Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
19:56 10.8.2020

Каля «Юбілейнай» сутычкі дэманстрантаў зь міліцыяй

Сутыкненьне дэманстрантаў зь міліцыяй адбылося каля гасьцініцы «Юбілейная» ў Менску. Ёсьць затрыманьня, паведамляюць відавочцы.

19:54 10.8.2020

Затрымалі карэспандэнта расейскага тэлеканалу RT

Затрыманы карэспандэнт RT Канстанцін Прыдыбайла, сёньня ён цэлы шукаў у Менску іншых затрыманых расейскіх журналістаў, паведамляе расейскае выданьне «Медуза» ў Тэлеграме.

Аднак, паведаміла пазьней «Вясна», даволі хутка журналіста адпусьцілі. Затрымалі каля стэлы, адтуль прывезьлі на Бангалор і выпусьцілі.

19:52 10.8.2020

Каля стэлы ў Менску няма людзей, шмат міліцыі

У раёне вакол стэлы на скрыжаваньні пр. Пераможцаў і вуліцы Машэрава шмат АМАПу, аўтазакаў і спэцтэхнікі. Людзей — адзінкі, перадае карэспандэнт Свабоды.

Каля Палацу спорту — невялікія групкі людзей. Пры спробе пляскаць у ладкі АМАП выцісьніў іх адтуль. Затрыманьні каля гатэлю «Юбілейная».

19:52 10.8.2020

Затрымалі аднаго з каардынатараў кампаніі BYCOVID-19

Быў затрыманы адзін з каардынатараў ініцыятывы BYCOVID19 — Андрэй Ткачоў. Прыкладна у 19.10 каля вуліцы Вызваленьня 13 (у двары за гандлёвым цэнтрам «Галерэя»), паведаміў у Тэлеграме Антон Матолька.

19:49 10.8.2020

Затрымалі гукарэжысэра Палаца рэспублікі Аляксея Бусла

За ім пачалі бегчы на вуліцы. Аляксей уцёк у аддзел кадраў. Там яго схапілі і надзелі кайданкі.

19:36 10.8.2020

У Менску каля стэлы на вуліцах і ў дварах зачыстка. Людзей амаль няма. Рух перакрылі. Людзей, якія ідуць па вуліцы, правяраюць, некаторых затрымліваюць.

19:18 10.8.2020

У Магілёве абмежавалі транспартны рух у цэнтры

З плошчы перад ГЦ «Атрыюм», што насупраць гарвыканкаму, экіпіяваныя міліцыянты выцясьняюць людзей, тыя разьбягаюцца. Стаяць аўтазакі і міліцэйскія аўтобусы. Па Першамайскай вуліцы, адной з галоўных артэрый гораду, прапускаюць толькі грамадзкі транспарт. ​Праходы на плошчу Леніна і падзеныя пераходы каля яе закрытыя.

На плошчы сабралася шмат людзей. Яны рэагуюць на дзеяньні міліцыянтаў воплескамі.

19:01 10.8.2020

Аўтазакі і АМАП на пад'ездах да стэлы ў Менску

На падʼездах з усіх кірункаў да стэлы «Менск — горад-герой» стаяць аўтазакі, аўтобусы, мікраўтобусы з байцамі ў поўнай экіпіроўцы. У мінакоў правяраюць дакумэнты. Пляцоўку вакол стэлы абгарадзілі, да яе можна прайсьці толькі праз надгляд.

18:55 10.8.2020

У цэнтры Менску зноў закрылі шэсьць станцый мэтро

Закрылі на ўваход і выхад станцыі мэтро «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Няміга», «Фрунзэнская» і «Маладзёжная», паведамляе Tut.by.

Гэта зроблена «ў мэтах забесьпячэньня бясьпекі пасажыраў». Цягнікі ідуць без прыпынку.

18:42 10.8.2020

Сваякі затрыманых 9 жніўня ля менскага ізалятара на Акрэсьціна. Фатафакт

10 жніўня сваякі і сябры затрыманых падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня прыйшлі да менскага ізалятара часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна, каб даведацца, ці тут іх сваякі і перадаць перадачы.

18:17 10.8.2020

Лекар: людзі працягваюць паступаць з РУУС 10 жніўня, адзін з пацярпелых у рэанімацыі

Адзін зь лекараў бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску ананімна распавёў карэспандэнту Свабоды, што адзін з пацярпелых падчас пратэстаў 9 жніўня ў Менску з траўмай галавы ляжыць у рэанімацыі.

Ёсьць яшчэ людзі ў адзяленьнях і паступаюць сёньня з РУУС. На аднаго наехаў аўтамабіль, як кажа пацярпелы, у другога дасталі ажно 7 куль. У цэлым ва ўсіх пацярпелых стан стабільны.

Пацыентаў было шмат, распавёў лекар.Сартаваньнем і разьмеркаваньнем пацярпелых зацмаліся 14 дактароў.

18:09 10.8.2020

Кіраўнік МЗС Нямеччыны выказаўся за вяртаньне санкцыяў Эўразьвязу адносна Беларусі


Эўразьвяз павінен разгледзець пытаньне аб аднаўленьні санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Пра гэта заявіў сёньня нямецкі міністар замежных спраў Гайка Маас — паведамляе агенцтва DPA.

Паводле яго слоў, праблема аднаўленьня санкцыяў павіннае быць вывучаная «на прадмет актуальнасьці ў сьвятле падзеяў мінулых тыдняў і дзён», дадаўшы, што надзеі на паляпшэньне сытуацыі з законнасьцю ў Беларусі «пацярпелі некалькі сур’ёзных няўдачаў».

18:02 10.8.2020

10 жніўня ў Менску а 18-й зачынілі гандлёвы цэнтар «Галерея» на Нямізе, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

17:42 10.8.2020

Спэцтэхніка, турнікеты, міліцыя ў шлемах у цэнтры Менску

Каля дому афіцэраў зноў сабралася спэцтэхніка зь сілавікамі. На скрыжаваньні каля цырка на ходніках паставілі турнікеты, каля іх стаяць міліцыянты ў шлемах.

Спэцтэхніка і байцы ў шлемах знаходзяцца таксама каля пуцеправода на Маскоўскую вуліцу каля плошчы Незалежнасьці.

17:27 10.8.2020

У Магілёве пачалі судзіць затрыманых пратэстоўцаў. Суды праходзяць у ізалятары часовага ўтрыманьня, таму наведнікам з волі трапіць на іх немагчыма. Заплянаваны разгляд 10 спраў за гадзіну.

Абноўлена. Пазьней у ізалятары паведамілі, што сёньня судзьдзі толькі азнаёміліся з справамі, а судоў не было.

17:05 10.8.2020

Дональд Туск заклікаў Лукашэнку апублікаваць «сапраўдныя вынікі» галасаваньня

Былы старшыня Эўрапейскай рады (2014–2019) і цяперашні кіраўнік Эўрапейскай народнай партыі Дональд Туск заклікаў Аляксандра Лукашэнку апублікаваць «сапраўдныя вынікі» галасаваньня на выбарах прэзыдэнта.

«Я заклікаю прэзыдэнта Лукашэнку апублікаваць сапраўдныя вынікі ўчорашняга галасаваньня, пакласьці канец гвалту, адвесьці сілы спэцыяльнага прызначэньня і неадкладна вызваліць арыштаваных удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту», — напісаў Туск 10 жніўня ў Твітэры.

«Людзі Беларусі, учора вы зрабілі выбар: дэмакратыя, свабода і канец дыктатуры. Мы захапляемся вашай адвагай і рашучасьцю. Усе народы Эўропы і сьвету на вашым баку», — падкрэсьліў кіраўнік Эўрапейскай народнай партыі.

16:50 10.8.2020

На адным з цэхаў Беларускага металюргічнага заводу адбылася спроба забастоўкі. Перамовы з рабочымі вёў гендырэктар

Днём 10 жніўня на адным з цэхаў Беларускага металюргічнага заводу праходзіць забастоўка, бастуюць рабочыя цэху «СПЦ-2». Пра гэта Свабодзе паведаміла адна з супрацоўніц заводу.

У актавай зале Беларускага мэталюргічнага заводу прайшлі перамовы супрацоўнікаў аднаго з цэхаў, якія раней абвясьцілі пра часовую забастоўку, з гендырэктарам прадпрыемства Дзьмітрыем Корчыкам, паведаміла Свабодзе адна з супрацоўніц прадпрыемства. Яна прасіла не называць сваё прозьвішча.

На сустрэчы прысутнічала каля 100 работнікаў, якія запатрабавалі новы падлік галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах.

«Шмат хто з супрацоўнікаў, альбо іх сябры і знаёмыя ўдзельнічалі ў назіраньні і фіксавалі розныя парушэньні заканадаўства на выбарчых участках», – расказала жанчына.

Дзьмітры Корчкык заявіў, што гэта немагчыма, бо прадпрыемства займаецца вытворчасьцю, а ўсе прэтэнзіі варта накіроўваць у райвыканкам, які арганізоўваў выбары ў Жлобіне. Па словах прысутнай, у выніку работнікі дамовіліся прыцягнуць юрыста і зь яго дапамогай падаць заяву ў райвыканкам, дзе пералічыць усе парушэньні з фота і відэафіксацыяй на ўчастках у Жлобіне.

Пасьля заканчэньня сустрэчы работнікі вярнуліся да працы.

16:16 10.8.2020

Эўрадэпутат: Лукашэнка прайграў Ціханоўскай, і ЭЗ павінен патрабаваць перападліку галасоў

Эўрадэпутат ад Літвы Андрус Кубілюс, старшыня Парлямэнцкай асамблеі Эўранэст, заявіў 10 жніўня, што пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі для яго «ясны»: «большасьць Беларусі прагаласавала супраць спадара Лукашэнкі і за спадарыню Ціханоўскую».

Гэты агульны вынік, паводле Кубілюса, пацьвярджаецца «афіцыйнымі вынікамі, абвешчанымі некалькімі выбарчымі камісіямі, якія вырашылі падлічыць галасы справядлівым і празрыстым спосабам».

«Фальсыфікаваныя лічбы, абвешчаныя лукашэнкаўскімі ўладамі, не адлюстроўваюць дэмакратычнай волі народу Беларусі. Выбарчы працэс, якім кіраваў рэжым Лукашэнкі, не адпавядаў мінімальным міжнародным стандартам», — адзначыў Кубілюс.

Паводле эўрадэпутата, Эўразьвяз павінен патрабаваць празрыстага перападліку галасоў або новых свабодных і сумленных выбары ды вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

16:02 10.8.2020

МЗС Чэхіі адказала на абвінавачваньне Лукашэнкі

У МЗС Чэхіі, камэнтуючы абвінавачваньні Аляксандра Лукашэнкі ў арганізацыі пратэстаў, заявілі, што паважаюць як сувэрэнітэт Беларусі, так і права грамадзян краіны на сходы і палітычную канкурэнцыю.

«Чэхія паважае сувэрэнітэт Беларусі, аднак мы заўсёды будзем падтрымліваць свабоду слова і сходаў і дэмакратычную палітычную канкурэнцыю», — сказала «Інтэрфаксу» прэс-сакратарка МЗС Чэхіі Зузана Шціхава.

Лукашэнка раней у панядзелак заявіў, што беспарадкамі ў Беларусі спрабуюць кіраваць з-за мяжы, да іх датычныя людзі з Расеі, Украіны, Польшчы, Чэхіі.

«Па адной размове мы бачым лялькаводаў. Адна зь ліній гэтых лялькаводаў — Чэхія. Сёньня ўжо з Чэхіі кіруюць нашым аб’яднаным штабам, дзе, прабачце мяне, сядзяць гэтыя авечкі, нічога не разумеючы, што ад іх хочуць», — сказаў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.

15:33 10.8.2020

Праваабаронца: у Менску былі ўведзеныя захады, аналягічныя ваеннаму становішчу

Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» заявіў на прэс-канфэрэнцыі 10 жніўня, што да затрыманьняў вечара 9 жніўня і ночы 10-га «беларускія ўлады рыхтаваліся загадзя».

«Па сутнасьці, у Менску перад выбарамі былі ўведзеныя захады, аналягічныя ваеннаму становішчу, — казаў Стэфановіч. — У горад былі ўведзеныя ўнутраныя войскі, міліцыя, зладжанае блякаваньне гораду. Візыты Аляксандра Лукашэнкі ў вайсковыя часьці, папярэджаньні аб тым, што войска можа быць выкарыстанае для аднаўленьня парадку – усё гэта сьведчыць аб тым, што ўлады чакалі, што вынікі выбараў выклічуць усплёск незадавальненьня».

Праваабаронцы адзначылі на прэс-канфэрэнцыі, што дэманстрацыі адбыліся ва ўсіх абласных цэнтрах і некаторых буйны раённых.

У Менску дэманстрацыі скончыліся «абсалютна непрапарцыйным і жорсткім гвалтам, з ужываньнем спэцсродкаў, у тым ліку тых, якія ніколі не ўжываліся: гумовыя кулі, вадамёты, сьветлашумавыя гранаты». У выніку гэтых падзей вялікая колькасьць людзей пацярпела. Пацярпелыя знаходзяцца ў прынамсі трох шпіталях, у тым ліку ў ваенным шпіталі.

«Усю адказнасьць за тое, што ўчора адбылося, мы ўскладаем непасрэдна на ўлады Беларусі, — заявіў Стэфановіч. — Таму што ўлады павінны садзейнічаць правядзеньню мірных сходаў. Людзі выйшлі таму, што былі нязгодныя з вынікамі выбараў, якія не адпавядалі нават мінімальным стандартам».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG