 11 жніўня зноў перакрылі цэнтар гораду. Пэрыядычна сыгналяць аўтамабілі, але збольшага пакуль спакойна.
Вераніка Цапкала запісала відэазварот да Сьвятланы Ціханоўскай:
У Гомлі — другі вечар цьвярозасьці
Сёньня, як і ўчора, вечар цьвярозасьці. Учора ўсе крамы не прадавалі алькаголь і слабаалькагольныя напоі ад пятай вечара да восьмай раніцы. І сёньня таксама паўсюль разьвешаныя абвесткі, што алькаголь ад 17-й гадзіны да 8-й раніцы не прадаецца.