У Маскве затрымалі ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці зь беларусамі
Як мінімум дзесяць чалавек затрымала паліцыя ў Маскве каля амбасады Беларусі на акцыі салідарнасьці зь беларусамі, якія пратэстуюць супраць папярэдніх афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.
Паводле ацэнак тэлеграм-каналу Avtozak Live, вечарам 12 жніўня каля амбасады Беларусі сабраліся блізка 400 чалавек. Людзі сталі ў шэраг з запаленымі сьвечкамі.
У праваабаронцы Тацяны Равякі прайшоў ператрус, паведаміў намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
Раней у яе начавалі ўкраінскія журналісты Канстанцін Равуцкі і Яўген Васільеў. Іх затрымалі сёньня.
Ператрус праводзіў Сьледчы камітэт. Цікавілі рэчы ўкраінцаў. Забралі ноўтбук і пашпарт аднаго з украінцаў і ноўтбук Тацяны. Сама яна на волі.
У Гомлі пачаліся масавыя затрыманьні
У Гомлі вечарам 12 жніўня праходзіла акцыя пратэсту. Адна частка людзей, каля 500 чалавек, стаяла на пляцоўцы каля цырку. Другая частка, чалавек 200, пайшла калёнай па Савецкай у бок гіпэрмаркету «Карона». Да гіпэрмаркету яны не дайшлі, зладзілі каля прыпынку грамадзкага транспарту «Рамбыттэхніка» флэшмоб зь ліхтарыкамі і працягнулі рух да цэнтру гораду.
Людзі, што стаялі на цырку, вырашылі пайсьці на плошчу Леніна. Калі яны ішлі на плошчу, туды ж паехалі вайсковыя грузавікі. Людзі пайшлі назад, на пляцоўку каля цырку. Яны несьлі бел-чырвона-белы сьцяг на пачатку калёны і скандавалі: «Жыве Беларусь!». На скрыжаваньні вуліц Савецкай і Камсамольскай на іх напалі вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС з часткі 5525. Людзей пачалі разганяць і хапаць.
У Магілёве экіпаваныя міліцыянты разагналі ланцуг салідарнасьці супраць гвалту, арганізаваны жанчынамі, піша тэлеграм-канал Mogilev Online. Паводле яго, ёсць затрыманыя.
Упершыню за чатыры дні пратэстаў супраць вынікаў выбараў магілёўцы правялі акцыю ў Кастрычніцкім раёне гораду. Перад гандлёвым цэнтрам «Арбат» сабралася больш за паўсотні чалавек. Рух на цэнтральных вуліцах абмежаваны. Прапускаюць службы экстраннай дапамогі і пасажырскі транспарт.
МУС паведамляе пра наезды на міліцыянтаў у Менску і Баранавічах
У афіцыйным Тэлеграм-канале Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведамілі пра наезд машыны на супрацоўніка ДАІ ў Менску і на міліцыянта ў Баранавічах. У абодвух выпадках кіроўцы спрабавалі зьехаць, і супрацоўнікі ДАІ выкарыстоўвалі зброю, каб іх спыніць.
Кіроўцу ў Менску затрымалі, кіроўца ў Баранавічах уцёк, яго шукаюць.
Рабочыя «Хімвалакна» за Ціханоўскую
Гэта відэа з Горадні. Сёньня там адбылася масавая сустрэча незадаволеных людзей з прадстаўнікамі кіраўніцтва заводу і прафсаюзу.
Як даведалася Свабода, пасьля таго як рабочыя пачалі масава выходзіць з праўладнага прафсаюзу і сабраліся разам, начальства запрасіла ўсіх у актавую залю.