Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
21:11 10.8.2020

Разгонам кіруе Паўлічэнка, якога падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі

Менск. Як паведамляе карэспандэнт Свабоды, каля гатэлю Беларусь разгонам кіруе Дзьмітры Паўлічэнка – былы камандзір вайсковай часткі 3214, былы камандзір СОБРа, невыязны ў краіны Эўропы і ЗША, дзе яго падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага. Цяпер ён узначальвае Беларускую асацыяцыю вэтэранаў падразьдзяленьняў адмысловага прызначэньня войскаў МУС «Гонар».

21:10 10.8.2020

Сілавікі пусьцілі газ

Людзі хаваюцца ад сілавікоў у гандлёвым цэнтры «Карона». Пратэстоўцы бяруцца ў сцэпку і крычаць «Міліцыя з народам!», паведамляе Tut.by у Тэлеграме.

Людзі ў вайсковай форме з аўтаматамі, у амуніцыі зь вялікімі заплечнікамі. Іх тут каля сотні. Некалькі дзясяткаў сілавікоў перакрылі мост на Кальварыйскай — зараз аўтамабілісты ня могуць па ім рухацца.

Сілавікі пусьцілі газ.

21:06 10.8.2020

Вайскоўцы ўнутраных войскаў каля супэрмаркету «Карона» ў Менску:

21:05 10.8.2020

Менск. Карэспандэнт Свабоды: ДАІ перакрыла выезд з вуліцы Сурганава на праспэкт Незалежнасьці. Людзі ходзяць уздоўж праспэкту невялікімі групамі. Невядома, куды яны накіроўваюцца.

20:58 10.8.2020

Спэцназ перакрывае цэтар Мазыра:

20:56 10.8.2020

На Старавіленскім тракце корак з машынаў, кіроўцы сыгналяць

На Старавіленскім тракце ўтварыўся вялікі корак з машын. Кіроўцы няспынна сыгналяць і паказваюць з вокнаў белыя бранзалеты і іншую белую сымболіку. Дзьве машыны ДАІ спыніліся, спрабуюць урэгуляваць дарожны рух, разагнаць кіроўцаў, але не атрымліваецца.

Такія акцыі кіроўцаў утвараюцца спантанна ў розных месцах гораду.

20:53 10.8.2020

На акцыю прыйшла Ніна Багінская зь бел-чырвона-белым сьцягам

Насупраць гатэлю «Юбілейная» зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Са сьцягам прыйшла туды і пэнсіянэрка Ніна Багінская.

Яна распавяла карэспандэнту Свабоды, што яна была і на ўчорашняй акцыі пратэсту, падчас брутальнага разгону, таксама са сьцягам. 9 жніўня ў яе канфіскавалі сьцяг, і сёньня яна пайшла ў МУС і напісала скаргу, чаму гэты сьцяг важны для яе, і запатрабавала яго вярнуць. Сьцяг ёй не вярнулі, але яна ўзяла іншы і зноў прыйшла на акцыю.

20:50 10.8.2020

Паранілі журналістку «Нашай Нівы»

«Наша Ніва» перадае, што журналістку выданьня Натальлю Лубнеўскую паранілі ў нагу. дэталі пракуль не паведамляюцца.

Як паведамляе выданьне, агонь людзі ў форме хакі вялі агонь з боку моста на вуліцы Кальварыйскай.

Сайт газэты ад ўчора блякуецца.

20:49 10.8.2020

АМАПавец падаў руку жанчыне зь бел-чырвона-белым сьцягам

Менск. На мосьце празь Сьвілач на праспэкце Незалежнасьці сабраліся людзі. Адна жанчына дастала бел-чырвона-белы сьцяг. Неўзабаве да мосту падʼехаў шэры мікрааўтобус, зь яго выйшлі 4 супрацоўнікі АМАП. Пратэстоўцы пачалі разыходзіцца, каб пазьбегнуць затрыманьняў. Адзін з амапаўцаў падыйшоў да жанчыны, стаў зь ёй размаўляць, а пасьля дапамог спусьціцца з парапэта мосту, падаўшы руку, перадае карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» Раман Васюковіч. Людзі пачалі скандаваць «Малайцы!», супрацоўнікі АМАП нікога не затрымалі.

20:46 10.8.2020

У Горадні пачалі масавыя затрымліваць людзей

У Горадні ўвечары 10 жніўня зноў пачаліся затрыманьні людзей. Як паведамляюць Свабодзе відавочцы, затрымалі агулам каля 200-300 чалавек. Затрыманьні пачаліся яшчэ да таго, як з ізалятару вызвалілі большасьць затрыманых падчас акцыі пратэсту 9 жніўня. Тыя, каго вызвалялі з ізалятару, паведамляюць, што ўдзень падвозілі новых затрыманых.

Ачэплены ўвесь цэнтар гораду, перакрыты рух. Усіх, хто здолеў прайсьці праз ачапленьне, адразу забіраюць і «пакуюць» у аўтазакі міліцыянты з чорнай форме і шаломах. Ужо каля 5 аўтазакаў прывезьлі ў ізалятар людзей.

Людзі нічога не скандуюць, выходзяць безь сьцягоў. Яны проста мірна знаходзяцца на вуліцы або шпацыруюць. Міліцыянты забіраюць усіх без разбору. Стала вядома, што ўчора забіралі людзей з маленькімі дзецьмі.

Аўтамабілі ў цэнтры гораду актыўна сыгналяць. У гэтых месцах пакуюць пешаходаў.

20:38 10.8.2020

Каля супэрмаркету «Карона» ў Менску пратэстоўцы перагарадзілі дарогу

20:35 10.8.2020

З набярэжнай Сьвіслачы выцясьняюць пратэстоўцаў

Менск: перакрыты праспэкт Пераможцаў. Па ім рухаецца толькі транспарт праваахоўнікаў і машыны «хуткай»

Сілавікі пачалі выцясьняць і затрымліваць мітынгоўцаў на набярэжнай ракі Сьвіслач, перадае карэспандэнт РИА Новости.

На скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Сурганава стаяць шмат аўтамабіляў, кіроўцы сыгналяць. Не зразумела, ці гэта затор ці аўтамабілісты заблякавалі праезд. Ня бачна, каб пратэстоўцы зьбіраліся на вуліцах, перадае карэспандэнт Свабоды.

20:33 10.8.2020

Затрыманьні на плошчы Перамогі ў Віцебску

Плошча Перамогі ў Віцебску пустая. Людзі стаяць на ходніках па пэрымэтры. Іх мала і іх затрымліваюць, адбылося ня менш за дзесяць затрыманьняў. Затрыманыя ніяк не праяўлялі сваю палітычную пазыцыю, некаторыя здымалі падзеі на тэлефон.

20:31 10.8.2020

Ля Палацу дзяцей і моладзі затрымалі трох няпоўнагадовых хлопцаў

На вуліцы Чарвякова, каля Палацу дзяцей і моладзі, затрымалі трох няпоўнагадовы хлопцаў (па 16 год) Мірона Вітушку, Франака Цюленева і Усяслава Сагановіча. Зь імі былі таксама паўнагадовы Алесь (прозьвішча невядомае) і маці Мірона Вітушкі. Яны рухаліся па дарозе ў бок цэнтру, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» ў Тэлегаме.

Раптам спынілася машына, адтуль выбеглі сілавікі, адштурхнулі маці Вітушкі і забралі хлопцаў.

20:24 10.8.2020

Пасьля пратэстаў 9 жніўня СК завёў 21 крымінальную справу, затрымалі больш за 80 чалавек

Сьледчы камітэт працягвае расьсьледаваньне крымінальных спраў па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году ў Менску і іншых рэгіёнах краіны, паведамляе СК у Тэлеграме.

Усяго тэрытарыяльныя падразьдзяленьні СК завялі 21 крымінальную справу па па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • арт.293 (масавыя беспарадкі);
  • ч.2 ст.363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываньнем гвалту або пагрозай яго ўжываньня);
  • арт.364 (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
  • ч.1 арт.339 (хуліганства);
  • арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Цяпер па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні дадзеных злачынстваў затрымалі больш за 80 чалавек, паведамляе СК. Большасьць зь іх — маладыя людзі ва ўзросьце 20-25 гадоў. Паводле сьледчага камітэту, частка падазраваных у момант затрыманьня знаходзілася ў стане наркатычнага або алькагольнага ап’яненьня.

Як раней паведамляла МУС, падчас акцыі пратэсту 9 жніўня пацярпелі 39 міілцыянтаў (Мінздароўя казала пра 40 праваахоўнікаў).

20:11 10.8.2020

У цэнтр ідуць людзі з Грушаўкі

20:11 10.8.2020

ДАІ перакрылі рух па вуліцы Чырвонай за плошчай Якуба Коласа ў накірунку вуліцы Машэрава і стэлы.

20:09 10.8.2020

Затрыманьні на скрыжаваньні Машэрава і Пераможцаў

Карэспандэнт Свабоды стаў сьведкам, як шэсьць затрыманых у іншых раёнах горада людзей перагрузілі ў аўтазак на скрыжаваньні праспэктаў Машэрава і Пераможцаў, дзе стаяць узмоцненыя сілы АМАПу, унутраных войск і іншых спэцслужбаў. У іншым месцы — яшчэ 10 чалавек, сьведчаць калегі.

Бліжэй да будынку прафсаюзаў сабраўся натоўп, які скандуе і аплядуе. Сюды таксама прыехаў АМАП. Масавага «хапуну» пакуль ня бачна, але дзясяткі ўжо затрыманыя.

Абапал ракі Сьвіслач каля гатэлю «Беларусь» і насупраць, каля гатэлю «Юбілейны», сабралася некалькі соцень чалавек. Яны выкрыкваюць «ганьба», «жыве Беларусь!» і аплядуюць. Працягваюцца кропкавыя затрыманьні.

Каля гасьцініцы «Юбілейнай» таксама стаіць натоўп, адбываецца супрацьстаяньне.

20:03 10.8.2020

У Серабранцы да цэнтру рухаецца калёна людзей

19:58 10.8.2020

Лукашэнка ня мог перамагчы, а таму вырашыў паралізаваць супраціў шокавай тэрапіяй, — Карбалевіч

Вынікам гэтых выбараў стаў траўмаваны соцыюм. Такія раны атрымоўвае краіны звычайна пасьля грамадзянскай вайны. І з такім траўматычным комплексам беларусам давядзецца жыць бліжэйшымі гадамі, піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Сьцісла:

  • Вялізныя чэргі на выбарчых участках — нябачная справа для Беларусі. Абсалютная большасьць людзей у чэргах — гэта прыхільнікі пераме
  • Прыход людзей на выбарчы ўчастак быў дэманстрацыяй грамадзянскай пазыцыі, своеасаблівым кукішам на адрас уладаў.
  • Палітычнае кіраўніцтва фактычна паказвала, што яго мала цікавіць легітымнасьць выбараў. Стаўка робіцца на голую сілу.
  • Афіцыйныя вынікаў выбараў настолькі неверагодныя ў электаральным кантэксьце, што ў іх не павераць нават прыхільнікі Лукашэнкі.
  • Кіраўнік Беларусі імкнецца агаломшыць людзей настолькі неверагоднай лічбай сваёй перавагі, каб паралізаваць усялякую волю да супраціву.

Чытаць далей

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG